Кастрычнік: новае ў сацыяльнай падтрымцы насельніцтва

Источник материала:  

На 28% павышаецца тарыфная стаўка першага разраду

Як патлумачыла ўчора "Звяздзе" міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна ШЧОТКІНА, гэтаму паспрыяла даручэнне, якое кіраўнік дзяржавы даў ураду: разгледзець і прапрацаваць — з улікам магчымасцяў бюджэту дзяржавы — пытанне аб павышэнні тарыфнай стаўкі першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы да канца гэтага года. У мэтах выканання даручэння ўрадам была прынята пастанова ад 1 кастрычніка 2011 года № 1310, згодна з якой з 1 кастрычніка гэтага года тарыфная стаўка першага разраду павышана са 118 да 151 тысячы рублёў (на 28 працэнтаў).

Кастрычнік: новае ў сацыяльнай падтрымцы насельніцтваАкрамя таго, улічваючы няпростую сітуацыю, якая склалася ў эканоміцы рэспублікі, гэтай жа пастановай з 1 лістапада 2011 года для аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы ўведзены штомесячныя дыферэнцыраваныя даплаты ў дыяпазоне 240-16 тыс. руб. Канкрэтныя памеры названых даплат па тарыфных разрадах (з 1-га па 27-ы) у бліжэйшы час будуць устаноўлены пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Як адзначыла Мар'яна Акіндзінаўна, павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду дазваляе, па-першае, палепшыць структуру заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы за кошт уключэння індэксацыйных выплат часткова ў памер тарыфнай стаўкі першага разраду, а часткова — у штомесячныя дыферэнцыраваныя даплаты. Так, у жніўні 2011 года памер індэксацыі, якая выплачвалася кожнаму работніку бюджэтнай сферы, склаў 243,7 тыс. руб., што больш чым у 2 разы вышэй за памер дзеючай тарыфнай стаўкі першага разраду (118 тыс. руб.). Па-другое, умацаваць тарыфную частку заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы, павысіўшы іх тарыфныя стаўкі (аклады) на 28 працэнтаў. Па-трэцяе, павялічыць суму сродкаў, якія накіроўваюцца на стымулюючыя выплаты (прэміі, надбаўкі), што дасць магчымасць наймальніку ў павышаных памерах стымуляваць працу найбольш кваліфікаваных, ініцыятыўных работнікаў. І апроч таго — павысіць шэраг выплат стымулюючага і кампенсуючага характару, якія вылічаюцца ад тарыфнай стаўкі першага разраду (напрыклад, даплаты маладым лекарам, настаўнікам, трэнерам-выкладчыкам па спорце; даплаты вучоным за вучоныя ступені і званні; павышэнні асобным катэгорыям работнікаў аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту; даплаты за працу ў шкодных умовах працы і іншыя).

— Не варта забываць і пра арганізацыі рэальнага сектара эканомікі, асобныя з якіх у сваіх лакальных нарматыўных прававых актах прадугледжваюць устанаўленне тарыфнай стаўкі першага разраду на ўзроўні не ніжэй, чым устаноўлены ўрадам, — дадала міністр.

Дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці з 1 кастрычніка ўзраслі ўдвая

... што прадугледжана ўказам № 416 ад 15 верасня гэтага года. Днём узнікнення права на такую дапамогу з'яўляецца дзень нараджэння дзіцяці, адзначыла Мар'яна Шчоткіна. Па яе словах, у выпадку нараджэння дзяцей да 30 верасня ўключна дзяржаўная дапамога прызначаецца ў наступных памерах: пры нараджэнні першага дзіцяці — 5 бюджэтаў пражытковага мінімуму (2 млн 211 тыс. 800 рублёў), пры нараджэнні другога і наступнага дзяцей — 7 бюджэтаў пражытковага мінімуму (3 млн 96 тыс. 520 рублёў). Калі ў сям'і чакаюцца першынцы, то пры нараджэнні двайнят памер дапамогі вызначаецца дыферэнцыравана: на першага з дваіх выплачваецца 5 БПМ, на другога — 7 БПМ. Калі ў сям'і ўжо ёсць дзеці, то дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці будзе выплачана ў памеры 7 БПМ на кожнага з народжаных.

На дзяцей, народжаных з 1 кастрычніка, дапамога будзе выплачвацца ў наступных памерах: пры нараджэнні першага дзіцяці — 10 БПМ перад датай нараджэння дзіцяці (да 31 кастрычніка ўключна — 4 млн 423 тыс. 600 руб.), пры нараджэнні другога і наступнага дзяцей — 14 БПМ (да 31 кастрычніка ўключна — 6 млн 193 тыс. 40 руб). Акрамя таго, пры нараджэнні двайнят дадаткова прадугледжана аднаразовая выплата на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці на кожнага з дзяцей у памеры двухразовай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму (да 31 кастрычніка ўключна — 884 тыс. 720 руб). Выплата гэтай дапамогі вызначаецца ў органе па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.

Міністр нагадала, што зараз бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва складае 442 тыс. 360 рублёў, а з 1 лістапада гэтага года ён будзе перагледжаны.

Інга МІНДАЛЁВА.

←Путин написал статью о будущем Евразийского союза

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика