Аляксандр Лукашэнка: "У бліжэйшыя гады неабходна дасягнуць 12-13 працэнтаў рэнтабельнасці продажаў у сельскай гаспадарцы"
Адпаведную задачу ўчора ў ходзе рабочай паездкі ў Мінскую вобласць паставіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна выпрацаваць нейкі ўзровень паказчыкаў не толькі па валавой вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, але і па рэнтабельнасці продажаў. "Сёння можна свабодна весці размову аб 10-працэнтнай рэнтабельнасці, 12-13 працэнтаў — гэта мара, і прытым яна павінна ажыццявіцца ў бліжэйшыя 2-3 гады, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У гэтым годзе за 10 працэнтаў трэба чапляцца. 11 працэнтаў — гэта ўжо будзе нядрэнная рэнтабельнасць".
У сувязі з гэтым старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура прапанаваў распрацаваць жорсткую методыку ўліку ўсіх затрат у сельскай гаспадарцы, паколькі цяпер у гэтым пытанні выкарыстоўваюцца розныя падыходы. "Грошай ад гэтага дадаткова не прыбавіцца, але будзе аб'ектыўны ўлік", — адзначыў ён. "Добра, давайце за зіму гэта зробім", — даручыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт таксама чарговы раз звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння належных умоў захоўвання ўраджаю.
У ходзе наведвання Чэрвеньскага раёна кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай сельскагаспадарчых філіялаў "Агра-Бокс" і "Агра-Бокс-Заатэх" беларуска-італьянскага сумеснага прадпрыемства "Унібокс". Гэта група кампаній асвойвае вытворчасць сучасных машын і сельскагаспадарчых аб'ектаў, якія з самага пачатку праходзяць выпрабаванні непасрэдна на ўласнай агравытворчасці, і можа стаць першым у рэспубліцы вытворцам малочнатаварнай фермы "пад ключ". Акрамя таго, кампанія забяспечвае неабходнае навучанне і падрыхтоўку кадраў, выкарыстоўвае самае новае і эксперыментальнае абсталяванне ўласнай вытворчасці для атрымання высокіх вынікаў у вытворчасці сельгаспрадукцыі і зніжэнні затрат. У прыватнасці, у рабоце малочнатаварнай фермы "Чарнава" філіяла "Агра-Бокс-Заатэх", якую агледзеў кіраўнік дзяржавы, выкарыстаны рэсурсазберагальныя тэхналогіі і аднаўляльныя крыніцы энергіі.
Улічваючы высокія паказчыкі работы сельгаспрадпрыемстваў кампаніі і тэхналагічны ўзровень вытворчасці, Барыс Батура прапанаваў стварыць сумесную вытворчасць разам са Смілавіцкім сельскагаспадарчым каледжам. Кіраўнік дзяржавы адобрыў гэту ідэю, аднак ён адзначыў, што пры гэтым неабходна выканаць шэраг умоў. "Бюджэтнае фінансаванне знізім, але дапаможам у нечым іншым. Другое — нельга дапусціць зніжэння аб'ёму падрыхтоўкі кадраў".
Кіраўніку дзяржавы расказалі аб тэхналогіях, якія выкарыстоўваюцца на сельгаспрадпрыемстве, і прадэманстравалі сучаснае імпартазамяшчальнае абсталяванне для нарыхтоўкі, прыгатавання кармоў і механізацыі жывёлагадоўчых ферм уласнай вытворчасці. Напрыклад, дзякуючы ўкаранёным тэхнічным навінкам, рэнтабельнасць рэалізаванага малака перасягае 28 працэнтаў, увесь яго аб'ём адпавядае якасці "экстра". Аглядваючы выстаўку тэхнічнай прадукцыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць наладзіць нармальную вытворчую кааперацыю з іншымі вытворцамі сельгастэхнікі ў Беларусі, каб пазбегнуць залішняй канкурэнцыі і не дубліраваць вытворчасць некаторых кампанентаў. "Малайчына, разумна ўсё зроблена. Уся справа ў гаспадары і дысцыпліне", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да генеральнага дырэктара СП "Унібокс" ТАА Сяргея Русака. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна актыўна пераймаць такі станоўчы вопыт. "У нас прыватнікаў такіх адзін-два чалавекі. Павінна быць жалезная тэхналагічная дысцыпліна. Прывёў сюды, паказаў — ідзі, рабі", — падкрэсліў беларускі лідар. "Да гэтага трэба ісці, гэта будучыня. Тут ёсць чаму вучыцца".
Прэзідэнт Беларусі даручыў да пачатку лістапада завяршыць усе ўборачныя работы ў вёсцы
Як далажыў кіраўніку дзяржавы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, цяпер прадаўжаецца ўборка кукурузы. Сельгаспрадпрыемствы рэспублікі плануюць атрымаць агульны ўраджай зерня гэтай культуры каля 1,5 млн тон. Акрамя таго, у краіне завяршаецца ўборка бульбы. Сярэдняя ўраджайнасць складае 220 ц/га. Таксама прадаўжаецца ўборка цукровых буракоў і агародніны. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асноўныя работы ў вёсцы па ўборцы ўраджаю неабходна завяршыць да пачатку лістапада, да наступлення замаразкаў, а да 7 лістапада абсалютна ўсе работы павінны быць завершаны. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, будзе выгадна закупіць пэўную колькасць збожжа ў Расіі. "Можа, цяпер у Расіі будзе выгадна штосьці закупіць, стварыць запас на будучыню", — сказаў ён. Паводле слоў віцэ-прэм'ера Валерыя Іванова, збожжа на продаж таксама прапануе Казахстан.
Міхаіл Русы далажыў, што па выніках уборачнай кампаніі Беларусь атрымае 8,2 млн тон збожжа разам з кукурузай у свірнавай вазе. Што датычыцца закупак фуражнага збожжа за мяжой, міністр не выключыў такой магчымасці пры ўмове выгаднай цаны. Кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць асаблівую ўвагу на забеспячэнне насельніцтва якасным насеннем бульбы на наступны сезон. Улічваючы тое, што з часам бульба выраджаецца, Прэзідэнт прапанаваў правесці раўнацэнны абмен бульбы, сабранай насельніцтвам на прысядзібных участках, на адпаведную колькасць якаснай насеннай бульбы.