У Беларусі павысіцца даступнасць прававых актаў
Адпаведны ўказ № 472 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 1998 г. № 369 і ад 16 ліпеня 2007 г. № 318" 17 кастрычніка падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакумент прадугледжвае карэкціроўку ўказаў, якія рэгулююць пытанні давядзення да ўсеагульнага ведама прававых актаў.
Згодна з указам у Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі будуць накіроўвацца тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, якія не належаць да сферы тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, за выключэннем фармакапейных артыкулаў, для ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь.
Указам таксама замацоўваецца абавязак дзяржаўных органаў, якія зацвярджаюць тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, размяшчаць на сваіх сайтах у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт тэксты такіх дакументаў, што змяшчаюць абавязковыя для прымянення фізічнымі і юрыдычнымі асобамі патрабаванні.
Аналагічны абавязак прадугледжваецца і адносна Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, які будзе размяшчаць на сайце Нацыянальнага фонду тэхнічных нарматыўных прававых актаў не толькі звесткі аб гэтых дакументах у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, але і тэксты такіх актаў.
Акрамя таго, указам замацоўваецца свабодны і бясплатны доступ да тэкстаў тэхнічных нарматыўных прававых актаў, размешчаных на сайтах дзяржаўных органаў і Нацыянальнага фонду тэхнічных нарматыўных прававых актаў.