Аляксандр Лукашэнка адзначае высокі ўзровень гандлёва-эканамічных і палітычных адносін паміж Беларуссю і Арменіяй
Беларусь і Арменія дасягнулі высокага ўзроўню ў развіцці гандлёва-эканамічных і палітычных адносін. Аб гэтым учора заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Арменіі Эдвардам Налбандзянам, перадае БЕЛТА.
"Самыя інтэграцыйныя дзяржавы постсавецкай прасторы — гэта нашы дзве краіны, у выніку розных прычын, аб'ектыўных і суб'ектыўных", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь і Арменію звязвае цеснае эканамічнае супрацоўніцтва, якое за апошнія гады ўдалося вывесці на даволі высокі ўзровень. "Некалькі гадоў таму гэтых адносін не было наогул і цяжка было сабе ўявіць, што мы можам выбудаваць гэтыя адносіны. Свет не без добрых людзей, не без варыянтаў, мы знайшлі гэтыя шляхі супрацоўніцтва, бізнэсменаў, якія ўзначалілі гэты працэс", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У частцы палітычнага супрацоўніцтва Прэзідэнт падкрэсліў, што яно на вельмі высокім узроўні, паколькі абедзве краіны знаходзяцца ў адным ваенна-палітычным блоку. "Так, ёсць шурпатасці, але для таго і сённяшняя ваша сустрэча з міністрам замежных спраў Беларусі, каб пазбегнуць гэтых шурпатасцяў у будучым і выбудаваць адносіны ў тым ліку на міжнароднай арэне", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, ён адзначыў, што абедзве краіны звязваюць дружалюбныя адносіны не толькі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, але і ўрадаў, прадстаўнікоў бізнэсу. "Мы вельмі перажываем за тое, як жыве наш брацкі армянскі народ, як ён развіваецца, радуемся вашым поспехам, пачынаючы са спартыўных і заканчваючы поспехамі ў эканоміцы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Радуемся таму, як вы спрабуеце ў складаных умовах не проста выжыць, а вывесці Арменію на больш высокі ўзровень развіцця. Калі мы можам быць у гэтых адносінах чымсьці карысныя, мы гэта зробім".
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Арменіі Эдвард Налбандзян адзначыў, што ў ходзе яго цяперашняга візіту ў Беларусь плануецца абмеркаваць шэраг пытанняў як двухбаковых, так і пытанняў рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. "Мы на самым высокім узроўні падтрымліваем палітычны дыялог", — падкрэсліў міністр замежных спраў Арменіі, адзначыўшы, што ўсебаковае развіццё супрацоўніцтва ідзе даволі паспяхова, а пытанні, якія ўзнікаюць, аператыўна вырашаюцца. Ён таксама паведаміў, што ў ходзе яго візіту знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Арменіі плануюць падпісаць план супрацоўніцтва на 2011—2012 гады.
Беларусь з'яўляецца важным гандлёвым партнёрам Арменіі, займаючы па аб'ёме ўзаемнага гандлю трэцяе месца сярод краін СНД. Па выніках 2010 года экспарт беларускай прадукцыі ў Арменію склаў $42,1 млн (узрос на 81,2 працэнта). Асноўныя экспартныя пазіцыі ў гандлі з Арменіяй — шыны, грузавыя аўтамабілі, трактары, а таксама часткі і прылады да іх, лякарствы, малочныя прадукты харчавання і інш. Аснову імпарту з Арменіі складаюць моцныя спіртныя напіткі, тытунёвыя вырабы, хімічныя рэчывы і лекавыя сродкі. У Арменіі сфарміравана ўласная тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў, адкрыты 3 прадпрыемствы з удзелам беларускага капіталу: ЗАТ "Гандлёвы дом "БелАр", ТАА "БелАЗ Каўказ Транс Сэрвіс" і ТАА "Армяна-Беларускі гандлёвы дом "Ар-Бе".