Аляксандр Лукашэнка: "Мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі ні ў якім выпадку не павінна спыніцца"
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы саўгас-камбінат "Горкі" ў Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, аб'ёмы фінансавання сёння скарачаюцца, аднак за меншы кошт неабходна зрабіць усё тое, што планавалася. "Раскідвацца грашамі нельга. Грошы ніхто не друкуе. Тое фінансаванне, і ўзровень, і аб'ёмы, якія былі, пра іх трэба забыць адназначна, але задачы застаюцца. Таму за меншую цану трэба рабіць тое, што было намечана. Гэта прынцыпова і канцэптуальна. Спыніцца — значыць загубіць усё тое, што пачалі 7 гадоў таму. Гэтага дапусціць нельга", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца Горацкага раёна, то, на думку Прэзідэнта, ён павінен стаць узорам вядзення гаспадаркі.
Нарасціць тэмпы ўборкі збожжавых
Прэзідэнт паставіў задачу нарошчвання тэмпаў уборкі збожжавых культур. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у гаспадарках пачынаецца адставанне ўборкі, зніжаюцца тэмпы. Для таго каб выправіць сітуацыю і ўбраць збожжа ў час, неабходна кожны дзень прыбаўляць да ўборкі па 2-2,5 працэнта.
"У гэтыя дні трэба нарошчваць тэмпы, інакш будзем страчваць ураджай. Збожжа ўжо ўсюды выспела", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што паскораная работа павінна весціся не ва ўрон якасці.
Як далажыў кіраўніку дзяржавы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, на сераду ў краіне ўжо ўбрана 45 працэнтаў усіх плошчаў, намалочана звыш 4 млн.т. На думку міністра, у сельгаспрадпрыемствах вельмі рэальна атрымаць больш як 8 млн.т збожжа. Што датычыцца рапсу, то, на думку Прэзідэнта, назіраецца вельмі нізкая ўраджайнасць. "Гэта апошні год такой нядбайнасці. Калі мы не можам вырошчваць рапс, то лепш яго не сеяць. Што такое 16 ц/га? Павінна быць мінімум 25 ц/га. Гэта капрызная культура, таму трэба вызначыць палі, і дзе можна — сеяць, дзе нельга — не трэба настойваць. Таму што 16 ц/га — гэта не ўраджайнасць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускай сельгасакадэміі — новую праграму падрыхтоўкі кадраў
Прэзідэнт запатрабаваў абнавіць праграму падрыхтоўкі кадраў у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ў Горках.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адна з мэт яго рабочай паездкі ў Горацкі раён — звярнуць увагу на праблемы падрыхтоўкі сельгаскадраў у гэтай навучальнай установе. На яго думку, цяпер патрэбна сур'ёзная мадэрнізацыя навучальнага працэсу ў гэтай старэйшай сельскагаспадарчай ВНУ краіны, з тым каб аптымізаваць навучанне пад сучасныя патрабаванні.
Правядзенне ў наступным годзе ў Горках Магілёўскай вобласці рэспубліканскіх "Дажынак" — добрая прычына для таго, каб вырашыць многія праблемы, у тым ліку ў галіне сельскагаспадарчай адукацыі.
Падрыхтоўку кадраў у Беларускай сельгасакадэміі трэба вывесці хаця б на ўзровень мадэрнізаванай у краіне сельскай гаспадаркі, заявіў Прэзідэнт. Кадры для аграрнага сектара неабходна рыхтаваць у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі і пад патрэбнасць аграрнага сектара краіны.
Горацкі раён павінен стаць базавым для падрыхтоўкі спецыялістаў у Беларускай сельгасакадэміі, лічыць Прэзідэнт. У працэсе навучання павінна быць больш практыкі. І было б мэтазгодна, каб практычныя навыкі студэнты атрымлівалі, магчыма, непасрэдна ў тых гаспадарках, куды яны затым прыедуць на работу. Прэзідэнт падкрэсліў, што літаральна з новага навучальнага года трэба ўводзіць навацыі ў ВНУ, выразна арыентуючыся на сучасныя патрэбы беларускага АПК. "Няхай рыхтуюць тых спецыялістаў, якія патрэбны. І калі, напрыклад, для падрыхтоўкі патрабуецца ўсяго 3-4 гады, то і праграму трэба скарачаць", — сказаў ён.
Новы цукровы завод можа быць пабудаваны ў Чавусах
У Беларусі ён стане пятым па ліку прадпрыемствам па выпуску цукру. Пабудаваць новае прадпрыемства невыпадкова плануецца менавіта ў Чавусах, паколькі тут плануюць пашыраць плошчы пад вырошчванне цукровых буракоў. Як праінфармавалі кіраўніка дзяржавы, усяго чатыры раёны Магілёўскай вобласці спецыялізуюцца на цукровых бураках. Зыходзячы з лагістыкі дастаўкі сыравіны на будучы завод, Чавусы і выбраны месцам будаўніцтва. Як плануецца, за суткі на прадпрыемстве будзе перапрацоўвацца да 19 тыс.т цукровых буракоў.
Аляксандру Лукашэнку расказалі, што на будаўніцтва новага цукровага завода патрэбна будзе не менш як 360 млн еўра. Аб сваім намеры інвеставаць амаль 300 млн еўра ўжо заявілі польскія бізнэсмены. Абмяркоўваючы магчымасць будаўніцтва пятага па ліку ў краіне цукровага завода, Прэзідэнт сказаў, што, паколькі ёсць інвестары, трэба згаджацца будаваць новае прадпрыемства. Дарэчы, і Чавусы, калі тут пабудуюць сучасны цукровы завод, атрымаюць новае развіццё.