Добрыя намеры ўрада без актыўнасці чыноўнікаў могуць так і застацца на паперы?

Источник материала:  

У Беларусі зацверджана стратэгія прыцягнення прамых замежных інвестыцый на перыяд да 2015 года. Пастанову аб гэтым прыняў Савет Міністраў на мінулым тыдні.

Стратэгія накіравана на стымуляванне прытоку прамых замежных інвестыцый у адпаведнасці з запатрабаваннямі структурнай перабудовы эканомікі і інавацыйным развіццём краіны, пашырэнне маштабаў і павышэнне якасці іх выкарыстання на базе пастаяннага паляпшэння інвестыцыйнага клімату, рэфармавання дзяржаўнай маёмасці і развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі. Але колькі разоў ужо казалі аб тым, што гэты самы "інвестыцыйны клімат" трэба паляпшаць, а чагосьці значнага не адбылося. Як дабіцца рэалізацыі мэт стратэгіі на практыцы?

"Звязда" звярнулася па каментар аб новым дакуменце да дэкана эканамічнага факультэта БДУ прафесара Міхаіла КАВАЛЁВА:

— Намеры добрыя. Стратэгія добра прапісана. Але, ведаеце, калісьці кітайскі філосаф Канфуцый сказаў: "Калі я прыязджаю ў краіну, я не цікаўлюся, добрыя там законы ці дрэнныя. Я цікаўлюся, ці выконваюцца яны". Таму нават добрыя намеры ўрада пры ўмове, што чыноўнікі, якія адказваюць за прыцягненне інвестыцый, не выявяць адпаведнай актыўнасці, могуць так і застацца толькі на паперы, як гэта было з многімі папярэднімі канцэпцыямі, стратэгіямі і гэтак далей... Але яшчэ раз падкрэслю, што дакумент вельмі якасны, дакладна прапісаны прыярытэтныя кірункі, у якія неабходна прыцягваць інвестыцыі. Бо інвестыцыі ў "макдональдсы" прыйдуць самі, а нам важна ўкласці грошы ў апрацоўчую прамысловасць, навукаёмістыя сектары. 

Нам патрэбны канкрэтныя дакументы, канкрэтныя стымулы. Лічба, пра якую гаворыцца ў стратэгіі (што пятая частка ўсіх інвестыцый павінна быць прамымі замежнымі) — вельмі вялікая. Сярэднесусветны паказчык — толькі 10%. А 20% магчымыя толькі ў перыяд інтэнсіўнай прыватызацыі. Відаць, урад мяркуе больш інтэнсіўна ажыццяўляць прыватызацыю. Важна таксама і тое, што стратэгія закранае супрацоўніцтва дзяржавы і бізнэсу — дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Аднак зноў падкрэслю, што пакуль размова не ідзе пра канкрэтныя механізмы. А для стымулявання чыноўнікаў можна выкарыстаць вопыт Кітая. Там было так: не прыцягнеш пэўную суму інвестыцый — пакладзеш партбілет.

Дарэчы, урад таксама лічыць, што выкананне стратэгіі забяспечыць уваходжанне Беларусі ў лік 30 дзяржаў з найлепшым кліматам у галіне вядзення бізнэсу па рэйтынгу Сусветнага банка "Вядзенне бізнэсу", а таксама павышэнне пазіцый у справаздачах міжнародных рэйтынгавых агенцтваў.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←Министры иностранных дел стран ЕС расширили критерии включения белорусских чиновников в список лиц, подпадающих под санкции

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика