Назначаны кіруючы склад Следчага камітэта Беларусі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада разгледзеў кадравыя пытанні, назначыўшы кіруючы склад Следчага камітэта Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Буйноўскага Сяргея Аляксандравіча — намеснікам старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,
Гайдучонка Валерыя Аляксандравіча — намеснікам старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,
Шаева Валянціна Пятровіча — намеснікам старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,
Рахманава Аляксандра Аляксандравіча — начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці,
Шалухіна Уладзіміра Васільевіча — начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці,
Лявонку Іосіфа Эдвардавіча — начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці,
Сіняка Ягора Сцяпанавіча — начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці,
Волкава Аляксея Аляксандравіча — начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па горадзе Мінску.
Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што чакае ад Следчага камітэта незалежнай работы і сумленнага падыходу да разгляду кожнай справы. "Хачу, каб вы разумелі: мы ўзяліся за вельмі сур'ёзную справу. Нам патрэбны незалежны, падпарадкаваны толькі закону Следчы камітэт, — заявіў Прэзідэнт. — Праблемы ў нашай краіне былі, ёсць і будуць, і ўсе праблемы, цяжкія моманты насельніцтва можа "пераварыць", перажыць і дараваць, калі мы недзе памыліліся. Але ніколі чалавек не даруе парушэння яго правоў і калі мы, не дай бог, зламаем лёс чалавека. У чалавека назаўсёды ў сэрцы або ў жыцці застануцца несправядлівыя з боку дзяржавы (у гэтым выпадку дзяржава — гэта вы, следчыя), несправядлівыя адносіны ў плане расследавання тых або іншых правапарушэнняў і, як вынік, несправядлівы судовы прыгавор. Вось гэта ў чалавека застанецца назаўсёды".
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым падкрэсліў: "Трэба максімальна пазбегнуць такіх выпадкаў. А лепш, каб іх не было наогул. Калі вы будзеце бачыць, што не хапае нейкіх фактаў для таго, каб сказаць, што так, ты злачынец і ты павінен ісці ў суд, лепш адысці ад абвінавачання. Ні ў якім выпадку нельга "нацягваць", як гэта бывае (менш у нас, больш у іншых краінах), і вызначаць, што мы праблему вырашылі, злачынца знайшлі. Дзеля птушачкі нічога рабіць не трэба", — папярэдзіў Прэзідэнт.
"У вашых руках лёсы людзей. Што там граху таіць, часта і людзей, якія вызначаюць твар нашай дзяржавы: у сферы вытворчасці, бізнэсу, дзяржаўнай службы і гэтак далей", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў аб тым, што не павінна быць праяўлення якіх-небудзь фактаў уплыву пазаслужбовых адносін: "Ніякіх тут узаемаадносін: я сябар, ты сябар, давай вырашым пытанне, — так быць не павінна".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтым, перш за ўсё, тлумачыцца назначэнне на пасаду кіраўніка Следчага камітэта Валерыя Вакульчыка. "Многія, можа, падумалі аб тым, што вопыту няма і іншае, але для мяне важны тут сумленны, крыштальна сумленны чалавек. Я не магу прад'явіць яму прэтэнзій па службе, не магу! Чалавек, які прыйшоў ад зямлі, зведаў, што такое жыццё, ён заўсёды дзейнічаў сумленна і прыстойна", — сказаў Прэзідэнт.
"Я вас пераканаўча прашу: не крыўдзіце людзей! Але злодзей павінен сядзець у турме. Злачынец, правапарушальнік абавязаны панесці адказнасць па ўсёй строгасці закону. Калі гэтага не будзе — чакайце павелічэння злачынстваў. Пакаранне павінна быць непазбежным, але сумленным і справядлівым", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт чакае ад Следчага камітэта непалітызаванасці. "У вашай рабоце не павінна быць ніякай палітыкі. Настольная кніга для вас — закон. Каб займацца палітыкай, для гэтага ёсць дзяржаўныя служачыя і палітычныя структуры. Ваша справа — закон і адказнасць па закону, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нельга палітызаваць працэсы там, дзе іх нельга і не трэба палітызаваць. Гэта вы павінны помніць".
"Але я вельмі спадзяюся, што ўсе вы любіце нашу краіну, Беларусь. І вы павінны помніць, што незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны — святое. І вы яе павінны абараняць, у тым ліку як людзі ваенныя. Таму маё рашэнне было адназначнае — Следчы камітэт павінен быць ваенізаванай структурай, і там павінны працаваць людзі ў пагонах. Я вам абяцаю, што я зраблю ўсё для таго, каб вы змаглі вырашыць гэтыя праблемы. Усё будзе залежаць толькі ад вас", — сказаў Прэзідэнт.
"Мы нічога не пашкадуем для таго, каб вы маглі выконваць свае функцыянальныя абавязкі на самым высокім узроўні, каб вашы калегі з суседніх і іншых краін, прыязджаючы да вас, вывучаючы ваш вопыт, заўсёды захапляліся тым, што мы, ідучы гэтым шляхам, стварылі самую сумленную і справядлівую структуру ва ўсім свеце. Мы гэта можам зрабіць. І не толькі таму, што я на гэтым настойваю. Таму што ў нас ёсць сур'ёзная аснова для гэтага — менталітэт нашага народа", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.