Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь гатова на конкурснай аснове выбраць інвестара для асваення новых радовішчаў калію"
Беларусь гатова, не зацягваючы тэрміны, на конкурснай аснове выбраць інвестара для асваення новых перспектыўных радовішчаў калійных солей. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 верасня на сустрэчы з кіраўніком групы кампаній Bоullе Mіnіng Grоuр Жанам-Раймонам Булем, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Мы ніколі не скрывалі той факт, што вядзём сур'ёзную прапрацоўку па адным з асноўных інвестыцыйных праектаў у нашай краіне. Я маю на ўвазе пытанні распрацоўкі новых радовішчаў калійных солей у Беларусі і ацэнкі кошту нашага асноўнага здабыўнога прадпрыемства "Беларуськалія". Ацэнка завершана, і Ашчадны банк пацвердзіў нашу цану $30 млрд", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца распрацоўкі новых радовішчаў калійных солей, то, паводле слоў Прэзідэнта, ёсць шэраг прапаноў інвестараў, у тым ліку ад групы кампаній Bоullе Mіnіng Grоuр.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што прасіў ва ўрадзе прапрацаваць усе прапановы, якія паступілі.
"Мы сёння павінны дакладна і пэўна сказаць, у якім напрамку будзем рухацца, у тым ліку па распрацоўцы новых радовішчаў калійных солей, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Рынак калійных угнаенняў на ўздыме. Усе буйныя ўдзельнікі канстатуюць гэты факт. Рост спажывання і попыту на прадукты харчавання садзейнічае росту цэн на ўгнаенні. Гэта вельмі выгадны бізнэс і для нашай дзяржавы. Таму трэба ўдзяліць гэтаму асаблівую ўвагу".
У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Галоўная ўмова адна — ні ў якім выпадку не тармазіць гэтыя працэсы. Ёсць інвестары, хто прапануе лепшыя ўмовы, той і будзе распрацоўваць новыя радовішчы. Хто прапануе большую цану, калі нам трэба будзе прадаць нейкія акцыі нашага асноўнага прадпрыемства, тады мы будзем вырашаць пытанне".
"Але ўсё павінна быць сумленна, адкрыта, на конкурснай аснове: лепшыя ўмовы, лепшыя прапановы будуць адразу прыняты", — дадаў Прэзідэнт.
Пасля заканчэння сустрэчы Жан-Раймон Буль адзначыў, што адбылася канструктыўная размова. "Мы лічым, што існуе спрыяльны клімат для інвеставання ў Беларусь. Група кампаній Bоullе Mіnіng Grоuр праводзіць перагаворы з урадам па праекце інвеставання ў горназдабыўную прамысловасць на мільярды долараў у сферы вытворчасці калійных угнаенняў", — сказаў ён.
Bоullе Mіnіng Grоuр з'яўляецца групай прыватных кампаній, галаўны офіс знаходзіцца ў Люксембургу. Асноўны напрамак дзейнасці — стратэгічнае інвеставанне ў прыватныя і дзяржаўныя кампаніі, занятыя ў сферы маркетынгу, будаўніцтва, геалагічнай разведкі і здабыўной прамысловасці па ўсім свеце.