У Кіеве адбыліся акцыі з нагоды 20 годдзя Незалежнасці Беларусі
25 жніўня, беларуская грамада Кіева, разам з украінскімі палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі, адзначыла 20 гадовы юбілей адраджэння беларускай дзяржаўнасці.
Раніцай, у кіеўскім Уладзімірскім саборы, была правдзена царкоўная служба: "За волю і незалежнасць Беларусі".
А 14 гадзіне, у цэнтры Кіева, каля помніку Т.Шаўчэнка, распачаўся святочны мітынг у гонар аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Акцыя пачалася з малітвы, якую прачытаў святар беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы з Таронта, Святаслаў.
Пасля адкрыцця мітынгу вядучым, прысутныя разгарнулі вялікі, 10 метровы нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, адмыслова пашыты да юбілейнай даты. Як адзначыў адзін з выступоўцаў – гэта самы вялікі беларускі сцяг ва Ўкраіне.
Пасля гэтага з віншавальнымі словамі выступілі вядомыя ўкраінскія палітыкі: экс-міністр замежных спраў Украіны Ўладзімір Агрызка, народныя дэпутаты Вярхоўнай Рады, прадстаўнікі палітычных партый «Наша Украина», УНП, НРУ, Свабода і інш. Выступы чаргаваліся спевамі беларускіх бардаў, што адмыслова прыехалі на мерапрыемства з Беларусі. Таксама на мітынгу выступіў украінскі народны хор "Гоман", які і завершыў святочнае мерапрыемства.
Нягледзячы на будзённы дзень і працоўны час, у акцыі прынялі ўдзел больш за сто чалавек, таксама побач спыняліся шматлікія мінакі паслухаць беларускіх і украінскіх музыкаў, хтосці проста любаваўся прыгажосцю і веліччу беларускага сцяга.
Арганізатарамі і вядучымі акцыі выступілі беларускія грамадскія дзеячы Вячаслаў Сіўчык і Юрась Карэтнікаў.