Міхаіл Мясніковіч: "Тэатр Якуба Коласа стаў неад'емнай часткай прасторы сапраўднай беларускай культуры"
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначыў 22 лістапада 85-гадовы юбілей. Святочны адрас у гонар гэтай знамянальнай даты, падпісаны прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, на ўрачыстым вечары ў Віцебску зачытаў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, перадае БЕЛТА.
"Гісторыя станаўлення і творчых дасягненняў вашага вядомага тэатральнага калектыву заслугоўвае вялікай павагі і шчырых слоў удзячнасці. Лепшыя старонкі дзейнасці тэатра заўсёды былі звязаны з нацыянальнай драматургіяй, сцвярджэннем высокіх маральных і эстэтычных ідэалаў у мастацтве. Менавіта на яго тэатральных падмостках упершыню ўбачылі святло рампы вядомыя п'есы беларускіх пісьменнікаў і драматургаў — Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы", — адзначаецца ў пасланні.
Разам з жанравай разнастайнасцю рэпертуару сваім акцёрскім майстэрствам вылучаецца і трупа тэатра, артысты якой стварылі цэлую галерэю яркіх запамінальных вобразаў. У розны час тут працавала цэлая плеяда знакамітых акцёраў — В. Вольскі, П. Малчанаў, С. Станюта і іншыя. За час свайго існавання тэатр стаў неад'емнай часткай прасторы сапраўднай беларускай культуры, падкрэсліў у віншаванні Міхаіл Мясніковіч. Прэм'ер-міністр пажадаў далейшых творчых дасягненняў і поспехаў коласаўскаму тэатру.
У ходзе святочнага мерапрыемства служыцелям і работнікам тэатра былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства культуры, Віцебскага аблвыканкама і гарвыканкама. Граматай Нацыянальнага сходу Беларусі адзначаны адзін з вядучых акцёраў коласаўскай трупы Пётр Ламан.
Пастаноўкі тэатра імя Якуба Коласа карыстаюцца нязменным поспехам у віцябчан, таксама гасцей горада. Пры гэтым віцебскі тэатр добра вядомы і за мяжой. Так, творчая група спектакля "Шагал... Шагал..." не аднойчы выязджала на міжнародныя тэатральныя фестывалі ў Англію, Шатландыю, Італію, Польшчу, Малдову. Заслужаным поспехам карыстаецца тэатр на гастролях у Расіі і Украіне. За час свайго існавання тэатр стаў аўтарытэтнай лабараторыяй нацыянальнай драматургіі. З калектывам плённа супрацоўнічалі К. Крапіва, А. Якімовіч і іншыя. Яркі след у творчай біяграфіі тэатра пакінула супрацоўніцтва з У. Караткевічам і А. Дударавым.