Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Канюка Аляксандра Уладзіміравіча — генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, вызваліўшы ад пасады намесніка старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь;
Падгурскага Івана Мікалаевіча — начальнікам упраўлення ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь;
Маткіна Алега Уладзіміравіча — намеснікам камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — начальнікам аператыўнай і баявой падрыхтоўкі.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Гадавальнікава Генадзя Васільевіча — намеснікам міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь — дырэктарам Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці.
Назначаючы Аляксандра Канюка, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Па-першае, у пракуратуры трэба прынцыпова разабрацца з сітуацыяй, перш за ўсё з кадравай. Як чалавек ваенны, вы па службе ведаеце многіх людзей, якіх можна было б прыцягнуць для работы ў Генеральнай пракуратуры і пракурорскіх органах, каб перш за ўсё там навесці парадак і павярнуць пракуратуру тварам да вырашэння тых праблем, якія трэба сёння вырашаць".
Па-другое, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу новага генпракурора на тых задачах, якія стаяць перад пракуратурай у святле стварэння Следчага камітэта. "Пракуратура ўбаку стаяць не можа. Без генеральнага пракурора наогул гэту работу немагчыма правесці. Патрэбны адказны, моцны арганізатар, які, калі ўжо не павядзе ў цэлым гэту работу, то будзе ў эпіцэнтры ўсіх дзеянняў. Вы павінны дакладна ведаць не толькі, чым будзе займацца Следчы камітэт, але і выбудоўваць яго аж да арганізацыйнай структуры, падбору кадраў. Таму што вам давядзецца працаваць у цесным кантакце са Следчым камітэтам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Так, ён будзе падначалены непасрэдна Прэзідэнту, але вы рыхтуйцеся да таго, што вельмі вялікія функцыі і паўнамоцтвы ў сувязі з гэтым будуць у Генеральнага пракурора. Калі хочаце, Генеральны пракурор павінен стаць правай рукой у плане арганізацыі і нагляду за следствам, асабліва ў першы час".
"Я не гавару пра тое, што ў нас старшыня Следчага камітэта будзе пазбаўлены ўсялякіх паўнамоцтваў і самастойнасці. Ні ў якім разе. Ён будзе дзейнічаць згодна з тымі законамі, нарматыўнымі актамі, якія будуць выпрацаваны па Следчым камітэце. Што датычыцца нагляду — у нас адзіны орган у гэтым плане — гэта пракуратура. Тым больш, яшчэ раз паўтараю, спачатку мы чакаем ад генеральнага пракурора, ад пракурораў у цэлым, што яны прыкладуць значныя намаганні ў плане фарміравання Следчага камітэта", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра Рыгора Васілевіча, які вызвалены ад пасады генеральнага пракурора, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Ён пераходзіць на іншую работу, у яго вельмі шмат магчымасцяў у гэтым плане. Ён чалавек не чужы, і я гэта хачу адкрыта сказаць, каб ніхто не думаў, што Рыгор Васілевіч тут дрэнны быў для Прэзідэнта. Не, гэта наш чалавек, чалавек, адданы нашай дзяржаве. Таму мы яго будзем выкарыстоўваць або на навуковай рабоце, калі ён гэтага захоча (ён вельмі шмат працуе ў гэтым напрамку), або на выкладчыцкай, або на той і другой, або на нейкай дзяржаўнай службе. Гэта ўжо ён сам павінен вырашыць, і мы вызначымся, дзе ён будзе працаваць. У яго вельмі вялікі вопыт і вельмі вялікія веды як у юрыста. Я гэта вельмі цаню і, вядома, ён з "абоймы" не выпадзе. "Я лічу, што вам трэба выкарыстоўваць той вопыт, які набыў Рыгор Васілевіч у рабоце юрыстам і ў пракуратуры ў тым ліку. Гэта разумны чалавек. Таму я буду толькі рады, калі вы будзеце з ім падтрымліваць добрыя дзелавыя адносіны", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Аляксандра Канюка.
"Задач вельмі шмат. Можа, у сярэдзіне чацвёртага квартала гэтага года, калі вы ўвойдзеце ў курс справы, мы правядзём нараду з пракурорскімі работнікамі. Там назбіраўся шэраг пытанняў, якія трэба здымаць на ўзроўні Прэзідэнта. Вельмі важна будзе, каб мы сустрэліся і вызначылі, як мы будзем дзейнічаць і працаваць. Недзе ў сярэдзіне лістапада, можа, на канец лістапада мы правядзём такую нараду з пракурорскімі работнікамі. Мы праштудзіруем усе пытанні, якія сёння ўзніклі і стаяць перад пракуратурай у цэлым", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.