Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь не хавае праблем, а вырашае іх"
Расійскія журналісты, якія ўзялі ўдзел у чарговым буйным прэс-туры ў Беларусь, убачылі рэальную краіну, рэальных людзей, рэальнае жыццё.
"Для сустрэчы з вамі мы не ўпрыгожвалі рэчаіснасць і не будавалі нейкія "пацёмкінскія вёскі". У Беларусі гэта не прынята", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, распачынаючы прэс-канферэнцыю. Натуральна, у нас ёсць усё: і поспехі, і няўдачы, і станоўчыя прыклады, і нявырашаныя пытанні. Галоўнай задачай было паказаць расійскім журналістам Беларусь такой, як яна ёсць на самой справе, і каб яны расказалі пра нашу краіну ў братняй Расіі. Паводле слоў Прэзідэнта, патрэба ў гэтым ёсць. Ідзе час, але праблема аб'ектыўнага інфармавання расійскай грамадскасці аб сітуацыі ў саюзнай Беларусі актуальнасці не губляе.
"Я, як і ўсе беларусы, пастаянна гляджу вашы асноўныя тэлеканалы, чытаю газеты, інтэрнэт-выданні. Аднак не перастаю здзіўляцца таму, як жа ўсё можна перакруціць, сказіць. Навошта гэта трэба?" — задаецца пытаннем беларускі лідар. Калі верыць усяму, то складваецца ўражанне, што крызіс вось-вось знішчыць нашу дзяржаву, што беларусы ледзь не выміраюць... Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся думкамі з гэтай нагоды расійскіх журналістаў, якія маглі ўсё пабачыць на ўласныя вочы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не хавае праблем, а вырашае іх. Мы маем станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы і рэзервы, каб захаваць гэтую дынаміку. Правільнасць курсу ў пераадоленні крызісных з'яў пацвярджаюць і сур'ёзныя замежныя эксперты.
Падчас прэс-канферэнцыі, якая доўжылася больш за чатыры гадзіны, беларускі лідар адказаў больш як на 30 пытанняў.
Пра крызіс
У Беларусі няма ўсеагульнага эканамічнага крызісу, а ёсць толькі некаторыя праблемы на валютным рынку.
"Крызіс — гэта калі абвальваецца ўсё, і эканоміка перш за ўсё. Калі ў людзей няма працы і няма зарплаты", — адзначыў Прэзідэнт. ВУП Беларусі за мінулы перыяд вырас да ўзроўню мінулага, даволі паспяховага, года прыкладна на 10 працэнтаў. Акрамя таго, у рэспубліцы адзначаецца дэфіцыт рабочай сілы.
"У сувязі з праблемамі на валютным рынку і рэзкай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты я таксама попелам галаву не пасыпаю і сваім падначаленым гэта раю не рабіць", — заявіў Прэзідэнт, растлумачыўшы, што гэтая сітуацыя была выклікана няхваткай замежнай валюты. У якасці адной з прычын такой няхваткі ён назваў ажыятаж на аўтамабільным рынку, звязаны з павышэннем мытных пошлін. На гэтыя мэты з Беларусі было вывезена амаль $3 млрд. "Гэта тыя тры мільярды, якіх нам, дарэчы, і не хапіла", — заўважыў беларускі лідар.
"Але нам і "дапамаглі", вядома, вельмі моцна, у тым ліку і расійскія СМІ, і некаторыя чыноўнікі, якіх сёння ўжо няма, якія стварылі вакол Беларусі ажыятаж. А вы ведаеце, што такое чуткі для нацыянальнай валюты", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Да таго ж за апошнія пяць гадоў рэзка выраслі цэны на энерганосьбіты, якія Беларусь за валюту набывае ў Расіі. І гэта нягледзячы на тое, што наша эканоміка забяспечвае работу прадпрыемстваў Расіі, дзе працуе 15 млн чалавек.
Аднак сёння мы маем станоўчыя тэндэнцыі ў знешнім гандлі. За апошнія месяцы станоўчае сальда склала больш за 300 млн долараў.
Па сутнасці — парадокс! Нармальна развіваецца эканоміка, сельская гаспадарка, мы больш зарабілі валюты, але яе не хапіла... Па вышэйназваных прычынах. Сёння, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Расія выказвае разуменне гэтых праблем.
Пра адносіны з кіраўніцтвам Расіі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб адсутнасці міжасобасных праблем у адносінах з кіраўніцтвам Расіі.
"Бывалі моманты, калі неадназначна складваліся нашы адносіны, — прызнаў беларускі лідар. — Але, паверце, гэта не таму, што ў Лукашэнкі — дрэнны характар. Лукашэнка — Прэзідэнт, ён адказвае за канкрэтную краіну, за мільёны людзей, якія тут жывуць, і за расійскіх нашых братоў, якім неабыя- кавая Беларусь".
"Калі я бачу, што нешта складваецца не так, як абяцана, я на гэта рэагую, — дадаў Прэзідэнт. — Можа, я дзесьці памыляўся, я ж таксама чалавек. Але час паказвае, што я ўсё ж такі меў рацыю".
"Калі і былі нейкія непаразуменні нашай палітыкі, то яны на сённяшні дзень знятыя", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы павінны паважаць адзін аднаго, ні ў якім разе не павінны адзін на аднаго наскокваць, збіваць і да таго падобнае, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Асаблівасць нашых адносін з расійскім кіраўніцтвам заключаецца ў тым, што мы, як ніхто іншы, адкрыта, сумленна і прама крытыкуем адзін аднаго, выказваем сваё меркаванне, не хаваем за дыпламатычныя фармулёўкі нашы настроі, высновы і гэтак далей. Гэта дарагога каштуе".
"Мы прайшлі вельмі вялікі шлях і змаглі захаваць усё тое добрае, што засталося нам ад Савецкага Саюза, — падкрэсліў беларускі лідар. — Гэта сведчыць пра адкрытасць і блізкасць партнёраў".
Пра АЭП
Для ўдзельнікаў АЭП патрэбны роўныя ўмовы гаспадарання, а не паніжальныя інтэграцыйныя каэфіцыенты.
"Беларусь першая вырашыла ўсе праблемы, звязаныя з фарміраваннем Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы (Расія і Казахстан ад нас адсталі і былі вымушаны гэта прызнаць), — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Тады Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін сказаў на нейкай канферэнцыі, што Лукашэнка і Беларусь з'яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі Расійскай Федэрацыі і інтэграцыі, якую праводзіць у тым ліку і РФ".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчы ў Сочы з Прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым ён падкрэсліў: "Нам не патрэбны ніякія паніжальныя інтэграцыйныя каэфіцыенты, пра якія прэм'ер Расіі сказаў, — мы дамовіліся аб Адзінай эканамічнай прасторы, мы не пабаяліся, пайшлі на тых умовах, якія сфармулявалі сумесна, таму хочам, каб на гэтых умовах і працавалі: калі свабода для Расіі і грамадзян Расіі ў Беларусі, то такая ж свабода павінна быць у Расіі для грамадзян Беларусі".
Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў, што Беларусь адданая адзінству і інтэграцыі — гэта палітыка захоўваецца на працягу ўсёй найноўшай гісторыі краіны.
ПРА Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі
Адказваючы на пытанне пра тое, ці не адыдзе ў цень Саюзная дзяржава на фоне стварэння Адзінай эканамічнай прасторы і ў перспектыве Еўразійскага саюза, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Такога не павінна здарыцца".
Аднак ён адзначыў, што працэсы інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы запаволіліся, але прычына не ў Беларусі. "Не трэба стрэлы кідаць у Беларусь, што беларусы вінаваты ў запаволенні. У іншым трэба шукаць гэтыя прычыны. Але тое, што мы цяпер узварушылі гэтую арганізацыю, што мы ў лістападзе вернемся да пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета, гэта шмат пра што сведчыць", — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным загубіць праект Саюзнай дзяржавы. "І АДКБ, і ЕўрАзЭС з'явіліся толькі дзякуючы таму, што быў працэс стварэння Саюзнай дзяржавы. Гэта быў мацнейшы штуршок", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі, адзначыўшы, што ў гэтым падыходзе з ім салідарнае і кіраўніцтва Расіі.
"Я не вораг гэтай інтэграцыі і не магу быць ворагам, таму што я калісьці яе па ўсіх напрамках ініцыяваў. Я заўсёды адчуваў падтрымку з боку кіраўніцтва Расіі", — дадаў беларускі лідар.
Беларусь не ініцыявала сыход Паўла Барадзіна з пасады дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы.
"Мы не ініцыявалі гэты працэс. Гэта вельмі вопытны палітык, вельмі разумны чалавек, і не трэба засмучацца і думаць, што Барадзіну не знойдзецца працы. Страціць такога чалавека ні Расія, ні Беларусь не можа. Ён заўсёды знойдзе працу. Калі не ў вас, дык мы яго з задавальненнем возьмем на работу", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, і ў Беларусі, і ў Расіі да Паўла Барадзіна вельмі добра ставяцца.
Разам з тым кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: "Расійская Федэрацыя рэкамендуе іншага чалавека на гэтую пасаду. Гэта іх права".
ПРА супрацоўніцтва ў ваеннай сферы
Аляксандр Лукашэнка назваў "іх справай" рэакцыю заходніх краін на беларуска-расійскія ваенныя вучэнні.
Адказваючы на пытанне пра тое, ці не з'яўляецца праведзенае нядаўна на расійскіх палігонах Гарахавецкі і Ашулук сумеснае беларуска-расійскае вучэнне "Шчыт Саюза-2011" адказам заходнім краінам на спробы аказаць ціск на Беларусь, у прыватнасці, з-за падзей 19 снежня 2010 года, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што рашэнне аб правядзенні гэтага вучэння было прынята два гады таму. "У нас склалася такая практыка: на картах адзін раз у год праводзіць вучэнні, а праз два гады праводзім маштабныя вучэнні на тэрыторыі Беларусі і Расіі", — дадаў ён.
"Як на гэта будуць рэагаваць нашы партнёры — гэта іх справа. Але мы ўдасканальваем свае Узброеныя Сілы, таму што ведаем, што тая краіна, якая не корміць сваіх салдат, будзе карміць чужых. Мы гэта добра разумеем. А яны няхай думаюць", — сказаў беларускі лідар.
Аб прыватызацыі "блакітных фішак"
Прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў у Беларусі не забаронена, але гэта павінна адбывацца на выгадных умовах, падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы не лічылі, колькі мы можам атрымаць, калі прададзім усю краіну. Напэўна, нямала мільярдаў долараў. Але перад намі такая мэта не стаіць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У нас прыватызацыя не забаронена. Прыватызаваць можна любое прадпрыемства, але ў нас кропкавая прыватызацыя". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўмовы прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў у Беларусі даўно вызначаны, ёсць план прыватызацыі 244 прадпрыемстваў.
Як далажылі Прэзідэнту, 22 прадпрыемствы з гэтага спісу ўжо прададзены на аўкцыёнах, большасць з іх купілі расіяне. Сёлета на таргі будзе выстаўлена 180 прадпрыемстваў. "Прыходзьце", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў дасягненне дамоўленасцяў з "Газпрамам" аб продажы 50 працэнтаў акцый "Белтрансгаза" пры ўмове транзіту газу праз Беларусь.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў якасці ўмовы продажу 50 працэнтаў акцый "Белтрансгаза" беларускі бок называе патрабаванне аб прапампоўцы расійскага газу праз тэрыторыю Беларусі. "Ну што, я прадам трубу, а вы не будзеце па ёй пампаваць газ на Захад, будзеце па "Паўночным патоку"? Дык які сэнс мне прадаваць яе? — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму мы гаворым "Газпраму" так: мы вам гэтую трубу прададзім, але з умовай, што яна будзе задзейнічана, што вы яе не перакрыеце, не закрыеце. Гэта таксама нашы даходы".
Прэзідэнт таксама дадаў: "Там працуюць нашы людзі, прыкладна 10 тыс. чалавек. "Белтрансгаз" — гэта вялікая арганізацыя. Я павінен гарантаваць нармальнае функцыянаванне гэтай кампаніі? Павінен!"
Каментуючы ацэнкі беларускай эканомікі з боку розных рэйтынгавых агенцтваў, у тым ліку Stаndаrd & Рооr's, Прэзідэнт адзначыў: "Не іх справа нам даваць рэкамендацыі. Мы самі са сваімі рэформамі разбяромся. Гэта адна і тая ж кантора, з адной і той жа банды, якая хацела б, каб мы парэзалі на кавалкі краіну і танней камусьці аддалі".
"Рэформы пад іх праводзіць мы не будзем. Пад рэформамі разумеюць адно: парэзаць на кавалкі і аддаць бясплатна. Мы да такіх рэформаў, прынамсі, не гатовыя. Нічога рэзаць не будзем і бясплатна аддаваць не будзем. Будзе аўкцыён — прыходзьце купляйце", — сказаў беларускі лідар.
ПРА якасныя прадукты харчавання
"Каб не мець праблем, набывайце беларускае!" — параіў расіянам Аляксандр Лукашэнка.
У прыватнасці, адзін з журналістаў адзначыў, што ў Расіі сутыкнуліся з праблемай, калі буйныя гандлёвыя сеткі ў пагоні за нажывай выкладваюць на паліцы недабраякасныя прадукты харчавання.
Паводле слоў Прэзідэнта, якасць прадуктаў харчавання, лекаў, адзення з'яўляецца пытаннем бяспекі грамадзян. "Натуральнае заўсёды будзе ў цане. І мы строга павялі такую палітыку", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што беларускія прадукты харчавання карыстаюцца вялікім попытам у Расіі. "Як толькі беларускія прадукты харчавання з'яўляюцца, яны знікаюць за адну гадзіну. Іх раскупляюць не таму, што яны толькі таннейшыя. Таннага ў Расіі хапае. Але яны натуральныя. І мы ніколі з гэтым пытаннем не жартуем. Мы гэтаму ўдзяляем вялікую ўвагу", — заявіў беларускі лідар.
Пры гэтым ён заўважыў, што, як і ўсюды, часам на паліцах магазінаў выяўляюць пратэрмінаваны тавар. "Але праблемы, што нешта няякаснае, з парушэннем нормаў бяспекі, стандартаў, — такога няма", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Аб працоўных мігрантах
У Беларусі няма праблем з гастарбайтарамі.
"У нас няма такой праблемы, яна не крычыць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У якасці прыкладу Прэзідэнт назваў праект з кітайскімі кампаніямі ў сферы нерухомай маёмасці. "Кітайцы ў Беларусі будуць будаваць цэлы квартал, жылыя дамы. І мы хочам пераняць у іх вопыт, калі яны з зямлі здабываюць ваду, выкарыстоўваюць цяпло вады і абаграваюць ім памяшканні. Узнікла пытанне: хто будзе працаваць? У спісе — 50 кітайцаў. Калі ласка, прыязджайце, усім астатнім вас забяспечым", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адзначыўшы, што пытанне прыцягнення замежнай рабочай сілы знаходзіцца на кантролі Прэзідэнта і мясцовых органаў улады, ён падкрэсліў, што ў Беларусі ў гэтай сферы наведзены парадак. "У нас няма гэтай "разбэшчанасці". Прыехаў, адпрацаваў — дзякуй, вось табе грошы, паехаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што тыя, хто прыязджаюць у Беларусь, ведаюць, чым тут будуць займацца.
Паводле яго слоў, Беларусь не адчувае вялікага прытоку замежнай рабочай сілы. "Няма праблемы, каб нехта прыехаў і дзесьці ў падвале жыў па 20-30 чалавек", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што ў рэспубліку прыязджаюць пераважна будаўнікі і прыязджаюць арганізавана для работы на канкрэтных аб'ектах, якія, як правіла, фінансуюцца той жа краінай.
Пра "палітзняволеных"
Прэзідэнт Беларусі не выключае магчымасці вызвалення астатніх асуджаных за ўдзел у масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.
Што датычыцца патрабаванняў аб вызваленні так званых "палітзняволеных", кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "ў Беларусі няма "палітычных" артыкулаў". "Але гэта ідэалагічна абыгрываецца. Там, напэўна, 2 ці 3 чалавекі засталіся ўсяго з ліку асуджаных за ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску. Але яны не хочуць выходзіць на свабоду, хочуць быць у турме, быць "героямі", — адзначыў Прэзідэнт.
"Захочуць выйсці — мы разгледзім іх заявы, нам яны там не патрэбны. Яны і ім (на Захадзе) ужо не патрэбны..." — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі не лічыць палітвязнямі асуджаных за беспарадкі ў снежні. "Якія палітвязні? Яны асуджаны па пэўным артыкуле. Бярыце ў заходніх журналістаў кадры і глядзіце, што было. Як быццам у Расіі ці Амерыцы па-іншаму б паступілі, калі б Белы дом ці Крэмль штурмаваць пачалі адмарозкі? Дык мы ж нікога нават вадой не палівалі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"А ў Вялікабрытаніі? Некалькі тысяч затрымалі, і ніхто не ведае, дзе людзі. Ім можна, а нам нельга? — заўважыў Прэзідэнт. — Я ўжо пра Лівію не кажу, пра Ірак! Узялі і разбамбілі. Спачатку Ірак разбілі, затым Лівію. І што, дзякуючы ваеннай дэмакратыі? Цяпер Сірыю нахіляюць. Балазе, што Кітай, Расія абаранілі. Завошта нахіляюць? Нафта патрэбна. Багацці патрэбныя. Гэта ж усе разумеюць у свеце".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі з боку Захаду ўвесь час выстаўляюцца розныя ўмовы.
"Мы не адмаўляемся ад падтрымкі і звычайных адносін з ЗША, Еўрапейскім саюзам. Але там нам пастаянна ставяць умовы: палітвязні, выбары вось па гэтых стандартах", — падкрэсліў Прэзідэнт.
"Ужо дагаварыліся да таго, што на мінулым тыдні, я тут ужо не буду называць, запрасілі аднаго з нашых людзей, якія нібы маюць доступ да Прэзідэнта, ён сапраўды мне можа штосьці сказаць. Маўляў, вы разумееце: ваш Прэзідэнт, мы яму забяспечым усё (гэта з амерыканскага боку прапановы нам уносяць): і яго старасць, і іншае. Паглядзіце, як Прэзідэнту Украіны", — распавёў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, гэты чалавек адмовіўся размаўляць далей на гэтую тэму.
"Гэта ж да чаго дадумацца! Ды дайце нам жыць спакойна! Мы вам праблем не ствараем. Чаго вы тады нам нейкія ўмовы ставіце?"
Каментуючы заявы, што перыядычна ўзнікаюць пра тое, што Прэзідэнт Беларусі падладжваецца да Захаду на шкоду Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Я ніколі да іх не падладжваўся, наогул ні да кога не падладжваўся, таму што можна дагуляцца".
Паводле слоў Аляксандра Лу- кашэнкі, ён заўсёды ў размове з прадстаўнікамі Захаду падкрэслівае: "Вы не чакайце, што я буду на шкоду Расіі супрацоўнічаць з Захадам. Гэтага ж не патрэбна ні Захаду, ні Расіі. Мы хочам быць надзейным сувязным звяном паміж Расіяй і Еўрасаюзам. Мы павінны быць добрымі і там, і там".
Пра еўрапейскі крэдыт у 9 млрд долараў
Аляксандр Лукашэнка назваў звесткі ў СМІ пра намер краін Еўрасаюза даць Беларусі крэдыт у $9 млрд не больш чым журналісцкай "качкай".
"Што да $9 млрд, якія абяцалі ў Варшаве. Можа, вы чулі, што яны камусьці абяцалі, але мне яны ніколі не абяцалі. Ну, па-першае, калі б яны мне паабяцалі, то я б падумаў — вар'яты. Хто ж табе вось так возьме і дасць $9 млрд, нават крэдытаў. Але калі крэдытаў, то мы яшчэ падумаем, калі гэта больш за 6-7% — гэта непрымальна, а пад 5 і ніжэй наўрад ці хто дасць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Гэта проста была "качка". Ніхто не прапанаваў. Да часу б прыйшліся", — адзначыў ён.
Пра ацэнку выбараў і сацыялагічныя рэйтынгі
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі "па паняццях" Еўрасаюза.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб ходзе прэзідэнцкай кампаніі, яе розных этапах. Ён адзначыў: "Я ішоў на ўсе ўступкі. І што атрымалася?! Толькі чую: ён такі-сякі, ён нягоднік і іншае. Я для іх чужы ідэалагічна, я ніколі не буду для іх сваім".
"Мы правялі гэтыя выбары так, і ўсё роўна дрэнна, — дадаў беларускі лідар. — Праўда, і некаторыя расія- не дапамаглі нас падціскаць з усіх бакоў, але мы вытрымалі гэта. Я не скарджуся, гэта, напэўна, такі лёс беларусаў і мой лёс разам з імі. Вельмі ўжо прывабны гэты кавалак зямлі, вельмі стратэгічна важны".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усе ведаюць цану рэйтынгаў так званых незалежных сацыёлагаў: колькі працэнтаў Захадам аплачана, столькі і будзе.
Адзін з журналістаў задаў пытанне пра затрыманне дырэктара НІСЭПД Алега Манаева. Прэзідэнт тут жа запатрабаваў звесткі пра гэты факт і праз некаторы час абвясціў атрыманую з МУС інфармацыю. "Манаеў быў затрыманы каля плошчы Перамогі ў Мінску пры правядзенні аперацыі па спыненні абарачэння наркотыкаў. Праз 2 ці 3 гадзіны яго выпусцілі", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Што да вынікаў сацыялагічных даследаванняў, якія праводзіў узначалены Алегам Манаевым інстытут, то беларускі лідар публічна ў прамым эфіры агучыў іх. Яны, дарэчы, павінны былі быць прэзентаваны 6 кастрычніка ў польскім пасольстве.
Адметна, што Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў зарэгістраваны ў Літве і не мае рэгістрацыі ў Беларусі, як не мае і ліцэнзіі на правядзенне даследаванняў у нашай краіне.
Са свайго боку, Прэзідэнт прывёў вынікі даследавання грамадскай думкі, праведзенага айчыннымі сацыёлагамі. Давер кіраўніку дзяржавы выказвае амаль 70% жыхароў Беларусі. Гэта трохі менш у параўнанні з дадзенымі сацыялагічнага апытання, праведзенага ў жніўні (70% супраць 80%). 70% рэспандэнтаў лічаць, што дзейнасць Прэзідэнта адказвае іх інтарэсам, 60% апытаных пазітыўна ўспрымаюць жыццёвую сітуацыю (раней было больш за 80%). Амаль 50% (па гэтай пазіцыі назіраецца значнае падзенне) упэўненыя ў заўтрашнім дні. У 58% грамадзян пераважае пазітыўны эмацыйны стан. "Гэта вельмі нізкі ўзровень", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што нідзе няма 20%, пра якія заяўляюць незалежныя сацыёлагі.
Развіваючы тэму з сацыялагічнымі рэйтынгамі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не трымаецца за прэзідэнцкае крэсла дзеля ўлады і грошай.
"Лукашэнка ніколі не здраджваў і не здрадзіць не толькі беларусам, але і расіянам. Ніводны ў мяне камень не кіне і не скажа, што ён — злодзей, што ён прыйшоў да ўлады, нажыўся, мае ўсё, а мы — нічога. Ніколі я гэтую мяжу не пераступлю, і такога шанцу сваім ворагам не дам", — падкрэсліў Прэзідэнт.
"Калі б я толькі быў упэўнены і ведаў, што сёння 80% беларусаў ненавідзяць Лукашэнку, я б сказаў: дзякуй, браткі беларусы, я сабе на хлеб зараблю. Я не трымаюся за гэта крэсла, як вы часам пішаце ў Расіі, дзеля ўлады ці дзеля багацця і грошай", — заявіў Прэзідэнт.
"Не, я — першы Прэзідэнт краіны, і я павінен, сыходзячы, пакінуць краіну такой, каб сорамна было пасля мяне працаваць горш. І такую краіну я пакіну ў спадчыну беларусам", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пра супрацоўніцтва з Кітаем
Па словах Прэзідэнта, "кітайцы вельмі доўга прыглядаюцца да партнёраў". "Але яны прынялі рашэнне: Беларусь — гэта краіна, з якой мы будзем супрацоўнічаць, нягледзячы ні на што, і будзем іх падтрымліваць заўсёды і ўсюды", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "І яшчэ Ху Цзіньтаа перад мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі прыехаў да нас, калі нас душылі тут неймаверна, і ў адкрытую заявіў: мы Беларусь у крыўду не дадзім, мы будзем падтрымліваць, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны нават больш радыкальную пазіцыю занялі, чым расіяне. Хоць тады і расіяне нас падтрымлівалі".
Кітай выдаткаваў Беларусі крэдытную лінію на $15 млрд пад рэалізацыю розных праектаў, $3 млрд ільготных крэдытаў. У наш час Кітай рэалізуе ў Беларусі паўтара дзясятка праектаў. "Чаму мы павінны ад гэтага адмаўляцца? І крэдыт не 8%, як нам Кудрын праз ЕўрАзЭС прапанаваў, а 2-2,5%", — дадаў Прэзідэнт.
"Гэта не таму, што мы за грошы прадаліся, — яны нам ніякіх умоў не ставяць. Калі гэта камерцыйны крэдыт — на камерцыйных умовах, калі міждзяржаўны — значыць, на дзяржаўных умовах. Гэта значыць, людзі да нас ідуць з душой. Яны ад нас не патрабуюць нейкай там прыватызацыі, яны вельмі прыстойна сябе вядуць у дачыненні Беларусі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што было б неразумна адмаўляцца ад падтрымкі "такога гіганта, як Кітай". У Беларусі шмат што ўзялі ў кітайцаў. "Так, у іх свая спецыфіка. Але гэта мудрыя людзі, працавітыя, у іх многаму можна навучыцца".
Пра асвятленне трагедыі пад Яраслаўлем
Прэзідэнт Беларусі папракнуў расійскія тэлеканалы ў няўвазе да жалобных мерапрыемстваў, якія прайшлі ў Мінску ў памяць хакеістаў "Лакаматыва", якія загінулі ў авіякатастрофе пад Яраслаўлем.
Паводле слоў Прэзідэнта, уся Беларусь перажывала і дагэтуль перажывае гэтую трагедыю, бо там загінулі беларускія хлопцы, яраслаўская каманда ляцела на гульню ў Мінск. Як толькі стала вядома пра катастрофу, у "Мінск-Арэне" адбыўся вечар-рэквіем (яшчэ ў Яраслаўлі гэтага не зрабілі).
"А вы ведаеце, як перажывала Беларусь гэтую трагедыю? Мала таго, што нашы хлопцы там гулялі, дык яны і да нас ляцелі. Для нас гэта была трагедыя неймаверная", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ў расійскіх СМІ практычна не было інфармацыі аб жалобных мерапрыемствах у Мінску, якія прайшлі на ўзроўні Прэзідэнта, хоць была просьба да тэлеканалаў перадаць гэты боль расіянам.
"Усе людзі проста валам ішлі да стадыёна, куды павінны былі хлопцы прыляцець, неслі кветкі. Нават "Еўраньюс" паказаў больш аб'ектыўна..." — адзначыў Прэзідэнт.
Самым аб'ектыўным расійскім тэлеканалам ён назваў ТРА Саюзнай дзяржавы, які вяшчае і ў Беларусі, і ў Расіі, і паабяцаў падтрымку. У цэлым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў вялікую цікавасць з боку расіян да падзей у Беларусі.
Пра святкаванне 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
"Урокі вайны мы павінны асцярожна захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Адназначна да гэтай даты будзе адкрыты новы музей Вялікай Айчыннай вайны. Гэта будзе жамчужына Беларусі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў першую чаргу гэтую памяць трэба захаваць для новага пакалення. У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла 30% свайго насельніцтва, і гэтага нельга забываць.
У цэлым, Прэзідэнт адзначыў, што імпрэзы 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у краіне будуць праведзены масава "з найвялікшай павагай да нашай агульнай гісторыі".
Пра артыкул Пуціна
Аляксандр Лукашэнка напярэдадні ў тэлефоннай гутарцы з прэм'ер-міністрам Расіі Уладзімірам Пуціным абмеркаваў яго артыкул у "Известиях".
"Мы ўчора з ім размаўлялі. Ён папрасіў мяне заўчора, каб мы звязаліся. Дамовіліся, што ў 11 гадзін мы перамовімся. Роўна ў 11 ён мне патэлефанаваў, — распавёў Аляксандр Лукашэнка. — Пра палітыку не гаварылі, пра прэзідэнцкія выбары таксама".
Па словах Прэзідэнта Беларусі, гаварылі шмат пра асноўныя палажэнні артыкула Уладзіміра Пуціна, апублікаванага ў "Известиях".
"Я яму сказаў, што мы з калегамі хацелі б у гэтым кірунку свой пункт гледжання выказаць, паколькі гэта выклікала ў пэўных колах ажыятаж, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Таму было б непрыстойным (гэта датычыцца нас і казахаў больш за ўсё), калі б мы не адрэагавалі на гэта".
Па словах Аляксандра Лукашэнка, ён даручыў ужо сёння сабраць матэрыялы на гэтую тэму. "І я хачу, калі, вядома ж, "Известия" апублікуюць гэты артыкул, выказаць сваю пазіцыю. У мяне шмат ёсць што распавесці", — адзначыў Прэзідэнт.
У той жа час Аляксандр Лукашэнкі падкрэсліў, што вітае пазіцыю Уладзіміра Пуціна па АЭП. "Падобна, што Расія адназначна вызначылася, у якім кірунку ёй рухацца. Мы гэта вітаем і гатовыя ў гэтым удзельнічаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Я заўсёды казаў: пакуль Расія не вызначыцца і не пачне рухацца, аб'ядноўваць усіх нас вакол, нічога не будзе. Не толькі я, але і Назарбаеў, іншыя падтрымлівалі, штурхалі: давай-давай, Расія. Трэба сказаць, што кіраўніцтва Расіі гатова, але ў вас жа пласт ліберальны быў, які казаў: інтэграцыя на постсавецкай прасторы — гэта добра, але трэба хутчэй у СГА. І гэта пытанне гадамі не вырашалася", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння ўжо практычна мы прыйшлі да Адзінай эканамічнай прасторы, але вось так канцэптуальна, як Пуцін у гэтым артыкуле піша, гэта ўпершыню", — сказаў Прэзідэнт Беларусі, асабліва падкрэсліўшы ролю таго, што сваю думку прэм'ер-міністр Расіі выказаў публічна. "Трэба ведаць Пуціна, яго добрая асаблівасць — калі ты хочаш ад яго чагосьці дамагчыся, ты павінен ад яго дамагчыся абяцання, публічнага лепш за ўсё. Вось калі ён паабяцае, ён заўсёды трымае слова", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што выказванні Уладзіміра Пуціна не варта разумець у тым ключы, што Беларусь ці Казахстан страцяць незалежнасць. "Ды глупства, ён нідзе пра гэта там не піша, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І потым, гэта наша права: мы можам згаджацца, можам не згаджацца, можам ісці на гэта, можам не ісці". Ён таксама дадаў, што з 1 студзеня АЭП пачне функцыянаванне. "І калі беларусы ўбачаць, што мы будзем мець роўныя ўмовы для грамадзян, бізнэсу, прадпрыемстваў, значыць, мы будзем лічыць, што вызначыліся правільна. Калі гэтых умоў роўных не будзе, які сэнс для нас мае гэта Адзіная эканамічная прастора?" — задаўся пытаннем Прэзідэнт.
Пра другую хвалю крызісу
Беларусь гатовая разам з Расіяй пераадолець новую хвалю крызісу, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Самая галоўная праблема крызісу — няма куды будзе прадаць прадукцыю. Усё астатняе нас менш за ўсё хвалюе. Будзем неяк выбірацца, калі хваля крызісу нас накрые. Але разам з Расіяй. І нам будзе лягчэй, і вам", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Па яго словах, беларусам ёсць што прапанаваць расіянам, а ў расіян ёсць тое, што трэба беларусам. "Разам мы гэты крызіс пераадолеем. І гэта не так будзе балюча. Таму тут мы таксама разлічваем на Расію, і вы таксама можаце на нас разлічваць", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Разам з тым ён перакананы, што ў такіх сітуацыях не трэба баяцца ўключаць і дзяржаўнае рэгуляванне. "Гутаркі пра тое, што рынак адрэгулюе... Якія бізнэсмены ў вас і ў нас, вы ведаеце: хапанулі сваё — і добра. Вось яны і будуць вам рынкам кіраваць", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Таму, лічыць Прэзідэнт, трэба быць гатовым да таго, што дзяржаве прыйдзецца ўмешвацца, як гэта зрабілі ў Еўрасаюзе і Амерыцы. "Як крызіс грымнуў, усе загаварылі пра дзяржаўнае рэгуляванне і пачалі паказваць у бок Беларусі: а вось Лукашэнка захаваў рэгуляванне. Так, дзе трэба, мы рэгулюем. Калі не трэба, мы адыходзім, сыходзім убок, каб не замінаць. Але гэтыя рычагі павінны быць у арсенале", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пра новыя сцэнарыі "каляровых рэвалюцый"
Беларусь гатовая супрацьстаяць нават новым сцэнарыям "каляровых" рэвалюцый, заявіў Аляксандр Лу- кашэнка.
"У Беларусь паспрабавалі падкінуць рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзеяч, які кіраваў гэтымі сацыяльнымі сеткамі, сядзіць у Польшчы, спецслужбамі ахоўваецца і фінансуецца вядома кім. Збіраліся 200-300 чалавек, пляскалі, мукалі, крычалі. Як мы з гэтым змагаліся, расійскія СМІ распавядалі". І дадаў з гумарам: "Праўда, цяпер ужо не мукаюць, напэўна, холадна стала".
"Мы павінны быць гатовыя да гэтага. І як гэтаму супрацьстаяць, можам падзяліцца — у нас ёсць пэўны досвед, у вас таксама", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Што да верагоднасці падобных рэвалюцый у Расіі, то беларускі лідар адзначыў, што "падобнасць 100-працэнтная, але вынік нулявы".
"Мы сябе ўсё адно захаваем, будзем моцнымі, — упэўнены Прэзідэнт. — Чым ствараць у нас рэвалюцыі, дык лепш дамаўляцца. І вы, і мы адкрытыя людзі. У нас ёсць падстава для сілы і моцы: багацце, інтэлектуальны патэнцыял, імкненне і характар быць незалежнымі".
Сяргей ПРОТАС.