Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб утварэнні Следчага камітэта
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 12 верасня падпісаў указ № 409 "Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь".
У адпаведнасці з дакументам для ўтварэння Следчага камітэта будзе выдзелены следчы апарат з сістэмы органаў пракуратуры, падраздзяленне папярэдняга расследавання з сістэмы органаў унутраных спраў і сістэмы органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Вызначаны статус Следчага камітэта як дзяржаўнага праваахоўнага органа і органа папярэдняга следства, які падпарадкаваны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі паўнамоцтвы ў сферы дасудовага крымінальнага вядзення па справе.
Акрамя таго, выбудавана адзіная цэнтралізаваная сістэма, якую будуць складаць Следчы камітэт (цэнтральны апарат), упраўленні па абласцях і Мінску, а таксама раённыя (міжраённыя), гарадскія, раённыя ў гарадах аддзелы Следчага камітэта.
Указам таксама замацаваны асноўныя задачы новага ведамства, у тым ліку ўсебаковае, поўнае, аб'ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, захаванне законнасці пры праверцы, разглядзе заяў і паведамленняў аб злачынствах, завядзенні крымінальных спраў, вядзенні папярэдняга следства.
Старшыня Следчага камітэта, яго намеснікі і начальнікі ўпраўленняў па абласцях і Мінску будуць назначацца на пасады Прэзідэнтам.
Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2012 года.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.