Аляксандр Лукашэнка: "Нават самая цесная інтэграцыя не адмяняе суверэнітэт дзяржаў"

Источник материала:  

Аб гэтым гаворыцца ў артыкуле Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваным на сайце расійскай газеты "Известия", у якім кіраўнік беларускай дзяржавы выказвае сваё меркаванне аб Еўразійскім саюзе, паведамляе БЕЛТА.

"Перспектыва магутнай і глыбокай інтэграцыі, якая адкрываецца сёння, сапраўды захапляе. Але краевугольны камень усяго таго, што мы збіраемся пабудаваць, — суверэнітэт нашых дзяржаў, які не адмяняе нават самая цесная інтэграцыя", — падкрэсліў беларускі лідар.

"Разам з даверам кіраваць дзяржавамі нашы народы ўручылі нам і абавязак захаваць іх права самім распараджацца сваім лёсам. Зыходзячы з гэтага, мы павінны будаваць свае планы", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мтварэнне АЭП стала для нас нялёгкім кампрамісам"

"Гаворачы па праўдзе, стварэнне АЭП стала для нас нялёгкім кампрамісам. А калі яшчэ больш шчыра — за Адзіную эканамічную прастору Беларусь заплаціла дорага. Але ёсць усе падставы быць перакананым, што гэта "рызыка" акупіцца", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, чаканні ад удзелу ў Мытным саюзе пачынаюць апраўдвацца. Павялічыліся аб'ёмы гандлю паміж яго ўдзельнікамі. Скасаваны тарыфныя і нетарыфныя бар'еры ва ўзаемным гандлі. Адменены ўсе віды кантролю на ўнутраных граніцах. Забяспечваецца абарона беларускіх, казахстанскіх і расійскіх тавараў ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку трэціх краін. З адзіных пазіцый вядуцца перагаворы з буйнейшымі сусветнымі гандлёвымі партнёрамі. "Гэта першыя вынікі. Але мы чакаем больш значнай для нашых грамадзян аддачы ад дзейнасці Мытнага саюза і АЭП", — адзначыў беларускі лідар.

"Навошта, напрыклад, на агульнай інтэграцыйнай прасторы выціскаць прадукцыю партнёраў са сваіх рынкаў нярыначнымі метадамі? Людзі і справа ад гэта толькі прайграюць. Няхай бізнэс свабодна канкурыруе, змагаецца за рынак", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры стварэнні Еўразійскага саюза магчымае увядзенне адзінай валюты

"Калі мы рэалізуем мэты, намечаныя АЭП, то зможам перайсці да стварэння Еўразійскага саюза. Беларусь прыме ў яго фарміраванні самы актыўны ўдзел", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што пабудаваць такі саюз — справа няпростая. "Паколькі дасягнуўшы максімальна магчымага ўзроўню эканамічнай інтэграцыі, мы непасрэдна падыдзем да неабходнасці стварэння трывалай сацыяльна-палітычнай надбудовы — з агульнымі каштоўнасцямі, прававой сістэмай, жыццёвымі стандартамі і арыенцірамі.   Тут не абысціся без паступовага кансэнсуснага фарміравання нейкіх наднацыянальных органаў, у тым ліку, магчыма, палітычных. Дапускаем, што ў такім выпадку ў практычную плоскасць пяройдзе і пытанне аб увядзенні новай адзінай валюты. Час пакажа", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Поспех Адзінай эканамічнай прасторы важны не толькі для нашых народаў і эканомік. Гэты праект можа стаць прыцягальным полюсам для іншых краін, у тым ліку для нашай бліжэйшай суседкі Украіны. Паколькі яна працавала разам з намі над першым правобразам АЭП".

Еўразійскі саюз як неад'емная частка агульнаеўрапейскай інтэграцыі

"Нам нельга замыкацца ў гэтай інтэграцыі (АЭП. — Заўвага БЕЛТА). Еўразійскі саюз я бачу як неад'емную частку агульнаеўрапейскай інтэграцыі. Наш саюз павінен стаць ключавым рэгіянальным іграком, які дапаможа выбудоўваць адносіны з вядучымі сусветнымі эканамічнымі структурамі". Паводле яго слоў, менавіта адсюль зыходзіць прапанова "тройкі" аб такім узаемадзеянні з Еўрасаюзам, якое прывяло б у канчатковым выніку да стварэння агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока. "Дарэчы, адзіная мытная граніца на гэтым шляху праходзіць праз Брэст. Мы прапануем "інтэграцыю інтэграцый". Ён нагадаў, што па ініцыятыве Беларусі ў снежні мінулага года кіраўнікі дзяржаў ЕўрАзЭС пацвердзілі ў сваёй дэкларацыі намер працаваць менавіта ў гэтым напрамку. "Гэта не недарэчнае жаданне, а прадыктаваная рэаліямі паслядоўная пазіцыя". На думку Прэзідэнта Беларусі, такая інтэграцыя на постсавецкай прасторы хутчэй прывядзе да больш цесных і раўнапраўных адносін з Еўрасаюзам і пабудовы Вялікай Еўропы, чым сепаратныя хаджэнні па еўрапейскіх кабінетах.

"Для гэтага, вядома, патрэбны адпаведны ўзровень развіцця АЭП і будучага Еўразійскага саюза. Ён павінен стаць сталай структурай, сур'ёзным эканамічным іграком на еўразійскім рынку, магутным партнёрам Еўрасаюза. Зразумела, у гэтай справе многае залежыць і ад еўрапейцаў — наколькі яны гатовы супрацоўнічаць на аднолькавых правах".

У стварэнні Еўразійскага саюза не трэба бачыць спробу нейкага падзелу Еўропы

"Інтэграцыя Беларусі, Расіі і Казахстана — не супраць кагосьці. У стварэнні Еўразійскага саюза не трэба бачыць спробу нейкага падзелу Еўропы, — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, Беларусь, знаходзячыся на стыку двух інтэграцыйных саюзаў, асабліва зацікаўлена ў іх узаемным збліжэнні. "Грандыёзны, але цалкам рэалістычны праект стварэння Еўразійскага саюза тоіць вялікія выгады для ўсяго кантынента. Магчымасць работы па аднолькавых правілах на рынку ад Атлантыкі да Ціхага акіяна ўмацуе экспартны патэнцыял нашых прадпрыемстваў і прывабнасць нашых эканомік для замежнага бізнэсу".

Толькі роўнасць партнёраў дасць магчымасць ствараць надзейную аснову для АЭП

"Ствараемая намі канструкцыя пашыранай інтэграцыі павінна быць трывалай. Інакш няма сэнсу траціць на яе столькі сіл", — упэўнены беларускі лідар. На думку Аляксандра Лукашэнкі, надзейнасць і даўгавечнасць новага механізма вызначаюцца зрэшты тым, ці забяспечвае ён паўнацэнную абарону інтарэсаў яго ўдзельнікаў. "Неабходна дакладна ўсведамляць: любыя ўшчамленні іх правоў, якія, можа быць, здаюцца сёння дробнымі, заўтра створаць трэшчыны, якія разваляць спачатку давер, а затым і створаную неймавернымі агульнымі намаганнямі новую структуру, — адзначыў Прэзідэнт. — Гэта галоўнае. Увесь астатні масіў вельмі складаных юрыдычных, мытных, фінансавых і іншых пытанняў можна вырашыць. І мы сумесна вырашым усе, і за кароткі час". "Тут не павінна быць прымітывізму. Размова, вядома ж, не аб тым, каб сабраць і падзяліць на траіх багацці, што належаць нашым народам. Беларусам гэта не патрэбна". Пры гэтым ён падкрэсліў: "Але толькі роўнасць партнёраў, у тым ліку роўнасць умоў гаспадарання з роўным доступам да адзінай энергетычнай і транспартнай сістэмы, дасць магчымасць ствараць надзейную аснову для нашага саюза. Толькі тады людзі, бізнэс павераць нам і нашай інтэграцыі і падтрымаюць яе сваімі справамі і намерамі". "На няроўнай аснове саюз аднадумцаў і партнёраў не пабудаваць. Гэта аксіёма! Веру, што менавіта такая ідэалогія закладваецца ў наш новы саюз", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"На апошніх перагаворах з кіраўніцтвам Расіі мы дамовіліся аб неабходнасці работы прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў нашых краін у роўных умовах. У аналагічным ключы праходзяць сустрэчы ў рамках АЭП. Наперадзе, вядома, яшчэ цярністы шлях перагавораў, але разам з нашымі партнёрамі па "тройцы" мы яго пераадолеем у тэрмін і паспяхова".

Глыбокая інтэграцыя з найбольш блізкімі суседзямі для Беларусі з'яўляецца натуральным шляхам развіцця

"Для Беларусі глыбокая інтэграцыя з найбольш блізкімі суседзямі была, ёсць і будзе натуральным шляхам развіцця", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, два рэферэндумы, праведзеныя ў Беларусі ў першай палове 90-х гадоў, абсалютнай большасцю насельніцтва далі ўладзе мандат на інтэграцыю. На абломках СССР з'явілася першая інтэграцыйная структура — СНД з цэнтрам у Мінску. На аб'яднальных прынцыпах будаваліся АДКБ і ЕўрАзЭС. "І тое, што ў нас існуе некалькі міждзяржаўных утварэнняў, — гэта таксама нармальна. Мы шукаем, намацваем тыя механізмы, якія задаволілі б інтарэсы ўсіх удзельнікаў. І галоўнае, рэальна працавалі на нашых людзей".

"Ствараючы ў 90-я гады Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, мы выступілі першапраходцамі ў найбольш цесным інтэграванні дзвюма незалежнымі дзяржавамі самага шырокага кола сфер жыцця. З яе з'яўленнем сфармуляваны і апрабаваны прынцып разнаскораснай і рознаўзроўневай інтэграцыі, — гаворыцца ў артыкуле. — Ужо на працягу паўтара дзясятка гадоў Саюзная дзяржава — каталізатар і своеасаблівая маштабная лабараторыя глыбокай інтэграцыі. Гэта прадмет нашай асаблівай гордасці. Паколькі мы змаглі пашырыць рамкі інтэграцыі ад эканомікі да сацыяльных і нават часткова палітычных пытанняў. Нам удалося сур'ёзна рушыць наперад у забеспячэнні роўных правоў грамадзян, уніфікацыі нацыянальных заканадаўстваў, каардынацыі знешнепалітычнай дзейнасці. Рэальным стала ажыццяўленне маштабных міждзяржаўных праграм, у тым ліку ў сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва".

Як адзначыў Прэзідэнт, адзіная сістэма сацыяльных гарантый, роўны доступ да адукацыі, паслуг аховы здароўя, бесперашкоднае працаўладкаванне, свабода перамяшчэння і выбару месца жыхарства, якія сталі магчымымі дзякуючы Саюзнай дзяржаве, з'яўляюцца арыенцірамі для далейшай работы ў фармаце "тройкі". "Па некаторых напрамках мы нават наперадзе Еўрапейскага саюза".

На яго думку, інтэграцыйныя напрацоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы далі магчымасць разумна і з упэўненасцю прымяняць іх у больш шырокім, шматбаковым фармаце. "Ні для каго не сакрэт, што беларуска-расійскае Пагадненне аб Мытным саюзе 1995 года служыць апорным каркасам дагаворна-прававой базы Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Створаная ў працэсе саюзнага будаўніцтва мытная і пагранічная інфраструктура сусветнага ўзроўню дае магчымасць эфектыўна вырашаць задачы, якія стаяць цяпер перад Мытным саюзам і АЭП".

"Важна, каб і ў далейшым Саюзная дзяржава, Мытны саюз, АЭП узбагачалі і ўзаемадапаўнялі адно аднаго. Наша задача — не страціць, а максімальна выкарыстоўваць увесь існуючы інтэграцыйны патэнцыял".

"АЭП нельга абмяжоўвацца толькі заходнім вектарам"

"Нашай інтэграцыйнай структуры нельга абмяжоўвацца толькі заходнім вектарам. Важнейшай задачай павінна стаць і цесная інтэграцыя з дзяржавамі і эканамічнымі аб'яднаннямі на Усходзе, перш за ўсё з нашым стратэгічным партнёрам Кітаем", — гаворыцца ў артыкуле.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кожная з трох краін ужо мае багаты вопыт работы з дзяржавамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну. "Аб'яднаўшы свае намаганні мы будзем больш паспяхова пашыраць нашы інтарэсы. Беларусь непасрэдна наблізіцца да рынкаў АЦР, які, верагодней за ўсё, стане рухавіком эканомікі планеты ў гэтым стагоддзі".

У АЭП неабходна ствараць магутныя транснацыянальныя карпарацыі

"Навошта штучна насаджаць дубліруючыя вытворчасці там, дзе попыт можа быць задаволены са значна меншымі затратамі і на высокім узроўні якасці дзеючымі прадпрыемствамі? Хіба мы не прайграем ад канкурэнцыі адзін з адным на знешніх рынках? Замест такога "самаедства" трэба было б ствараць усе ўмовы для з'яўлення на нашай прасторы магутных канкурэнтаздольных транснацыянальных карпарацый і іх выхаду на рынкі трэціх краін", — лічыць беларускі лідар. Паводле яго слоў, трэба закласці асновы для далейшай мадэрнізацыі эканомік і ўкаранення інавацый. "І мы пачалі падыходзіць ужо да гэтага праз канкрэтныя маштабныя і навукаёмістыя праекты — сумеснае будаўніцтва АЭС у Беларусі, сумеснае стварэнне і вывядзенне ў космас спадарожнікаў, стварэнне сістэмы кіравання імі". "Але рух ідзе марудна, залішне марудна. Калі ў кіраўніцтва нашых краін ёсць агульная цвёрдая пазіцыя на карысць такой інтэграцыі — а яна ёсць! — няхай і чыноўніцтва на ўсіх узроўнях хутчэй разварочваецца", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён лічыць, што "тут, вядома, максімум залежыць ад самага вялікага партнёра інтэграцыі — Расіі".

"Трэба дабіцца прынцыповага павароту тварам да інтэграцыі ў рамках усіх інтэграцыйных структур — Саюзнай дзяржавы, Мытнага саюза, АЭП, ЕўрАзЭС, СНД — не на паперы, а на справе. Зрабіць такі падыход штодзённай практыкай узаемадзеяння. Людзі нашых краін чакаюць гэтага ўжо цяпер, без прамаруджвання", — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Інтэграцыя не самамэта

Інтэграцыя не самамэта. Гэта інструмент дасягнення вышэйшай мэты — росту дабрабыту і якасці жыцця людзей. На думку кіраўніка дзяржавы, сённяшні кантынентальны і нават транскантынентальны фінансавы крызіс, які толькі ўзмацняе сусветную нявызначанасць і хаос, падказвае: галоўная процівага крызісу — фарміраванне ёмістага агульнага рынку і баланс інтарэсаў. "Стварэнне сур'ёзных аб'яднальных саюзаў — правільны захад да стабільнага свету. Значыць, без інтэграцыі нельга". У сваім артыкуле ён таксама адзначыў, што абнародаванне цяпер у вядучых СМІ цвёрдага намеру рашуча паглыбляць інтэграцыю невыпадковае. "Гэта своеасаблівы маніфест, які ідзе ад жыцця. Вядома, заяўленыя намеры трэба будзе паслядоўна і цвёрда рэалізоўваць. Але ж і ў Бібліі сказана: "Спачатку было слова". Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што цяпер патрэбны неадкладны пераход да практычных дзеянняў. "Паколькі за словам сур'ёзнага палітыка заўсёды ідзе справа. І я як Прэзідэнт Беларусі буду цесна ўзаемадзейнічаць з кіраўніцтвам Расіі і Казахстана, каб рэалізаваць на практыцы гэту правільную стратэгію глыбокай інтэграцыі", — запэўніў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць правільнай апублікаваную ў "Известиях" інтэграцыйную стратэгію Уладзіміра Пуціна

"Сёння мы знаходзімся на парозе стварэння якасна новага інтэграцыйнага ўтварэння. З 1 студзеня 2012 года з'явіцца Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Расіі і Казахстана — ужо і дэ-юрэ, і дэ-факта", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка ў публікацыі.

Што датычыцца артыкула прэм'ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна, які раней быў апублікаваны ў "Известиях", Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Не ў парадку кампліменту майму калегу, былому прэзідэнту Расіі і цяперашняму прэм'еру, скажу, што гэта публікацыя — сапраўдная падзея. Расія ўпершыню за многія гады ясна і недвухсэнсоўна заявіла аб прыярытэце адносін з дзяржавамі, з якімі, перафразуючы класіка, выйшла з агульнага савецкага шынялю".

"Больш таго, па-мойму, упершыню ў навейшай гісторыі Расіі аб гэтым гаворыць кандыдат у прэзідэнты. Фактычна, як я разумею, у сваёй перадвыбарнай знешнепалітычнай праграме", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Гэта дарагога каштуе. За словамі артыкула — стратэгія. Правільная стратэгія. І толькі недалёкія людзі могуць абвінавачваць публікацыю і яе аўтара ў перадвыбарнай кан'юнктурнасці", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Хіба гэта кан'юнктуршчына — усведамленне лідарам, нацэленым на выбранне на вышэйшую пасаду ў Расіі, таго, што не атрымаецца ўмацаваць краіну, уладкоўваючы яе толькі знутры? Унутраная нацыянальная кансалідацыя неабходна. Але гэтага недастаткова! Для сапраўднага поспеху Расіі, як і любой іншай дзяржавы, трэба таксама выбудаваць адносіны з суседзямі на трывалай аснове, гэта значыць узаемавыгаднай і раўнапраўнай. Толькі на такіх прынцыпах! Без гэтага не будзе стабільнасці і бяспекі ні ў Расіі, ні ў яе суседзяў. Іншае мы праходзілі ўжо і ведаем, чым усё завяршаецца", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гаварыць аб кан'юнктурнасці могуць толькі тыя, хто не ведае фактаў. "Ідэя Адзінай эканамічнай прасторы Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана належыць якраз Уладзіміру Пуціну. Ён агучыў яе яшчэ ў пачатку 2003 года, калі мы сабраліся на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у яго падмаскоўнай рэзідэнцыі. Зразумела, выбары 2012 года тады не былі і на гарызонце", — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі таксама заявіў, што ні ў якай меры не падзяляе поглядаў скептыкаў аб "дэкларатыўнасці" зробленых у артыкуле заяў. "Бо выкладзеная ў артыкуле стратэгія інтэграцыі адрасавана не толькі электарату і нам, суседзям Расіі, але і ўсім сусветным цэнтрам сілы. Тут блеф — сабе даражэй, таму што, атрымаўшы гэты магутны сігнал, усе зробяць свае стратэгічныя вывады. Палітыку і палітыкаў паважаюць толькі ў выпадку іх сур'ёзнасці і паслядоўнасці. Таму не павінна быць сумненняў у шчырасці акрэсленых Уладзімірам Пуціным намераў", — гаворыцца ў артыкуле.

Аляксандр Лукашэнка не лічыць дзіўным, што рэакцыя часткі знешніх цэнтраў на ініцыятыву расійскага прэм'ера пазбаўлена энтузіязму. "Яно і зразумела: якога міжнароднага іграка абрадуе вестка аб фарміраванні новага магутнага адзінага рынку з вельмі значным вытворчым, рэсурсным, інтэлектуальным патэнцыялам — несумненна агрэсіўнага канкурэнта", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі рэакцыя на публікацыю ў "Известиях" таксама неадназначная. "Аб звычайных русафобскіх стогнах "пятай калоны" няма чаго нават гаварыць. Тут усё ясна: іх клопат — не аб краіне", — заўважыў ён.

"Але ёсць частка грамадства, якая шчыра заклапочана, паколькі на коне лёс дзяржавы. Ад гэтай думкі нельга проста адмахнуцца. Людзям трэба на справе паказаць, што канкрэтна ім дасць гэты новы саюз. Даказаць, што інтэграцыйныя намеры — не палітычныя гульбішчы, а рэальныя перадумовы далейшага паляпшэння дабрабыту чалавека. А гэта ўжо наша, палітыкаў, задача", — адзначыў беларускі лідар.

←Делегация Национального собрания участвует в 125-й ассамблее Межпарламентского союза

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика