Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь ускладае асаблівыя надзеі на адзіную эканамічную прастору"

Источник материала:  

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 кастрычніка на сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Сяргеем Міціным, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Вітаючы губернатара, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё адносін з Расіяй і яе рэгіёнамі для Беларусі з'яўляецца асноўным прыярытэтам знешняй палітыкі. "Гэта дружалюбная нам краіна, з якой мы будуем Саюзную дзяржаву, і будзем гэта рабіць. Таму для нас вельмі важныя кантакты з расійскімі рэгіёнамі".

Паводле яго слоў, Наўгародская вобласць уваходзіць у лік важнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі. "У цяперашніх умовах глабальнай і фінансава-эканамічнай нестабільнасці і абвастрэння міжнароднай канкурэнцыі неабходна задзейнічаць увесь патэнцыял узаемадапаўняльнасці нашых эканомік".

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь і Расія дасягнулі адчувальнага прагрэсу ў фарміраванні адзінай мытнай і гуманітарнай прасторы. "Мы рухаемся наперад у рабоце па ўніфікацыі нацыянальных заканадаўстваў і ў забеспячэнні цеснай каардынацыі ў знешняй палітыцы. Супрацоўнічаем у сферы абароны, бяспекі і барацьбы са злачыннасцю, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Калі шчыра гаварыць, у нас фактычна адзіная краіна, што датычыцца абароннага комплексу, барацьбы са злачыннасцю, нашы ведамствы вельмі эфектыўна працуюць". Кіраўнік дзяржавы лічыць самым галоўным, што сумеснымі намаганнямі ствараюцца ўмовы для таго, каб расіяне і беларусы адчувалі сябе як дома на тэрыторыі кожнай з дзвюх краін.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Інтэграцыя — не самамэта. У першую чаргу важна, каб зняцце ўсялякіх бар'ераў паміж дзяржавамі суправаджалася ростам дабрабыту грамадзян, каб людзі адчувалі, што ад практычнай рэалізацыі інтэграцыі яны нешта атрымліваюць, як у Расіі, так і ў Беларусі. Тады такая інтэграцыя стане ўсенароднай і будзе падтрымана. І ў гэтым кантэксце на Адзіную эканамічную прастору ўскладаюцца асаблівыя надзеі". На думку Прэзідэнта, поспеху сумесных пачынанняў садзейнічае цесны і плённы дыялог на вышэйшым узроўні паміж Беларуссю і Расіяй. "У нас абсалютна няма праблем у адносінах, ва ўзгадненні розных пытанняў".

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што даў згоду на падпісанне кантрактнага пагаднення з Расіяй на будаўніцтва беларускай АЭС. Паводле яго слоў, гэта вялікае дасягненне. "Такое рашэнне дарагога каштуе для Беларусі. І мы вельмі ўдзячныя расійскаму кіраўніцтву, што яны стрымалі сваё слова і, нягледзячы на жудасны націск з усіх бакоў, сваё слова стрымліваюць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы будзем будаваць АЭС, тым больш што ўжо многае зрабілі сваімі сіламі на пляцоўцы будучага будаўніцтва".

У сваю чаргу Сяргей Міцін адзначыў, што з часу яго папярэдняга прыезду ў Беларусь тут адбылося шмат пазітыўных перамен, якія яго прыемна парадавалі. У прыватнасці, пабудавана шмат аб'ектаў, сярод якіх і спартыўныя комплексы. У якасці пазітыўнага прыкладу Сяргей Міцін прывёў супрацоўніцтва з Беларуссю ў раслінаводстве. У прыватнасці, дзякуючы беларускім вучоным у Наўгародскай вобласці ўжо дасягнулі ўраджаю пшаніцы 70 ц/га. На думку губернатара, у беларусаў ёсць чаму павучыцца і ў сферы будаўніцтва. Беларусь можа прыняць удзел у будаўніцтве ў Наўгародскай вобласці буйнога лагістычнага цэнтра.

"Баюся, што гэты глабальны крызіс, пра які цяпер так шмат гавораць, можа прыйсці і да нас. Думаю, што калі мы з Расіяй будзем разам, мы з мінімальнымі стратамі пераадолеем гэты крызіс, — выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка. — У нас ёсць што прапанаваць Расіі, і ў нас вялікая патрэбнасць у расійскіх рэсурсах. І калі мы сапраўды створым роўныя ўмовы, як гэта піша прэм'ер-міністр Расіі ў сваім артыкуле аб інтэграцыі, вы можаце лічыць беларусаў навечна сваімі людзьмі".

"У нас сапраўды цяпер добры дыялог, і няпраўда, што гэта напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расіі і парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца ў будучым годзе. Тут няма ніякай палітычнай кан'юнктуры, — запэўніў Прэзідэнт. — Мы даўно разумеем і ведаем, што такое Расія для Беларусі. Напэўна, і расіяне сёння пераканаліся наверсе, што такое Беларусь для Расіі. Павінен быў прайсці пэўны перыяд для таго, каб Расія ўбачыла сапраўдных сяброў, сапраўдных прыліпалаў і сапраўдных ворагаў".

"Для нас вельмі важна быць разам. Мы гатовы прапанаваць Расіі ўсё што захоча ў плане сельскагаспадарчай прадукцыі. Мы гатовы калі не на 100 працэнтаў, то вялікую долю яшчэ дабавіць на расійскім рынку".

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Наўгародскай вобласці ў плане развіцця сельскай гаспадаркі актыўна супрацоўнічаць з беларускімі вучонымі: "Хочаце, падключайцеся да нашых вучоных. Мы гатовы вам рэкамендаваць, раіць, падказваць, як лепш, на аснове таго, што мы тут праверылі. Мы закупілі для гэтага самае сучаснае абсталяванне. Мы вам можам гэты вопыт перадаць. Ён будзе вам карысны, аж да будаўніцтва аграгарадкоў". У прыватнасці, Прэзідэнт прапанаваў стварыць у Наўгародскай вобласці пару сортавыпрабавальных станцый, аналагічных тым, якія ёсць у Беларусі.

На заканчэнне губернатар падараваў Аляксандру Лукашэнку зменшаную копію помніка 1000-годдзя Расіі, устаноўленага ў Ноўгарадзе ў 1862 годзе.

←Фюле: ЕС ищет пути поддержки гражданского общества в Беларуси и грозит санкциями нарушителям прав человека

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика