Аляксандр Якабсон: "Многія кіраўнікі проста баяцца тэмы імпартазамяшчэння"

Источник материала:  

Учора адбылося пасяджэнне калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю. Былі прааналізаваны сітуацыя з імпартнымі закупкамі і захады, накіраваныя на змяншэнне залежнасці ад імпарту.

У 2010 годзе ў краіне не выкананы параметры прагнозу знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Не змаглі забяспечыць рост экспарту Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, канцэрны "Белнафтахім", "Беллегпрам" і іншыя. Перавысілі прагноз па імпарце Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, канцэрн "Белдзяржхарчпрам"...

У першым паўгоддзі 2011 года тэмпы росту экспарту перавысілі тэмпы росту імпарту і склалі 162,3 працэнта і 153,6 працэнта адпаведна. Аднак гэты вынік, хутчэй, абумоўлены не аптымізацыяй імпарту, а сітуацыяй на валютным рынку.

Залежнасць эканомікі ад імпарту захоўваецца: амаль адна трэцяя частка выдаткаў на выраб прадукцыі — гэта імпартныя сыравіна, матэрыялы, камплектныя часткі і паліва.

Праца над імпартазамяшчэннем увесь час знаходзіцца ў полі зроку Камітэта дзяржкантролю. "Неаднаразова праводзіліся калегіі па гэтых пытаннях. На жаль, належнай аддачы ад органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама пакуль няма, — заявіў Валянцін Патаповіч, начальнік галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю. — Мы мала робім для таго, каб неяк адысці ад імпартных закупак. Таму на гэтай калегіі мы зноў закранаем гэтыя пытанні. Адна маштабная калегія ўжо была ў 2008 годзе ў Гомелі. Там камітэт выказаў шэраг канкрэтных прапаноў, але вялікіх зрухаў так і не адбылося".

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон назваў праблемы з імпартазамяшчэннем "нашымі хранічнымі хваробамі". "Многія кіраўнікі проста баяцца гэтай тэмы, — сказаў ён. — У апошняй паездцы па краіне я зразумеў, што ў нас кадры не абцяжараны проста гэтай праблемай". Чыноўнік распавёў пра візіт у адзін з раёнаў. Там ён пабываў на мясцовым хлебазаводзе. "Будавалі з разлікам магутнасці ў сорак сем тон хлеба ў суткі, а выдае ён цяпер толькі сем тон, — канстатаваў Аляксандр Якабсон. — Вялізныя плошчы застаюцца пустымі. У цэхах ужо даўно трэба было размясціць якую-небудзь вытворчасць. Рэнтабельнасці ніякай. А дырэктар на пытанне, ці ведае ён што-небудзь пра план па экспарце прадукцыі, адказаў адмоўна".

Як сказаў Валянцін Патаповіч, прыклады неналежнай працы над імпартазамяшчэннем ёсць у кожным міністэрстве, канцэрне. Гэта можа быць недастатковая прапрацоўка праектаў, неканкурэнтаздольнасць нашых імпартазамяшчальных тавараў. "Вось праект на заводзе "Віцязь": медыцынскі стэрылізатар. Дык ён жа амаль у сем разоў даражэйшы за расійскі", — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю. Яшчэ адзін прыклад, звязаны з адсутнасцю ўзаемадзеяння паміж Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры і Белнафтахімам. Аказалася незапатрабаванай імпартазамяшчальная прадукцыя ААТ "Гродзенскі механічны завод" — паўпрычэп-цыстэрна для перавозкі цэменту аб'ёмам 28 м 3. Замест яго закупляецца ўкраінская цыстэрна-цэментавоз аб'ёмам 21 м 3. А можна было б пазбегнуць імпарту і зэканоміць 7 млн долараў.

Аляксандр Якабсон таксама засяродзіў увагу на сітуацыі ў свабодных эканамічных зонах: "Мэта стварэння гэтых зон — працаваць на экспарт. Але за першае паўгоддзе сальда знешняга гандлю па свабодных эканамічных зонах у цэлым склалася адмоўнае — каля 60 мільёнаў долараў ЗША. Мы саму ідэю свабодных эканамічных зон закопваем".

Па словах Валянціна Патаповіча, за дзесяць гадоў у нас адмоўнае сальда вырасла амаль у 10 разоў. У Беларусі пятнаццаць тысяч імпарцёраў. Столькі ж мы маем экспарцёраў, але гэтага мала. "Патрэбна залатое сячэнне: знайсці тое, што трэба ўвозіць, і тое, што мы можам вырабляць. Наша калегія не шукае і не карае. Гэта мы даверым адпаведным органам дзяржкіравання. Але працу над імпартазамяшчэннем трэба працягваць", — заявіў прадстаўнік дзяржкантролю. А старшыня Камітэта дадаў, што вырашэнне гэтай праблемы вельмі важнае, бо пасля ўсё адлюстроўваецца на спажывецкім рынку.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←Лукашенко и Чавес обсудили развитие белорусско-венесуэльских отношений

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика