Аляксандр Лукашэнка катэгарычна супраць пераносу тэрмінаў рэалізацыі інвестпраекта "Мінск-Сіці" і змянення яго канцэпцыі

Источник материала:  

Інвестпраект "Мінск-Сіці" павінен быць рэалізаваны ў тыя тэрміны і ў тым выглядзе, як гэта было зацверджана раней і ўзгоднена з кіраўніком дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 верасня на нарадзе, прысвечанай ходу рэалізацыі гэтага праекта.

Асноўным падрадчыкам будаўніцтва выступае расійская кампанія ТАА "Ітэра Груп". "Прыцягненне замежнага капіталу ў беларускую эканоміку з'яўляецца для нас адным з прыярытэтных напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, пры ўдзеле інвестараў у Беларусі выконваецца шэраг праграм, хоць іх колькасць недастатковая.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць ходам рэалізацыі інвестпраекта "Мінск-Сіці". "Шчыра кажучы, ужо нават непрыстойна абмяркоўваць гэту праблему на ўзроўні Прэзідэнта. Яна ўзнікае не першы раз", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў 2008 годзе для ажыццяўлення праекта ў цэнтры сталіцы было выдзелена больш як 300 га. Прычым зямель вельмі каштоўных у плане горадабудаўніцтва. "Гэта асноўны інвестыцыйны праект нашай краіны", — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён ацэньваецца ў $5,1 млрд.

"Знайшлі, здавалася б, сур'ёзнага інвестара. Выдалі пад яго некалькі спецыяльных указаў Прэзідэнта. Улічваючы пажаданні кампаніі, ужо некалькі разоў пераносілі тэрміны рэалізацыі і неаднаразова прадастаўлялі розныя прэферэнцыі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Горад, як мне дакладваюць, практычна поўнасцю ўзяў на сябе будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры. Іншымі словамі, былі створаны добрыя ўмовы для работы. На жаль, воз і цяпер там, да гэтага часу не вырашана пытанне вынасу за межы Мінска авіярамонтнага завода", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў растлумачыць той факт, што з 2009 года асвоена толькі 0,3 працэнта ад заяўленага аб'ёму інвестыцый. "Ці інвестар страціў інтарэс да праекта? Ці нежаданне мясцовай улады весці канструктыўны дыялог?", — задаў заканамерныя пытанні Прэзідэнт.

"Мне патрэбна сёння аб'ектыўная карціна сітуацыі. І патрэбна сумленная адкрытая размова. Гатовы будаваць — будуйце. Не — ёсць іншыя інвестары, трэба перадаваць гэты праект тым, хто сёння можа будаваць", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў, што не трэба сёння весці нейкія дадатковыя размовы аб ільготах і прывілеях. Дзяржава і так дастаткова ішла на ўступкі інвестарам па гэтым праекце.

Як далажыў Прэзідэнту старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон, цяпер на выдзеленай тэрыторыі ў прэстыжным раёне сталіцы практычна нічога не будуецца, акрамя панэльных жылых дамоў тыпавых праектаў, якія ўзводзяцца за кошт сродкаў беларускіх дольшчыкаў. Нявызначанасць з вынасам аэрапорта і будаўніцтвам цэнтра тэхнічнага абслугоўвання і рамонту авіяцыйнай тэхнікі негатыўна ўплывае на паўнацэннае функцыянаванне як самога аэрапорта, так і авіярамонтнага завода. Можа ўзнікнуць пагроза страты каштоўных спецыялістаў.

Аляксандр Якабсон канстатаваў, што з боку інвестара адзначаецца непаслядоўнасць дзеянняў і невыкананне раней дасягнутых дамоўленасцяў. Кампанія сёння заяўляе аб прыкметным зніжэнні эканамічнай прывабнасці інвестпраекта і немагчымасці яго рэалізацыі на першапачатковых умовах. Паводле слоў старшыні КДК, гэта не пацвярджаецца канкрэтнымі эканамічнымі разлікамі. Кампанія мае цяжкасці з прыцягненнем фінансавых сродкаў у "Мінск-Сіці", у той час як паспяхова рэалізуе праекты ў іншых дзяржавах пры агульным аб'ёме інвестыцый больш як $8 млрд.

У той жа час старшыня КДК звярнуў увагу на слабую каардынацыю і недастатковую актыўнасць адказных дзяржаўных органаў пры вырашэнні спрэчных пытанняў. "Саветам Міністраў не створаны штаб або іншы каардынуючы орган для кантролю за ходам рэалізацыі такога маштабнага для краіны праекта, што не дае магчымасці аператыўна вырашаць узнікаючыя пытанні", — адзначыў Аляксандр Якабсон. Ёсць факты чыноўніцкай валакіты.

Цяпер павінна ўжо была функцыянаваць першая чарга цэнтра і весціся рэалізацыя чатырох этапаў дзелавога цэнтра — так задумвалася першапачаткова.

Першым этапам праекта прадугледжвалася будаўніцтва 14 жылых дамоў, гандлёвага цэнтра, адміністрацыйнага будынка, трох паркінгаў. Пры гэтым толькі каля 3 працэнтаў сродкаў намячалася атрымаць ад кампаніі, у якасці асноўных фінансавых укладанняў вызначаны сродкі дольшчыкаў і крэдыты банкаў.

Як канстатаваў Аляксандр Якабсон, усе абставіны сведчаць, што інвестыцыйная стратэгія кампаніі "Ітэра" ў Беларусі накіравана на мінімізацыю ўласных затрат і максімальнае выкарыстанне мясцовых крыніц фінансавання з далейшым рэінвесціраваннем атрыманых даходаў у чарговыя этапы праекта. Пры гэтым інвестар не прымае мер па зніжэнні выдаткаў.   У той жа час старшыня КДК лічыць магчымай далейшую рэалізацыю інвестпраекта з "Ітэрай" пры дадатковых гарантыях з боку інвестара аб своечасовасці выканання ўсіх этапаў праекта, прадастаўленні беларускаму боку магчымасцяў па прыцягненні іншых зацікаўленых інвестараў пры недастатковым фінансаванні "Мінск-Сіці" пры запланаваных аб'ёмах капітальных укладанняў і зрыве тэрмінаў будаўніцтва. На думку старшыні Камітэта дзяржкантролю, неабходна таксама стварыць каардынуючы орган з уключэннем у яго прадстаўнікоў усіх зацікаўленых бакоў у мэтах арганізацыі пастаяннага кантролю за ходам рэалізацыі праекта і канструктыўнага разгляду ўзнікаючых праблемных пытанняў.

Як далажыў старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька, сумарны аб'ём прамых укладанняў дзяржавы за ўвесь перыяд рэалізацыі праекта складзе каля $2 млрд, уключаючы стварэнне інфраструктуры, кошт зямлі і прадастаўленыя кампаніі прэферэнцыі. На думку сталічных улад, у Беларусі ёсць магчымасці, каб гэты праект рэалізоўваць.

Так, першым этапам будаўніцтва плануецца ўзвесці 225 тыс. кв.м жылля, тры паркінгі на 1,5 тыс. аўтамабіляў, гандлёвы цэнтр і адміністрацыйна-офісны будынак. Яго рэалізацыя запатрабуе ўкладання $30-37 млн. Па дагаворы тэрмін завяршэння першага этапу будаўніцтва — 2013 год. Інвестар выступіў з прапановай аднесці тэрміны здачы аб'ектаў на 2014 год.

Што датычыцца вынасу авіярамонтнага завода, то, паводле слоў Мікалая Ладуцькі, усе работы неабходна пачаць не пазней за сакавік 2012 года.

Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч таксама лічыць, што інвестпраект можа быць ажыццёўлены, і падкрэсліў, што бярэ яго рэалізацыю пад уласнае куратарства.

"Я разумею, што ўрад гэтым праектам не займаўся, але майце на ўвазе, што вы за яго з сённяшняга дня адказваеце. І я вам раю не чакаць 2013 года", — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да прэм'ер-міністра.

У сваю чаргу старшыня савета дырэктараў міжнароднай групы кампаній "Ітэра" Ігар Макараў адзначыў, што праект цяпер не мае той прывабнасці, як у пачатку работы над ім. Ён таксама заклікаў да больш цеснай каардынацыі зацікаўленыя дзяржаўныя органы і звярнуў увагу на неабходнасць чыноўнікам хутчэй вырашаць бягучыя бюракратычныя пытанні.

Звяртаючыся да Ігара Макарава, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Я са свайго боку зрабіў усё, аб чым вы прасілі, і нават больш таго. Не спрабуйце мяне сёння пераканаць, што тут хтосьці вінаваты, але толькі не вы — гэта марнаванне часу!"

"Ніякіх пераносаў тэрміну больш не будзе! Ніякіх ільгот дадаткова не будзе! Усё, што на сённяшні дзень існуе: можаш — будуй, не можаш — прыйдзі і скажы, што не можам мы ў гэтых умовах будаваць", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, у такім выпадку рэалізацыя гэтага праекта будзе прапанавана іншым інвестарам, якія ўжо сёння выказваюць сваю зацікаўленасць. "Ну, калі не можа сёння Макараў тут аб'ектыўна будаваць, не падабаецца, стратны праект або яшчэ нешта — аддайце яму тое, што ён можа будаваць. А астатняе няхай будуюць іншыя", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Запомніце: першы этап — гэта канец гэтага года, калі па ўсіх напрамках не будзе варушэння, значыць, у студзені трэба прымаць кардынальнае рашэнне", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нараўне з урадам роўную адказнасць за рэалізацыю праекта нясе і Мінгарвыканкам. "Сітуацыя такая, што трэба дзейнічаць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца авіярамонтнага завода, то, на думку Прэзідэнта, яго неабходна захаваць, каб не страціць каштоўных спецыялістаў. "Вы павінны ўжо даўно мець стратэгічнага інвестара па гэтым заводзе. Нам патрэбны завод", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся катэгарычна супраць змянення ўжо адобранай канцэпцыі будаўніцтва адміністрацыйна-дзелавога і грамадскага цэнтра і жылога раёна "Мінск-Сіці" ў бок ушчыльнення жылой забудовы і насычэння тэрыторыі вышыннымі будынкамі.

"Ніякай перапланіроўкі быць не павінна! Мы цэнтр Мінска сюды перамяшчаем. Гэта твар, мы не можам тут узяць і пабудаваць "куратнікі". І са шматпавярховасцю хопіць жартаваць!" — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што прынята рашэнне аб стрымліванні будаўніцтва жылля ў сталіцы. Паводле яго слоў, неабходна забудоўваць гарады-спадарожнікі, каб разгрупаваць прадукцыйныя сілы.

Падводзячы вынікі праведзенай размовы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў выпадку нежадання кампаніяй "Ітэра" працягваць удзел у рэалізацыі праекта, у студзені 2012 года будуць знойдзены новыя інвестары, гатовыя на такіх умовах і згодна з зацверджаным планам узводзіць "Мінск-Сіці".

"Але хопіць карміць мяне абяцаннямі!" — паставіў кропку Прэзідэнт.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Грибаускайте раскритиковала белорусскую оппозицию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика