Аляксандр Лукашэнка:"Мы ідзём на стварэнне АЭП, таму што гэта выгадна ўсім"
Прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана па выніках трохбаковай сустрэчы ў Маскве падпісалі Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, у якой бакі заявілі аб пераходзе да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва — Адзінай эканамічнай прасторы, перадае БЕЛТА.
У дакуменце адзначаецца, што далейшае развіццё інтэграцыі трох краін адпавядае іх нацыянальным інтарэсам, садзейнічае вырашэнню агульных задач па павышэнні дабрабыту і якасці жыцця грамадзян, устойліваму сацыяльнаму эканамічнаму развіццю, усебаковай мадэрнізацыі і ўзмацненню нацыянальнай канкурэнтаздольнасці ў рамках глабальнай эканомікі.
З мэтай забеспячэння функцыянавання і развіцця Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы бакі заснавалі Еўразійскую эканамічную камісію, дзейнасць якой будзе ажыццяўляцца ў інтарэсах усёй інтэграцыйнай супольнасці і мець высокапрафесійны характар. Адпаведны дагавор аб Еўразійскай эканамічнай камісіі падпісалі прэзідэнты трох краін.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў бліжэйшы час унясе на ратыфікацыю ў парламент падпісаныя ў Маскве дакументы па Адзінай эканамічнай прасторы.
"Сёння або заўтра мы накіруем усе дакументы для прыняцця нашым парламентам. Як і раней, мы ў самы бліжэйшы час ратыфікуем гэтыя дакументы, і яны набудуць сілу закона ў Беларусі", — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сваю чаргу, паводле слоў Прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, краіны ўзялі на сябе абавязацельствы да канца года пастарацца выканаць усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры для ўступлення падпісаных дакументаў у сілу. Ён таксама ў прысутнасці журналістаў падпісаў пісьмо старшыні Дзярждумы Расіі з прапановай аб ратыфікацыі дагавора аб Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за настойлівасць у пытаннях інтэграцыі. Паводле яго слоў, пазіцыя кіраўніка беларускай дзяржавы аказала вялікі ўплыў на ход і вынікі праведзеных у Маскве перагавораў прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Казахстана.
Дзмітрый Мядзведзеў сказаў, што ідэя падпісаць дакументы аб паглыбленні еўразійскай інтэграцыі на спецыяльнай сустрэчы належыць менавіта Прэзідэнту Беларусі. Акрамя таго, беларускі лідар прапанаваў правесці гэту сустрэчу раней, а не як першапачаткова планавалася ў снежні, каб паскорыць пачатак работы па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.
Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што сустрэча трох прэзідэнтаў мае гістарычны характар, яна будзе вызначаць будучыню трох краін. "Гэта важнейшая падзея, да якой мы так доўга ішлі", — сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.
Са стварэннем АЭП кануць у небыццё малочныя, цукровыя і іншыя гандлёвыя войны. Такое меркаванне выказаў журналістам у Маскве Прэзідэнт Беларусі.
Гаворачы аб выгадзе ад інтэграцыі ў фармаце Адзінай эканамічнай прасторы для звычайных грамадзян, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Ніхто не спрачаецца, што сённяшняе ўтварэнне — гэта павелічэнне тавараабароту. Мы гэта дэманструем на практыцы. Але павелічэнне тавараабароту значыць павелічэнне выпуску прадукцыі. А калі выпускаюцца вялікія аб'ёмы прадукцыі, значыць, людзі атрымліваюць больш заработнай платы".
"Але самае галоўнае, што кануць у небыццё нейкія нашы канфлікты, непаразуменні, малочныя, цукровыя і іншыя войны. Мы дэкларавалі, і практычна ў гэтых умовах працуем, свабоду перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў, людзей. Гэта што, не для людзей? Вядома, для людзей — гэтым усё сказана", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"За час пасля распаду Савецкага Саюза на нашай прасторы ідэй было больш чым дастаткова. Але ўсе заўсёды гаварылі, што пакуль Расія ад заяў і дэкларацый не зробіць практычных захадаў у напрамку інтэграцыі, нічога не будзе", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліваючы важную ролю Расіі ў стварэнні АЭП.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што адносіны трох краін цяпер сталі зусім іншымі, і іх можна нават назваць міжбюджэтнымі, улічваючы вялікія грашовыя сродкі ад мытных пошлін, што спаганяюцца на знешняй граніцы, якія дзеляцца паміж удзельнікамі саюза.
"Гэта ўжо вялікая справа, таму што тут завязана эканоміка нашых дзяржаў, а гэта, напэўна, ужо трыльёны долараў", — адзначыў беларускі лідар.
Гаворачы аб падпісанай Дэкларацыі аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта дакумент, арыентаваны на сярэднетэрміновае і нават доўгатэрміновае супрацоўніцтва. "Мы там дакладна прапісалі, як мы будзем рухацца і ў якім напрамку, да чаго будзем імкнуцца. Там усё сцісла, прапісана і па валюце, і па эканамічным супрацоўніцтве", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, ва ўсіх трох краінах да гэтага часу ёсць людзі, якія заўзята настроены супраць інтэграцыі ў рамках АЭП. "Да гэтага часу робяцца спробы па зрыве гэтага працэсу. Зразумела, хто стаіць за гэтымі людзьмі, але мы праз гэта ўсё пераступілі і дакладна заявілі, што мы не страчваем ніякага суверэнітэту, ніхто нікога нікуды не гоніць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Думаю, што Расія дарэмна вельмі ўжо апраўдваецца перад усімі, што яна кагосьці тут напружвае. Мы ідзём на гэта таму, што гэта выгадна ўсім тром дзяржавам".
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся са сваім расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым у тым, што Мытны саюз і АЭП з'яўляецца прывабным праектам і таму, што ў яго ўжо ёсць ахвотныя ўступіць сярод іншых краін. "Але мы сёння дамовіліся, што для гэтых ахвотных будзе выпрацавана пэўная "дарожная карта". Скочыце праз гэту планку — прыходзьце, будзем супрацоўнічаць, але проста так не будзе. Гэта эканоміка, гэта вялікія грошы, а не проста галаслоўныя заявы", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, да 2015 года бакі маюць намер кадыфікаваць міжнародныя дагаворы, якія складаюць нарматыўна-прававую базу Мытнага саюза і АЭП, і падысці на гэтай аснове да стварэння Еўразійскага саюза. "Мы прыйдзем да таго, як будзе ў перспектыве называцца наша эканамічнае супольніцтва. Думаю, што гэта будзе Еўразійскі саюз. І нам гэтага баяцца не трэба, таму што мы і так адстаём — вакол нас ужо адны саюзы, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — ЕС не называе сябе Еўрапейскім эканамічным саюзам і ні перад кім не апраўдваецца. Яны перад намі не апраўдваюцца за тое, што ў іх ёсць магутны не толькі палітычны, але і ваенны інструмент, на які яны абапіраюцца. Мы чамусьці яшчэ глядзім, на кагосьці азіраемся і баімся сказаць, што мы імкнёмся да самага цеснага супрацоўніцтва. Але мы гэта абмяркоўваем. І гэта павінны ведаць усе тыя, хто яшчэ сёння думае, што мы пагаворым, разыдземся, і ўсё застанецца як было".
Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць у тым, што, ствараючы новы эканамічны і палітычны цэнтр сілы на еўразійскай прасторы, Беларусь, Казахстан і Расія рухаюцца ў правільным напрамку. "Таму што поспех АЭП важны не толькі для нашых дзяржаў, але і для нашых бліжэйшых суседзяў. Ён стане значным фактарам для ўсіх буйнейшых міжнародных цэнтраў", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Што датычыцца Беларусі, то для нас глыбокая, плённая інтэграцыя з найбольш блізкімі суседзямі была, ёсць і будзе натуральным шляхам развіцця", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб падпісаным дагаворы аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі, Прэзідэнт адзначыў, што яна будзе галоўным рэгулюючым наднацыянальным органам у Мытным саюзе і АЭП. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не аднойчы вяліся спрэчкі аб магчымасці стварэння наднацыянальных органаў у розных інтэграцыйных фарміраваннях на постсавецкай прасторы. "Але мы зрабілі гэты крок. Мы, напэўна, упершыню ў гісторыі стварылі нармальны дзейсны наднацыянальны орган, і яму перададзены пэўныя паўнамоцтвы. Гэта таксама трэба гаварыць прама і адкрыта. Мы гэтага не баімся. Гэта вельмі важна для нас", — заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, дагавор аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі прадугледжвае канкрэтныя механізмы забеспячэння інтарэсаў кожнай краіны. "Тут няма ніякага ўшчамлення. Любое пытанне можа быць выведзена на ўзровень кіраўнікоў дзяржаў, і там толькі кансэнсусам мы можам прыняць тое або іншае рашэнне. Таму тут баяцца няма чаго", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
"Самае галоўнае, мы вырашаем тыя праблемы, якія доўга стаялі перад нашымі дзяржавамі. Дзесьці мы рабілі ўступкі, дзесьці мы атрымлівалі выгаду, але мы вельмі збалансавана падышлі да падпісання гэтых дакументаў", — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Разважаючы на тэму таго, ці не ўзнікнуць у АЭП і ў перспектыве ў Еўразійскім эканамічным саюзе тыя праблемы, якія цяпер існуюць у Еўрасаюзе, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэтага не адбудзецца, таму што эканомікі трох краін узаемадапаўняльныя.
"У Казахстане ёсць усё тое, што ёсць у Расійскай Федэрацыі: і прыродны газ, і нафта, вельмі шмат новых, мадэрнізаваных прадпрыемстваў", — сказаў беларускі лідар. "Калі маецца на ўвазе Беларусь, то не хвалюйцеся, Беларусь, на наша шчасце, мае вельмі складаную эканоміку. Але яна не перасякаецца не тое што з казахстанскай, нават з расійскай. Тое, што мы ствараем у Беларусі, з задавальненнем купляецца ў Расіі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца Казахстана, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Беларусь прымае ўдзел у рэалізацыі 30 праграм у гэтай краіне.
"Таму, калі мы будзем разумна, на раўнапраўнай аснове, як гэта сёння ў нас прынята, супрацоўнічаць, паверце, мы толькі будзем збліжацца. Нас эканомікі да гэтага будуць штурхаць. І ніхто ні ў кога не будзе нахлебнікам. Могуць і Расія, і Казахстан, і Беларусь зарабіць сродкі, тое, што неабходна для таго, каб народы нармальна жылі", — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.
Тавараабарот Беларусі і Расіі ў 2011 годзе дасягне $35 млрд.
"У гэтым годзе мы атрымаем тавараабарот з Расійскай Федэрацыяй амаль $35 млрд. Вельмі вялікая лічба, асабліва для дзесяцімільённай краіны", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"У нас са Злучанымі Штатамі меншы тавараабарот", — заўважыў Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.
У прыватнасці, у Расію Беларусь актыўна пастаўляе прадукты харчавання. "Мы праз чатыры гады будзем прадаваць прадукты харчавання на знешнія рынкі на $7 млрд. У пераважнай большасці гэта Расія. У гэтым годзе прададзім прадуктаў харчавання на $4 млрд", — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка закрануў і іншыя сферы гандлю з Расіяй, у прыватнасці пастаўкі з Беларусі высокаактанавых бензінаў. "Нядаўна мы з расійскім кіраўніцтвам дамовіліся, што мы ўжо ў гэтым годзе вам паставім да 40 тыс. тон высокаактанавых бензінаў, якіх не хапае сёння ў Расіі. Таму што мы паспелі мадэрнізаваць свае нафтаперапрацоўчыя заводы", — паведаміў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Паводле яго слоў, Беларусь можа перапрацоўваць да 30 млн тон нафты замест 21 млн тон (цяпер) і пастаўляць выпрацаваныя высакаякасныя нафтапрадукты ў тым ліку на расійскі рынак.
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі больш рушыла наперад у плане інтэграцыі, чым Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора, заявіў Прэзідэнт.
У прыватнасці, журналісты пацікавіліся, ці захаваецца практычны сэнс існавання Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі пры развіцці далейшай інтэграцыі ў фармаце АЭП. "Праект Саюзнай дзяржавы, можа, і растворыцца, калі мы будзем, па-першае, стаяць на месцы, працуючы ў Саюзнай дзяржаве. А праект Адзінай эканамічнай прасторы будзе вельмі хутка рухацца наперад. Тады, магчыма, АЭП дагоніць па сваёй ступені інтэграцыі Саюзную дзяржаву. І тады мы будзем мець права паставіць пытанне: ці патрэбна нам паралельная Саюзная дзяржава", — адзначыў беларускі лідар.
Аднак сёння, паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, сітуацыя такая, што Саюзная дзяржава пры ўсіх недахопах — гэта вельмі развітая ступень інтэграцыі. "Дастаткова сказаць, што, калі мы фарміравалі нарматыўна-прававую базу Мытнага саюза, а потым Адзінай эканамічнай прасторы, мы, мякка кажучы, штосьці ўзялі з вопыту работы ў Саюзнай дзяржаве", — адзначыў Прэзідэнт.
"Адзіная эканамічная прастора, якую мы фарміруем, і Мытны саюз яшчэ далёкія да той ступені інтэграцыі, як праект Саюзнай дзяржавы", — лічыць Аляксандр Лукашэнка. У пацвярджэнне беларускі лідар прывёў вялікую колькасць сфер супрацоўніцтва дзвюх краін, адсутнасць якіх-небудзь граніц і іншыя перавагі.
Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.