Меры па падтрымцы спорту і павышэнні аплаты працы спартсменаў прымаюцца ў Беларусі
Яны змешчаны ва ўказе № 497 "Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту", які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 3 лістапада 2011 года.
Дакумент накіраваны на стварэнне неабходных умоў для далейшага развіцця фізічнай культуры і спорту ў краіне, ён дасць магчымасць аптымізаваць меры падтрымкі гульнявых відаў спорту, забяспечыць гарантаваны ўзровень аплаты працы спартсменаў і работнікаў клубаў, а таксама стымуляваць самастойнае атрыманне сродкаў спартыўнымі арганізацыямі і дасягненне імі больш высокіх спартыўных дасягненняў.
Указ будзе дзейнічаць толькі ў 2012 годзе. Урад да 1 снежня 2012 года па выніках прымянення гэтага нарматыўнага прававога акта павінен унесці на разгляд Прэзідэнта прапановы аб далейшым рэгуляванні ўмоў падтрымкі спартыўных арганізацый.
Крыніцамі паступленняў у арганізацый фізічнай культуры і спорту будуць сродкі, атрыманыя ад:
мясцовых бюджэтаў (падтрымка аказваецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў выглядзе субсідый са сродкаў мясцовых бюджэтаў на частковае фінансаванне не больш як 40 працэнтаў сумы сродкаў, вылічанай зыходзячы з нормаў і нарматываў для бюджэтных арганізацый у адпаведнасці з пералікам відаў расходаў на забеспячэнне работы клубаў па гульнявых відах спорту);
арганізацый у выглядзе льгатуемай спонсарскай дапамогі (такая падтрымка аказваецца спартыўным арганізацыям у выглядзе бязвыплатнай перадачы спартыўным арганізацыям грашовых сродкаў, бязвыплатнага аказання паслуг (выканання работ) і (або) бязвыплатнай перадачы маёмасці, у тым ліку маёмасных правоў, з уключэннем сум расходаў па аказанні такой бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў склад пазарэалізацыйных расходаў для мэт падаткаабкладання). Гэта льгота з'яўляецца катэгарыяльнай. Спартклубы павінны самастойна дамаўляцца з прадпрыемствамі, аб'ём атрыманых імі спонсарскіх сродкаў будзе цалкам залежаць ад работы саміх спартыўных арганізацый;
арганізацый у выглядзе нельгатуемай спонсарскай дапамогі;
гаспадарчай дзейнасці (указам прадугледжваецца, што спартыўныя арганізацыі, створаныя ў форме грамадскіх аб'яднанняў, могуць ажыццяўляць асобныя віды прадпрымальніцкай дзейнасці без утварэння камерцыйных арганізацый (напрыклад, дзейнасць у галіне спорту, турыстычную дзейнасць, аптовы і рознічны гандаль), а таксама перадаваць, у тым ліку на аплатнай аснове, правы на тэле-, радыё- і іншыя спосабы трансляцыі спартыўных спаборніцтваў, прадаваць білеты на праводзімыя імі або з іх удзелам спартыўныя спаборніцтвы);
міжнародных арганізацый.
Каштарысы расходаў клубаў па гульнявых відах спорту будуць фарміравацца з удзелам мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Каштарысы расходаў з прыкладаннем разлікаў па кожным відзе расходаў будуць зацвярджацца кіраўнікамі гэтых клубаў па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія аказваюць ім падтрымку.
Прымяненне гэтых нормаў дасць магчымасць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам нараўне з узгадненнем планаў развіцця клубаў па гульнявых відах спорту кантраляваць мэтавае выкарыстанне дзяржаўнай падтрымкі; прымаць меры па павелічэнні аб'ёмаў даходаў ад уласнай фінансава-гаспадарчай дзейнасці спартыўных арганізацый шляхам давядзення адпаведных заданняў.
Адноўлена раней дзеючая норма аб тым, што клубы па гульнявых відах спорту маюць права прымяняць падатковыя льготы пры ўмове накіравання на развіццё дзіцяча-юнацкага спорту не менш як 25 працэнтаў сродкаў, атрыманых у выглядзе падтрымкі, а таксама прадстаўлення штоквартальна не пазней за 15-е чысло месяца, наступнага за справаздачным кварталам, справаздачы аб выкананні каштарыса расходаў клубаў па гульнявых відах спорту мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якія аказваюць ім падтрымку.
Расходы на заработную плату работнікаў клубаў па гульнявых відах спорту абмяжоўваюцца ў памеры і ўвязваюцца з іх спартыўнымі рэзультатамі.
Пастановай урада, распрацаванай у мэтах развіцця палажэнняў указа, прадугледжваецца, што пры налічэнні заработнай платы з ільгатуемай спонсарскай дапамогі прымяняюцца ўмовы аплаты працы, устаноўленыя для работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.
Пры гэтым тарыфныя стаўкі разлічваюцца на аснове тарыфнай стаўкі першага разраду, што ўстанаўліваецца Саветам Міністраў, а таксама тарыфных разрадаў і каэфіцыентаў пасад кіраўнікоў спартыўных клубаў па гульнявых відах спорту, пасад трэнераў і спартсменаў-інструктараў каманд па гульнявых відах спорту. Павышэнне тарыфных ставак (акладаў) пры накіраванні на гэтыя мэты спонсарскіх сродкаў прапануецца ажыццяўляць кіраўнікам, трэнерам, спартсменам-інструктарам, стажорам спартсменаў-інструктараў клубаў па гульнявых відах спорту ў залежнасці ад месца, занятага камандай клуба на чэмпіянаце Беларусі і (або) чэмпіянатах, у розыгрышах кубкаў іншых дзяржаў па выніках гульняў папярэдняга сезона.
Клубам, якія выступаюць на міжнароднай арэне і дасягнулі высокіх спартыўных вынікаў, прапануецца не абмяжоўваць памер заработнай платы, што выплачваецца са сродкаў ільгатуемай спонсарскай дапамогі.
Таксама прадугледжваецца захаванне ранейшых ільгот спартыўным клубам па падатку на прыбытак (вызваляюцца сумы прыбытку, атрыманага ад рэкламы), па падаходным падатку з фізічных асоб, па падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе рознага рыштунку і абсталявання. Валавы прыбытак спартыўных арганізацый змяншаецца на суму прыбытку, выкарыстанага імі на рэалізацыю сваіх статутных мэт (задач).
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.