Больш як Br370 млн выдзелена са спецфонду Прэзідэнта Беларусі на падтрымку таленавітай моладзі
На заахвочванне творча адораных прадстаўнікоў маладога пакалення і стварэнне ўмоў для развіцця іх здольнасцяў са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі выдзелена Br373,193 млн. Аляксандр Лукашэнка 8 верасня сваім распараджэннем зацвердзіў рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
З гэтых сродкаў па рашэнні Прэзідэнта будзе назначана 22 стыпендыі, выплачаны 17 прэмій, 16 заахвочвальных прэмій і 4 гранд-прэміі фонду лаўрэатам міжнародных і нацыянальных фестываляў і конкурсаў, аказана матэрыяльная дапамога двум актыўным удзельнікам мастацка-творчых мерапрыемстваў на агульную суму Br64,89 млн.
Кіраўнік дзяржавы падтрымаў таксама прапановы савета фонду аб выдзяленні Br83,68 млн Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў на набыццё сцэнічных касцюмаў і музычных інструментаў для вакальна-харэаграфічнага ансамбля "Валачобнікі", Br55,59 млн — аддзелу культуры Гродзенскага райвыканкама на набыццё сцэнічных касцюмаў і музычных інструментаў для заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца "Лялечкі" Абухаўскага цэнтра культуры і вольнага часу Гродзенскага раёна. Акрамя таго, будзе выдзелена Br89,033 млн Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю "Песняры" на набыццё музычнага абсталявання для Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г. Мулявіна, Br80 млн — Рэспубліканскай гімназіі-каледжу пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на набыццё музычных інструментаў.
Як адзначылі ў прэс-службе, прыняцце распараджэння Прэзідэнта Беларусі дасць магчымасць забяспечыць адрасную дзяржаўную падтрымку лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі, стварыць спрыяльныя ўмовы для творчага росту юных талентаў.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.