Аляксандр Лукашэнка пацвярджае прыхільнасць Беларусі да развіцця супрацоўніцтва з Расіяй

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае прыхільнасць беларускай дзяржавы да развіцця супрацоўніцтва з Расіяй і яе рэгіёнамі. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў 19 ліпеня на сустрэчы з губернатарам Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі Алегам Кажамякам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

"Тая стратэгія, якую мы некалі вызначылі па развіцці адносін паміж Беларуссю і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, дае добры плён, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Па гэтым прыкладзе мы рухаемся і ў супрацоўніцтве, напрыклад, з Украінай. Вялікая краіна, не ўсё можна вырашыць у Кіеве, мы вельмі добра супрацоўнічаем з губернатарамі Украіны, гэта таксама дае вельмі вялікі плюс".

Прэзідэнт асабліва звярнуў увагу на тое, што апошнім часам зроблена шмат па развіцці інтэграцыі паміж Беларуссю, Казахстанам і Расіяй, наданню большай свабоды ў эканоміцы. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што гэта ўжо дае нядрэнныя вынікі. "Упэўнены, з 1 студзеня стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы мы фактычна аднаўляем адзіную краіну ў эканоміцы. Гэта таксама вельмі важна. Вядома, шурпатасцяў яшчэ хапае, але калі ўжо Расія рызыкнула пайсці гэтым шляхам, я думаю, гэта справа часу — зняць гэтыя шурпатасці", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Таму ў нас добрыя перспектывы, і я хачу пацвердзіць прыхільнасць да развіцця нашых адносін з Расійскай Федэрацыяй", — дадаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ва ўзаемаадносінах Беларусі з расійскімі рэгіёнамі адносіны з Амурскай вобласцю развіваюцца найбольш дынамічна. На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што вялікія адлегласці не з'яўляюцца перашкодай для наладжвання сувязяў. За апошнія гады значна ўзраслі пастаўкі ў Амурскую вобласць беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, трактароў, шын, харчовых тавараў. У гэтым расійскім рэгіёне створаны зборачныя вытворчасці збожжаўборачных камбайнаў беларускіх прадпрыемстваў. Толькі за пяць месяцаў гэтага года аб'ём узаемнага гандлю перасягнуў $30 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года павялічыўся на 66,5 працэнта.

"Вы павінны ведаць, што вы для нас ніколі не будзеце чужымі людзьмі, што б там ні гаварылі і ні пісалі", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да губернатара Амурскай вобласці.

"Многія гавораць, што Лукашэнка вельмі эмацыянальны, калі гаворыць аб адносінах. Мы рускія людзі, у нас эмоцыі заўсёды б'юць цераз край і без эмоцый мы ніколі не будавалі нашы адносіны, маю на ўвазе, паміж славянскімі дзяржавамі. Увогуле, гэта заява нядобрасумленных сродкаў масавай інфармацыі", — сказаў Прэзідэнт.

Апаніруючы тым, хто лічыць, што Беларусь не сёння, дык заўтра разваліцца, яе падзеляць, ці то НАТА паглыне, ці то Еўрапейскі саюз, — Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нічога такога не здарыцца, сёння краіна жыве, і яна будзе жыць.

У сваю чаргу губернатар адзначыў, што ў Амурскай вобласці добрыя вынікі супрацоўніцтва з Беларуссю. У прыватнасці, для рэгіёну карысны беларускі вопыт па развіцці сельскай гаспадаркі, стварэнні малочнатаварных ферм.

Алег Кажамяка таксама сказаў, што Амурская вобласць гатова прадаставіць Беларусі пляцоўкі для вырошчвання соі, якая выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі. Губернатар лічыць, што гэты праект быў бы вельмі выгадны для Беларусі, дзе актыўна развіваецца жывёлагадоўля, нават з улікам транспартных расходаў. Акрамя таго, Амурская вобласць гатова пашырыць аб'ёмы закупак новых энерганасычаных трактароў у Беларусі, а таксама міні-сельгасабсталявання для фермерскіх гаспадарак.

←Белорусская оппозиция исчезла как фактор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика