Беларусь з дапамогай МФК разлічвае прыцягнуць інвестараў

Источник материала:  

Беларусь з дапамогай Міжнароднай фінансавай карпарацыі (МФК) разлічвае прыцягнуць інвестараў. Аб гэтым заявіў учора ў Мінску прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з прадстаўнікамі МФК і экспертамі дэпартамента па інвестыцыйным клімаце групы Сусветнага банка, перадае БЕЛТА.

Беларусь праз МФК можа "даць пазітыўны сігнал міжнароднай супольнасці па актыўным інвесціраванні ў эканоміку краіны", сказаў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, у Беларусі адчуваецца работа, праводзімая МФК, асабліва па пытаннях прыватызацыі, што дало магчымасць укараняць у практыку шматлікія рыначныя механізмы.

Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што ўважліва азнаёміўся з пісьмом, якое яму накіравалі напярэдадні гэтай сустрэчы прадстаўнікі МФК, і падзяляе выкладзеныя там ключавыя пазіцыі. Цяпер у Беларусі ствараецца адпаведная інфраструктура па развіцці прыватызацыі і прыцягненні інвестыцый. Створана Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, якое, на думку прэм'ера, будзе садзейнічаць актыўнай папулярызацыі Беларусі ў гэтым напрамку.

Яшчэ адна важная пазіцыя ў рабоце з МФК — гэта праграма рэфармавання і аказання садзейнічання ў фарміраванні нарматыўна-прававой базы. Міжнародныя агенцтвы адзначаюць, што беларускае заканадаўства нядрэннае і адпавядае тым патрабаванням, што сфармуляваны тэорыяй і практыкай рыначных рэформ. Тым не менш беларускаму боку хацелася б пачуць меркаванні міжнародных экспертаў наконт ажыццяўлення ў Беларусі розных адміністрацыйных працэдур.

Акрамя таго, Беларусь хацела б атрымаць ад МФК пэўныя рэкамендацыі па павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі, адзначыў Міхаіл Мясніковіч. У рэспубліцы вызначана 8 прыярытэтаў павышэння канкурэнтаздольнасці. "І ў гэтым напрамку, магчыма, неабходна больш канцэнтраваць намаганні на тых або іншых вытворчасцях і галінах, якія маглі б быць своеасаблівым лакаматывам павышэння канкурэнтаздольнасці", — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. У сувязі з гэтым добра было б узгадніць пазіцыі па гэтых прыярытэтах, каб стварыць добрыя ўмовы і даць пазітыўныя сігналы міжнароднай супольнасці па актыўным інвесціраванні ў эканоміку Беларусі, падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь асноўны акцэнт робіць на прыцягненне прамых замежных інвестыцый.

Міжнародная фінансавая карпарацыя МФК разлічвае павялічыць інвестыцыі ў Беларусь, заявіў кіраўнік прадстаўніцтва МФК у Беларусі Макс Якуб на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам.

Як адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва МФК, за гады работы карпарацыі ў Беларусі інвесціравана прыкладна $320 млн. "Спадзяюся, што нашы інвестыцыі ў бліжэйшыя гады павялічацца, — падкрэсліў Макс Якуб. — Мы лічым, што наша работа ў Беларусі па стымуляванні інвестыцыйнага асяроддзя і стварэнні спрыяльнага інвестыцыйнага клімату можа прывесці да таго, што МФК не толькі павялічыць свае капіталаўкладанні, але сюды прыйдуць і іншыя інвестары".

МФК падтрымлівае намаганні ўрада Беларусі па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату ў краіне. Макс Якуб падзякаваў ураду за стварэнне Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, а таксама Міністэрству эканомікі за дапамогу ў рабоце карпарацыі.

←В Беларуси наметилась устойчивая тенденция к увеличению притока валютной выручки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика