Выпрацаваць дакладныя падыходы да рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці

Источник материала:  

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь запатрабаваў на працягу лютага гэтага года выпрацаваць дакладныя падыходы да рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці пры ажыццяўленні закупак за кошт уласных сродкаў кіруемых дзяржавай прадпрыемстваў і арганізацый. Такую задачу ён паставіў 12 студзеня на нарадзе па разглядзе гэтага пытання.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта праблема набалелая і патрабуе сістэмнасці і паслядоўнасці. "Дзяржава і эканоміка нясуць страты з-за таго, што ўтварыўся цэлы паразітычны слой, які жыруе на спекуляцыях", — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, выяўляюцца выпадкі, калі і беларускі тавар закупляюць праз пасрэднікаў. "Навошта? Няўжо непасрэдна ў Беларусі немагчыма купіць прадпрыемству ў іншага прадпрыемства тавар без пасрэднікаў? Можна", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта праблема стала крымінальнай. Найперш таму, што пасрэднікі — гэта ў асноўным сваякі, дзеці, блізкія, сябры асобных кіраўнікоў, якія закупляюць такі тавар, беларускі гэта ці імпартны", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што "такіх выпадкаў у нас безліч".

"Гавораць, што гэта натуральна для рыначнай эканомікі. Можа, і натуральна, але я не хачу, каб мы палавіну адпаведных людзей перасаджалі ў турму", — сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што менавіта таму папрасіў выпрацаваць адпаведныя падыходы да рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці пры правядзенні закупак за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацы   Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што неаднаразова даручаў Камітэту дзяржаўнага кантролю сумесна з праваахоўнымі органамі спыняць такое пасрэдніцтва пры рэалізацыі тавараў, вырабленых унутры краіны, а таксама абмежаваць закупкі праз пасрэднікаў.

Камітэт Дзяржкантролю ўнёс на разгляд кіраўніка дзяржавы праект указа, якім устанаўліваецца забарона на выкарыстанне так званых пасрэдніцкіх схем пры закупках тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў дзяржаўных арганізацый, а таксама акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы (або камунальнай уласнасці) больш як 50 працэнтаў. Такія закупкі павінны ажыццяўляцца толькі ў вытворцаў тавараў або ў іх афіцыйных прадстаўнікоў. Прапануецца ўзмацніць адказнасць за невыкананне ўстаноўленага парадку. "Меры, вядома, жорсткія. Аднак пры азнаямленні з гэтым праектам узнікае шэраг пытанняў. Прыняцце гэтага дакумента не павінна паралізаваць эканоміку, але ён павінен быць дастатковым і ўсёабдымным", — падкрэсліў у сувязі з гэтым Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што ўказ складаецца з адсылачных норм. "Мы ж дамовіліся, што ўказ павінен быць адназначным, каб па ім можна было працаваць. Чаму гэта не зроблена?" — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон, мэта распрацаванага дакумента — максімальна выключыць удзел пасрэдніцкіх структур у працэдурах закупак, што ажыццяўляюцца за кошт уласных сродкаў юрыдычных асоб. Пры гэтым разглядаліся розныя варыянты таго, на якія суб'екты гаспадарання ўказ павінен распаўсюджвацца.

"Тут трэба знайсці залатую сярэдзіну", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

На яго думку, таксама няма сэнсу спрабаваць рэгуляваць у гэтым пытанні работу прыватных прадпрыемстваў. "Няхай прыватнік купляе ў каго хоча. Гэта яго грошы. Чаго нам у прыватнае прадпрыемства лезці? Прыватнік ніколі свае грошы проста так не аддасць", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У ходзе дыскусіі прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч засяродзіў увагу ўдзельнікаў нарады на іншым баку гэтай праблемы — неабходнасці ўдасканалення закупак тавараў па імпарце. "На наш погляд, і нашы погляды тут супадаюць з КДК, усё ж такі чыстыя імпарцёры ў большай ступені паразітуюць у якасці пасрэднікаў, закупляючы імпарт і ўвозячы яго ў краіну", — сказаў ён.

Так, у адпаведнасці са звесткамі статыстыкі за студзень—кастрычнік 2011 года, па асноўных міністэрствах і канцэрнах імпартавана тавараў на $18,4 млрд і дадаткова на ўнутраным рынку, ужо ў рэзідэнтаў Беларусі, закуплена імпартных тавараў яшчэ на $6,1 млрд. Такім чынам, існуюць значныя рэзервы для аптымізацыі закупак.

Міхаіл Мясніковіч унёс шэраг прапаноў па ўдасканаленні работы ў сферы рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці. Па-першае, узяць за аснову існуючы механізм дзяржзакупак і дапрацаваць яго, распаўсюдзіўшы і на закупкі за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў. "Гэты парадак добра знаёмы суб'ектам гаспадарання, і ёсць вопыт", — адзначыў прэм'ер-міністр.

Персанальная адказнасць за эфектыўнасць закупак, на яго думку, павінна быць ускладзена на міністраў, а па прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці — на губернатараў.

"Я не буду ўмешвацца ў гэта пытанне. Урад прыме сваё рашэнне з улікам таго, што напрацавана. Але і адпаведная адказнасць будзе жалезная ўрада і міністраў, калі мы будзем у гэтым працэсе бачыць парушэнні, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Прыміце рашэнне. Яно павінна ўдасканаліць або ўзняць на больш высокі ўзровень тую практыку, якая сёння існуе".

Па пытанні заканадаўчай працэдуры ўстанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні пры правядзенні арганізацыямі закупак за кошт уласных сродкаў кіраўнік дзяржавы сказаў: "Гэта пытанне ў плане адказнасці мы вырашым. Ніякая гэта не працяглая працэдура. Галоўнае тут не столькі карная мера, колькі аптымальна ўстанавіць правілы паводзін".

Звяртаючыся да Аляксандра Якабсона, Прэзідэнт адзначыў: "Трэба вам з праваахоўнымі органамі ўзмацніць нагляд за гэтай сітуацыяй. Мяне найбольш хвалюе спекуляцыйны складальнік. Спекулянтамі тут і правапарушальнікамі вельмі часта выступаюць сваякі, дзеці, сябры адпаведных кіраўнікоў. Гэта трэба рашуча спыніць".

"Давайце дамовімся, што на працягу лютага мы выйдзем на вырашэнне гэтага пытання", — падвёў вынік Аляксандр Лукашэнка.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←ЕС планирует включить в список невъездных еще 135 белорусских чиновников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика