Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Узровень ведаў — адзін з важнейшых фактараў стабільнасці і працвітання дзяржавы"
"Прычын панікаваць і крычаць пра катастрофу і сацыяльнае збядненне насельніцтва няма", — аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА заявіў, выступаючы перад работнікамі сістэмы адукацыі на рэспубліканскай нарадзе ў Палацы Рэспублікі. Удзельнікамі нарады педагагічнага актыву Рэспублікі Беларусь, якая прайшла напярэдадні новага навучальнага года, сталі больш як 2 тысячы 600 педагогаў з усёй краіны. Прэзідэнт адразу заклікаў усіх педагогаў да адкрытай і шчырай размовы. На думку кіраўніка дзяржавы, большасць праблем назапашваліся ў сістэме адукацыі гадамі па прычыне пасіўнасці і абыякавасці асобных кіраўнікоў і педагогаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што далей так працягвацца не можа. "У нашым асяроддзі, скажу шчыра, наспела неабходнасць узварушыць усю педагагічную грамадскасць краіны, — сказаў ён. — Давайце шчыра адкажам на ўсе пытанні, вызначым, чаму гэта адбываецца, і адразу ж выправім становішча, захаваем высокі ўзровень і аўтарытэт нашай адукацыі, які склаўся сёння і які прызнаюць ва ўсім свеце".
Беларусаў не пакінуць з цяжкасцямі сам-насам
Натуральна, што кіраўнік дзяржавы не мог абысці ў сваім выступленні сацыяльна-эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне і свеце.
— На жаль, на пачатку бягучага года абвастрыўся шэраг фінансавых праблем. Прама скажу, інфляцыя, дэвальвацыя беларускага рубля, дэфіцыт валюты прывялі да зніжэння таго ўзроўню жыцця, якога мы дасягнулі ў мінулым. Інакш і быць не магло. У прыватнасці, напярэдадні выраўноўвання мытных пошлін на аўтамабілі ў Мытным саюзе грамадзяне Беларусі ўвезлі ў краіну больш як 250 тыс. аўтамабіляў, што амаль у два разы больш, чым у іншы час. Адпаведна, з краіны на гэтыя мэты было вывезена каля $3 млрд. Акрамя таго, прыкладна $2 млрд сёлета дасць павышэнне цэн на энерганосьбіты і іншую сыравіну, якая пастаўляецца з Расіі. Больш як 5,5 млрд толькі за адзін год. І ў мінулыя гады, вы памятаеце, адбываўся пастаянны рост цэн на энерганосьбіты, а за апошнюю пяцігодку яны павялічыліся ў чатыры з паловай разы для нашай краіны. Вядома, такі ўдар не вытрымала б нават сталая эканамічная сістэма. Таму валюты не хапіла і здарылася тое, што здарылася, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава не пакіне людзей змагацца з цяжкасцямі сам-насам. Наадварот, любы эканамічны поспех будзе адразу ж выкарыстоўвацца для павышэння дабрабыту грамадзян.— Наша сіла ў адзінстве, і будучыню Беларусі трэба вырашаць не на плошчах і барыкадах, а шляхам дыялогу, нармальнай чалавечай размовы, — адзначыў беларускі лідар. — Я, як кіраўнік дзяржавы, прапаную ўсім разважным людзям, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагера яны ні належалі, садзіцца за стол (круглы, квадратны), паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што яны могуць зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне, а не тупаць і крычаць на плошчах. Хочаце ваяваць і змагацца — калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце сваю правату, адстойвайце свой пункт гледжання. Але не праз пагромы і не са зброяй у руках. Такія дзеянні будуць спыняцца неадкладна, як гэта было нядаўна ў "апоры дэмакратыі". Я прапанаваў і Еўрапейскаму саюзу, хацеў бы прапанаваць і Расіі, іншым еўрапейскім і міжнародным структурам накіраваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў гэтым "круглым стале". Няхай яны заадно паглядзяць, хто ў нас чаго варты, якія ідэі выказвае і якія мэты перад сабой ставіць. Мы абсалютна адкрытыя і гатовы даць ім такую магчымасць. А санкцыі і націск на Беларусь — абсалютна бесперспектыўныя. Давайце размаўляць, давайце весці дыялог, і мы абавязкова прыйдзем да нейкага разумення.
Паводле слоў Прэзідэнта, галоўны прынцып дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі — гэта інтарэсы людзей. "Мы людзей не пакрыўдзім і ў гэты складаны перыяд. Па маім даручэнні ўрад распрацаваў і ў бліжэйшыя дні прыме шэраг мер па сацыяльнай абароне розных слаёў насельніцтва", — сказаў беларускі лідар.
У прыватнасці, бюджэтнікам і непрацуючым пенсіянерам прадугледжана выплаціць аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры Br500 тыс. для сезоннай закупкі сельгаспрадукцыі.
"Затым плануецца павысіць тарыфную стаўку першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Будуць штоквартальна расці дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. У чацвёртым квартале бягучага года плануецца павелічэнне ў два разы аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Таксама вырастуць пенсіі і стыпендыі. — Мы будзем і далей трымаць сітуацыю ў эканоміцы і сацыяльнай сферы пад кантролем", — дадаў беларускі лідар.
Галоўнае — закласці цвёрды ідэйны і маральны стрыжань
— Барацьба за ўплыў на маладое пакаленне ва ўсе часы з'яўлялася важнейшай палітычнай задачай, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Цяперашнія студэнты і школьнікі, якія не маюць цяжкіх успамінаў пра "ліхія 90-я", успрымаюць стабільнасць і камфортны ўклад жыцця Беларусі як нешта належнае ад нараджэння. Новы электарат, які вырас ва ўмовах адкрытасці нашага грамадства, параўноўвае замежную рэальнасць з беларускай і часта робіць паспешлівыя, часам памылковыя вывады. Маладым хочацца быць актыўнымі ўдзельнікамі падзей, "тварыць гісторыю". Гэтым карыстаюцца апазіцыйна настроеныя структуры, якія прадстаўляюць свае пратэстныя акцыі як азартныя гульні, дзе можна "даць выхад адрэналіну".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што сітуацыю неабходна карэнным чынам мяняць, і нельга выпускаць ініцыятыву са сваіх рук. "Самае галоўнае — закласці ў падрастаючае пакаленне цвёрды ідэйны і маральны стрыжань, які дасць магчымасць супрацьстаяць усялякім палітычным інтрыгам і правакацыям. Сёння ў аснову неабходна паставіць патрыятычнае выхаванне. Падкрэсліваю, патрыятычнае, а не нацыяналістычнае".
На думку Прэзідэнта, у гэты працэс павінны быць уключаны ўсе структуры ўлады, навучальныя ўстановы, грамадскія арганізацыі і, вядома ж, сям'я. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў ходзе арганізаванай па яго даручэнні маштабнай праверкі ўстаноў адукацыі былі выяўлены недапушчальныя факты безадказнага стаўлення да забеспячэння бяспекі вучняў і студэнтаў, а ў ажыццяўленні навучальнага працэсу — фармалізм і заарганізаванасць выхаваўчай работы. Часам сярод выкладчыкаў былі нават асобы з крымінальным мінулым. Гэтае бязладдзе збіралася гадамі з-за абыякавасці, безадказнасці, а часам расхлябанасці некаторых кіраўнікоў, настаўнікаў і выкладчыкаў.
Кіраўнік дзяржавы даручыў выпрацаваць меры папулярызацыі гістарычнай і культурнай спадчыны беларусаў: "Моладзь неабходна вучыць ганарыцца слаўным мінулым і сучаснасцю сваёй Айчыны. Аднак замест гэтага моладзі часта падаецца шкодны сурагат. У прыватнасці, актыўна прапагандуецца вульгарны нацыяналізм, пашыраюцца ідэі, згодна з якімі ўсё беларускае пачынаецца і заканчваецца Вялікім Княствам Літоўскім, а статус "народных герояў" надаецца розным адыёзным асобам, усе заслугі якіх — у арганізацыі крывавых акцый. "Не трэба забываць пра тое, што сапраўднае нацыянальнае багацце — гэта не толькі маёнткі і замкі шляхты, але і ў першую чаргу — унікальныя промыслы, народная творчасць і дасягненні беларускай і савецкай культуры. А менавіта ж ім і не надаецца належнай увагі...
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сучасны свет, узбагачаючыся дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу, адначасова становіцца ўсё больш жорсткім. Многія краіны і народы аказаліся пад пагрозай агрэсіўных дзеянняў дзяржаў, якія ўявілі сябе вяршыцелямі лёсу планеты. "Нават такія даброты цывілізацыі, як інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, ператвараецца ў сродкі маніпуляцыі грамадскай думкай", — адзначыў беларускі лідар.
Акрамя таго, паводле яго слоў, сёлета вясна і лета паставілі свет перад тварам новай пагрозы — смяротных атак экстрэмістаў з ліку ўласных маладых грамадзян. Прычым гэтая бяда закранула не толькі "гарачыя" пункты планеты, але і краіны, якія лічыліся паспяховымі, такія як Нарвегія, Вялікабрытанія, Германія. На жаль, хваля гвалту і вандалізму закранула і Беларусь, сведчанне таму — тэракт у мінскім метро.
— Злачынцы, якія маюць дачыненне да гэтага і яшчэ некалькіх выбухаў у Віцебску і Мінску, учынялі свае зверствы дзеля забавы, самасцвярджэння і жадання ўварваць хвіліну скандальнай славы. Чаму ж ніхто з тых, хто жыў і працаваў побач, не змог своечасова распазнаць і спыніць зло? — задаў зусім не рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, ёсць і іншыя трывожныя факты, напрыклад, таго, што моладзь уцягваюць у супрацьпраўную і антыграмадскую дзейнасць. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў масавыя беспарадкі 19 снежня 2010 года, "калі п'яны натоўп шалеў на плошчы Незалежнасці", а таксама нядаўнія акцыі маўклівых "сацыяльна-сеткавых рэвалюцыянераў".
— Давайце ўсвядомім простую ісціну: для паспяховага, дынамічнага развіцця краіны патрэбны не рэвалюцыя і не вулічная анархія, а з'яднанасць усіх грамадзян незалежна ад поглядаў і перакананняў, нацэленасць на канструктыўнае супрацоўніцтва, — рэзюмаваў беларускі лідар.Новыя садкі, бяспечныя тэхнічныя навінкі і прыкладны характар выкладання
Прэзідэнт адзначыў, што за мінулыя гады ў краіне дакладна вызначылася стратэгія развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, якая ў цэлым апраўдвае сябе. Паводле яго слоў, эксперты ААН адзначаюць, што па ўзроўні развіцця адукацыі, у прыватнасці, па адукаванасці дарослых, колькасці вучняў і студэнтаў Беларусь знаходзіцца на самых перадавых пазіцыях у свеце. Аднак гэта не прычына для самазаспакаення.
— Дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў развіццё айчыннай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай школы. Але якая рэальная аддача? Ці забяспечваецца на справе роўная даступнасць да высакаякаснай адукацыі для сельскіх і гарадскіх дзяцей, для выхадцаў з розных сацыяльных слаёў? — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных. — Калі, нарэшце, будзе задаволены попыт насельніцтва на паслугі дашкольных устаноў?
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што толькі палова выхавальнікаў дашкольных устаноў мае профільную адукацыю. У 2011 годзе заяўкі на маладых спецыялістаў былі задаволены ўсяго на 40 працэнтаў. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду і мясцовым органам улады распрацаваць сістэму мер, накіраваных на забеспячэнне дашкольных устаноў кваліфікаванымі кадрамі.
Адной з вострых праблем застаецца недахоп месцаў у дзіцячых садах у раёнах-новабудоўлях. Прычым дэфіцыт часта ўзнікае па віне і чыноўнікаў, і будаўнікоў. "Гэтую праблему трэба вырашаць, забяспечваючы ўвод у строй адначасова з кожным новым жылым мікрараёнам неабходнай сацыяльнай інфраструктуры, уключаючы дзіцячы сад. Пры гэтым кожная дашкольная ўстанова павінна быць аснашчана мэбляй, цацкамі, падручнікамі і дапаможнікамі ў адпаведнасці з узростам выхаванцаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным таксама прыняць меры па пашырэнні сеткі ясляў і ясельных груп пры дзіцячых садах у сувязі з узрастаючым попытам.У новым навучальным годзе ў беларускіх школах распачнецца эксперымент па ўкараненні ў школе планшэтаў і нэтбукаў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным усебакова ацаніць наступствы для здароўя дзяцей і рэальнае павышэнне эфектыўнасці заняткаў ад укаранення ў навучальны працэс электронных сродкаў навучання. "Папярэджваю, гэта не павінен быць эксперымент з загадзя запраграмаваным вынікам. Гэта не павінна быць падладжванне пад моду: кожнаму — нэтбук, кожнаму — камп'ютар пад паху: ідзі, вучыся. Гэта каштуе грошай", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама перасцярог ад любых праяў карупцыі ў гэтым пытанні. "І глядзіце, каб мы не ўліплі ў якую-небудзь карупцыю, дамовіўшыся з нейкім адным вытворцам наконт гэтых камп'ютараў. Калі ўжо мы ідзём на гэта, то гэта павінна быць сумленна, адкрыта, і гэта павінна быць лепшым па якасці ў нашых школах", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што выкладанню інфарматыкі, замежных моў і фізічнай культуры трэба надаць пераважна прыкладны характар.
Не дапусціць дэвальвацыі беларускіх дыпломаў
Вялікі блок пытанняў быў звязаны з сучасным станам вышэйшай школы. Паводле слоў Прэзідэнта, у лік студэнтаў нярэдка трапляюць вельмі слабыя абітурыенты, а выпускнікі ВНУ часта не гатовы да работы на сучасных прадпрыемствах або проста не запатрабаваны. "Што робіцца для аптымізацыі структуры і аб'ёмаў падрыхтоўкі кадраў? Як выконваюцца мае даручэнні па скарачэнні тэрмінаў навучання, узмацненні сувязі навучання з практыкай?" — запытаў кіраўнік дзяржавы.
— Лавінападобны рост платнай формы навучання выклікаў зніжэнне якасці адукацыі. Мы ні ў якім разе не павінны дапусціць дэвальвацыі нашых дыпломаў, — падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку Прэзідэнта, трэба зменшыць на чвэрць тэрміны атрымання вышэйшай адукацыі ў нашай краіне. Дасягнуць гэтага можна за кошт скарачэння сацыяльна-гуманітарнага блока дысцыплін або колькасці гадзін на іх вывучэнне.
— Першыя два гады студэнт павінен значыцца ў ВНУ і там навучацца, а яшчэ два гады — значыцца ў ВНУ, а навучацца на прадпрыемствах, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы сваім бачаннем арганізацыі навучальнага працэсу і арганізацыі падрыхтоўкі ў ВНУ.Школы — не курылкі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прыняць дадатковыя меры па зніжэнні даступнасці алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў у непасрэднай блізкасці ад навучальных устаноў, спартыўных аб'ектаў, месцаў адпачынку моладзі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што востра стаіць праблема распаўсюджвання шкодных звычак сярод навучэнскай моладзі. У 2010 годзе над назіраннем наркалагічнай службы Міністэрства аховы здароўя было больш як 17,5 тыс. непаўналетніх, прычым у параўнанні з папярэднім годам іх колькасць скарацілася ўсяго на 2 працэнты. "А колькі падлеткаў, якія пакаштавалі таннага пойла, пакуль не трапілі ў поле зроку ўрачоў і міліцыі?" — адзначыў Прэзідэнт.
Не менш вострай з'яўляецца і праблема курэння. "Здаецца, асобныя кіраўнікі навучальных устаноў і зусім перасталі лічыць гэта медыцынскім і сацыяльным злом. Нягледзячы на цыркуляры Міністэрства адукацыі, у ВНУ, ССНУ, ПТВ, ды амаль ці не ў школах існуюць легальныя і паўлегальныя курылкі, дзе педагогі смаляць разам з вучнямі і студэнтамі", — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна тэрмінова прыняць меры па выкараненні гэтых з'яў, якія пагражаюць маралі, правапарадку і самому генафонду беларускага народа. "Адкрыта скажу: будучыня нацыі ў небяспецы, калі мы не выправім становішча!" — падкрэсліў Прэзідэнт.
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным разгледзець пытанне аб унясенні змяненняў у заканадаўства, пашырыўшы падставы і аблегчыўшы працэс афармлення навучэнцаў, якія пераступілі закон, у спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы.
"Неабходна завяршыць фарміраванне рэгіянальнай сістэмы аказання медыцынскай наркалагічнай дапамогі непаўналетнім, пашырэнне стацыянарнай сеткі для лячэння такіх пацыентаў", — адзначыў Прэзідэнт.
Прэзідэнт лічыць, што падлеткавая і моладзевая злачыннасць стала вострай сацыяльнай праблемай і пераадолець яе можна толькі аб'яднанымі намаганнямі праваахоўных органаў, школы, сям'і і ўсяго грамадства. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пэўныя поспехі ў гэтай рабоце ўжо дасягнуты. Колькасць непаўналетніх парушальнікаў закона няўхільна зніжаецца, што сведчыць аб існаванні эфектыўных напрацовак. Тым не менш толькі ў 2011 годзе падлеткамі ўчынена больш як 1,6 тыс. злачынстваў і амаль 14 тыс. правапарушэнняў. Застаецца высокай удзельная вага тых, хто пераступіў закон паўторна.
Дзяржава гатовая падтрымаць педагогаў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што як бы ні змянялася сістэма адукацыі, якія вучэбныя навінкі ні ўзбагачалі б вучэбны працэс, роля настаўніка заўсёды будзе галоўнай і вырашальнай. На яго ўскладзена персанальная адказнасць за юныя душы, за тое, як складзецца жыццё кожнага выхаванца. "На жаль, сёння некаторыя настаўнікі і выкладчыкі забываюць пра гэта: не грэбуюць пераўтвараць аўдыторыю ў палітычны клуб, выкарыстоўваюць сваё палажэнне для прапаганды антыграмадскіх, а часам глыбока разбэшчаных ідэй, калечаць маладыя душы. А кіраўнікі навучальных устаноў закрываюць на гэта вочы, жывуць па прынцыпе "мая хата з краю". А потым здзіўляемся негатыўным з'явам у моладзевым асяроддзі, — адзначыў Прэзідэнт. — Вы павінны ведаць маю пазіцыю і пазіцыю дзяржавы: мы гэта дапусціць не можам". Прэзідэнт упэўнены, што з такімі педагогамі трэба без жалю расставацца, паколькі вучоба не павінна пладзіць інтэлектуальных і духоўных інвалідаў.
Прэзідэнт таксама лічыць непрымальным пасіўнасць і абыякавае стаўленне педагогаў да сваіх абавязкаў: "Прыгадайце час, калі настаўнік быў для сваіх вучняў і выхавальнікам, і псіхолагам, і сацыяльным педагогам. Бясплатна, не шкадуючы часу і сіл, займаўся са слабымі вучнямі, ведаў усё пра жыццё дзяцей не толькі ў школе, але і дома, у двары". Ён з жалем канстатаваў, што сёння гэтыя абавязкі педагога адышлі на другі план. Параўноўваючы, як працавалі настаўнікі раней, прыходзіш да высновы, што некаторыя педагогі ігнаруюць выхаваўчую работу. Ім не хапае жывых неказённых кантактаў з вучнямі і іх бацькамі.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка абсалютна ўпэўнены, што статус педагогаў у грамадстве трэба ўзняць на новую вышыню: "І мы ведаем, што для гэтага трэба зрабіць. Дык давайце зробім..."
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што прэстыж прафесіі настаўніка катастрафічна упаў, як толькі панізіліся патрабаванні да маральнага аблічча настаўнікаў, іх прафесійнага ўзроўню і агульнай культуры. Калісьці ў гэтую сферу ішлі лепшыя з лепшых. "Няпроста было аказацца вартым высокага звання Настаўніка", — нагадаў Прэзідэнт. Па яго словах, сёння студэнцкі кантынгент фарміруецца па рэшткавым прынцыпе: туды ідуць тыя, каго больш нікуды не ўзялі. Аднак і ў гэтай сітуацыі абітурыентаў часам проста не хапае. Па выніках уступнай кампаніі 2011 года засталіся не запоўненымі дзясяткі месцаў на педагагічных спецыяльнасцях. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта вялікі недахоп у рабоце Міністэрства адукацыі і ўрада. "Шукайце прэстыж перш за ўсё ў сваіх галовах і ў сваёй працы. Усе астатняе раней ці пазней прыкладзецца".
Акрамя таго, Прэзідэнт адводзіць важную ролю ў фарміраванні станоўчага іміджу педагагічнай прафесіі сродкам масавай інфармацыі: "У сістэме адукацыі працуе шмат сапраўдных энтузіястаў сваёй справы, выдатных, таленавітых людзей, для якіх іх праца — не рамяство, а жыццёвае прызванне. І іх досвед павінен быць прыкладам і стаць здабыткам усяго грамадства", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава гатовая падтрымаць педагогаў, выкладчыкаў і выхавальнікаў не толькі маральна, але і матэрыяльна, узмацніць сацыяльны пакет, але пры ўмове рэзкага павышэння аддачы ад іх працы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што кіраўнік установы адукацыі павінен мець для матэрыяльнага стымулявання педагогаў паўнамоцтвы і рэсурсы. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, урад павінен вызначыць парадак стварэння спецыяльных фондаў рэктараў і дырэктараў навучальных устаноў, з якіх яны маглі б заахвочваць самых лепшых, актыўных супрацоўнікаў. "Дэмакратычна, з улікам педагагічных радаў, але не аднаасобна. Грошы ў такім творчым калектыве, як настаўніцкі, трэба дзяліць акуратна", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ліміт рэформаў у сістэме адукацыі вычарпаны. Ніякіх рэзкіх узрушэнняў і ломкі больш не будзе. На думку Прэзідэнта, галоўныя мэты сёння — гэта павышэнне якасці адукацыі, абнаўленне яе зместу на аснове сучасных навуковых ведаў, рост эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага педагога. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўзровень ведаў становіцца адным з важнейшых фактараў стабільнасці і працвітання дзяржавы. У Беларусі, па яго словах, у гэтым плане захавалася ўсё лепшае, што засталося ад Савецкага Саюза, у тым ліку масавае ахопліванне дзяцей дашкольнай адукацыяй, агульнадаступная і бясплатная сярэдняя школа, дзяржаўная сістэма навучання рабочых кадраў.
Надзея НІКАЛАЕВА і паводле паведамленняў БЕЛТА.
(Працяг тэмы ў наступным нумары.)