Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь чакае ад сваіх пісьменнікаў яркіх і таленавітых твораў"
Аб гэтым учора на сустрэчы з членамі грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ваша грамадскае аб'яднанне карыстаецца беспрэцэдэнтнай падтрымкай дзяржавы. У адказ мы чакаем ад вас толькі аднаго — яркіх і таленавітых твораў. Гэта наш агульны інтарэс". Адкрываючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка працытаваў вялікага рускага пісьменніка Максіма Горкага, які неяк сказаў: "Усім добрым ува мне я абавязаны кнігам". "Гэта крылатая фраза як нельга лепш характарызуе месца, якое літаратура займае ў жыцці грамадства, — адзначыў беларускі лідар. — Яшчэ ад Кірылы Тураўскага ідзе традыцыя глыбокай павагі да "кніжных ведаў". А ў наш час асветная, выхаваўчая роля мастацкага слова выходзіць на першы план. І барацьба за тое, каб беларусы заставаліся чытаючай нацыяй, становіцца адным з важнейшых фактараў забеспячэння дзяржаўнай бяспекі ў духоўнай сферы". Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, аўтарытэт пісьменнікаў і ўзровень даверу да друкаванага слова ў Беларусі заўсёды знаходзіліся на высокім узроўні, а савецкі перыяд стаў залатым векам беларускай літаратуры, часам з'яўлення знакамітых імёнаў і значных твораў. "На жаль, ліхія 90-я прынеслі ў літаратурнае асяроддзе заняпад і хаос. У тыя гады Саюз беларускіх пісьменнікаў уграз у нацыяналізме і палітычных інтрыгах. Да гэтага часу так званыя "свядомыя пісьменнікі", якія размянялі талент на замежныя гранты, у сваіх опусах абліваюць граззю нашу краіну, абражаюць уласны народ і падбухторваюць моладзь да бессэнсоўных бунтаў". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што "аддаваць культуру на ганьбу адшчапенцам было нельга". Таму шэсць гадоў таму была падтрымана і ініцыятыва аб стварэнні Саюза пісьменнікаў Беларусі для аб'яднання здаровых творчых сіл. "І з гэтай задачай увогуле саюз справіўся". Разам з тым ён падкрэсліў, што сёння пара ставіць перад пісьменнікамі больш амбіцыйныя мэты — адрадзіць былую славу беларускай літаратуры і ўзняць яе на новы мастацкі ўзровень, варты такіх выдатных майстроў, як Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Іван Мележ, Іван Шамякін і іншыя.
Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава імкнецца стварыць усе ўмовы для пісьменніцкай працы. Так, за 5 гадоў з бюджэту выдзелена звыш Br16 млрд на выпуск больш як 500 твораў агульным тыражом 2 млн экзэмпляраў. Цалкам захавана сістэма літаратурна-мастацкай перыёдыкі. Адноўлены выпуск кніг серыі "Школьная бібліятэка". Акрамя таго, за апошні час бібліятэкамі набыта амаль 400 тыс. кніг на суму больш як Br6 млрд, у тым ліку звыш паўсотні выданняў серыі "Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі".
У сучаснай беларускай літаратуры не павінна быць цэнзуры або забароненых тэм
"У сучаснай беларускай літаратуры не павінна быць цэнзуры або забароненых тэм, акрамя, зразумела, антыгуманных і амаральных". Звяртаючыся да пісьменнікаў, ён папрасіў смела ўзнімаць у сваіх кнігах сацыяльныя, светапоглядныя і маральныя праблемы сучаснасці. "Але не апускайцеся да вульгарнага ачарнення і пошласці". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, чытач чакае сур'ёзных, маштабных твораў, якія зламалі б стэрэатыпнае ўяўленне аб беларусах як аб вечна прыгнечаным, пасіўным і цёмным народзе. "На самай справе беларускі народ выстаяў перад тварам многіх трагедый, войнаў і катастроф. Менавіта характар чалавека, яго духоўныя сілы заўсёды былі ў цэнтры самых значных мастацкіх твораў. І сёння востра стаіць праблема героя-сучасніка".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія літаратары, асабліва маладыя, нярэдка кіруюцца далёка не лепшымі ўзорамі масавай культуры замест таго, каб вучыцца ў класікаў і браць сюжэты з жыцця. "Навейшая гісторыя Айчыны павінна стаць прадметам сур'ёзнага творчага аналізу. Патрэбны яркія, таленавітыя кнігі аб сённяшняй Беларусі і жыцці нашых землякоў. Мы заўсёды знойдзем сродкі, каб выдаць іх і дастойна аплаціць працу аўтараў". Ён таксама даручыў Міністэрству інфармацыі навесці парадак у ганарарнай палітыцы, каб пісьменнікам не даводзілася па 5-7 гадоў чакаць атрымання заробленых грошай. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і пісьменнікі не павінны забываць пра адваротны бок медаля, маючы на ўвазе неабходнасць звярнуць самую сур'ёзную ўвагу на мастацкую якасць і запатрабаванасць твораў. Апошняе застаецца сур'ёзнай праблемай. Так, паводле даных кіраўніка дзяржавы, да канца 2010 года не рэалізаваныя астаткі сацыяльна значных кніг выдавецтва "Мастацкая літаратура" складалі амаль 50 працэнтаў ад усіх выпушчаных назваў і 30 працэнтаў ад іх тыражу. "Можа, не тое выдавалі? — паставіў пытанне Прэзідэнт. — А між тым пералікі прапанаваных да выдання твораў складаюцца сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Прычым у гэтых спісах, як, зрэшты, і на старонках часопісаў, часта з году ў год, з нумара ў нумар мільгаюць адны і тыя ж аўтары. Дык чым жа вы кіруецеся: мастацкім здабыткам ці іншымі меркаваннямі?"
На думку кіраўніка дзяржавы, заўтрашні дзень беларускай культуры — у руках маладых літаратараў, тых, хто пакуль яшчэ толькі шукае сябе. "Трэба шырэй выдаваць іх і прадстаўляць на старонках літаратурных часопісаў. Але ў першую чаргу ім патрэбны парада і падтрымка пісьменнікаў старэйшага пакалення — каб не перапынялася традыцыя айчыннай літаратуры".
Беларуская літаратура павінна больш актыўна прысутнічаць у айчыннай медыяпрасторы
Кардынальнага перагляду патрабуе работа па прапагандзе кнігі. "Міністэрству культуры і беларускім тэлерадыёкампаніям варта падумаць аб адраджэнні практыкі экранізацыі твораў нашых пісьменнікаў, аб стварэнні фільмаў і праграм аб іх творчасці. Эфектыўным сродкам далучэння да літаратуры маладога пакалення можа стаць стварэнне беларускіх аўдыякніг". Магчыма, мае сэнс аднавіць практыку напісання п'ес па дзяржаўным заказе, ажыццяўляць прыярытэтнае фінансаванне спектакляў па творах беларускіх драматургаў. Выхаванне падрастаючага пакалення павінна грунтавацца на лепшых узорах айчыннай і сусветнай класікі. "А для гэтага неабходна перагледзець і школьныя праграмы, выключыць другарадных аўтараў, выдзяляць больш часу на сапраўды вялікія творы", — лічыць беларускі лідар. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што магутным сродкам абуджэння грамадскай цікавасці да нацыянальнай літаратуры і культуры павінна стаць святкаванне 130-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. "Адзначыць яго трэба без лішняй помпы, але дастойна".
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў удзельнікам сустрэчы адкрыта выказаць свае прапановы і меркаванні аб далейшым развіцці айчыннай літаратуры. "Хачу, каб гэта размова была адкрытая, сумленная і прынцыповая".