Хакей у Беларусі — больш, чым хакей
Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заваяваў аўтарытэт і заняў прэстыжнае месца ў календары спартыўных мерапрыемстваў многіх краін. Гэты факт, адкрываючы восьмы па ліку турнір, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
"Па добрай традыцыі ён адкрывае новы спартыўны год і з'яўляецца своеасаблівай візітнай карткай Беларусі. Турнір ужо заваяваў аўтарытэт і заняў прэстыжнае месца ў календары спартыўных грамадскіх мерапрыемстваў многіх краін. Ён па праву лічыцца неафіцыйным чэмпіянатам свету сярод аматараў і стаў выдатным святам для балельшчыкаў, — сказаў Прэзідэнт. — Гарачыя бескампрамісныя баталіі на мінскім ільдзе пацвярджаюць гэты ганаровы статус спаборніцтваў".
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць камандам замежных дзяржаў за тое, што яны чарговы раз прынялі запрашэнне і прыехалі ў беларускую сталіцу. "Зборныя 12 краін у розны час удзельнічалі ў розыгрышы кубка. У гэтым годзе мы сустракаем дэбютанта — зборную Славеніі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да балельшчыкаў, Прэзідэнт адзначыў, што ў дні турніру яны змогуць убачыць майстэрства прызёраў алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету, такіх як Валерый Каменскі, Іржы Бубла, Марка Пала.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што Калядны турнір дае магчымасць кожнаму жадаючаму спартсмену падоўжыць сваё жыццё ў спорце, займаючыся тым, што ён умее лепш за ўсё.
"Упэўнены, што кожны паядынак каманд будзе цікавым і напоўненым запалам спартыўнай барацьбы. Няхай у гэтай барацьбе перамогу атрымае толькі мацнейшы", — дадаў кіраўнік дзяржавы, аб'явіўшы турнір адкрытым.
Затым Аляксандр Лукашэнка змяніў афіцыйны касцюм на хакейную форму, каб у складзе каманды Прэзідэнта выйсці на лёд у матчы супраць каманды Аўстрыі.
За галоўны прыз турніру будуць спаборнічаць каманды аматараў хакея з Аўстрыі, Канады, Расіі, Славеніі, Чэхіі, Фінляндыі, Швецыі і Беларусі.
З 2006 года турнір праходзіць пад патранатам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Прэзідэнцкі спартыўны клуб". У ліку арганізатараў спаборніцтваў Міністэрства спорту і турызму Беларусі, асацыяцыя "Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь", Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.