"Мы занялі "свой пачэсны пасад між народамі"
Сёння наша Беларусь урачыста адзначае галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці!
У гэтым свяце разам зліліся вялікія і святыя для ўсіх паняцці — вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і незалежнасць беларускай дзяржавы.
Сёння мы з вялікай удзячнасцю ўспамінаем усіх, хто не схіліў галаву перад ворагам, прынёс жыццё на алтар Перамогі і абяссмерціў сваё імя.
Подзвіг гэтых герояў не памеркне ў стагоддзях!
Іх запаветы — любіць, берагчы, абараняць Радзіму — мы з гонарам і годнасцю, з гордасцю ўвасобім у жыццё!
Народ ганарыцца сваёй арміяй, наследніцай Перамогі — надзейнай апорай і духоўнай сілай краіны. Наша армія — верны абаронца стваральнай працы. Школа мужнасці для тысяч і тысяч маладых беларусаў, многія з якіх прымаюць удзел у сённяшнім парадзе.
Цяпер ваеннай пагрозы для нашай краіны няма. Але гісторыя, у тым ліку і навейшая, заклікае: порах заўсёды трэба трымаць сухім! Мірная і стваральная праца павінна быць надзейна і безумоўна забяспечана.
Нам ёсць што абараняць: родную зямлю, слаўную гісторыю, адзінства нацыі, сацыяльную справядлівасць і духоўныя каштоўнасці народа.
Мы нікому не пагражаем, ні на кога не нападаем і не збіраемся гэтага рабіць у далейшым.
Памяць аб шматмільённых ахвярах сусветнай вайны павінна б прымусіць чалавецтва адмовіцца ад прымянення сілы. Знаходзіць мірныя і пазітыўныя метады вырашэння канфліктаў.
Аднак сённяшняе імкненне пэўных колаў выкарыстоўваць у палітыцы сілавыя метады, націск і эканамічныя санкцыі для прасоўвання сваіх інтарэсаў застаецца рэальнай крыніцай напружанасці.
Ідзе эскалацыя інфармацыйнай інтэрвенцыі. Без усялякага сораму ўзмацняецца маніпуляцыя грамадскай думкай. Нормай становіцца агульнае шальмаванне, у тым ліку ананімнае з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. Уладныя людзі прымяняюць супраць непажаданых краін зброю масавага інфармацыйнага паражэння.
Мэта ўсяго гэтага — дыктат, навязванне палітычнай волі, уніфікацыя свету, прымушэнне народаў да новага светаўладкавання. Гэты "новы парадак" (сумна вядомы нам тэрмін!) прадугледжвае падзел свету на "залаты мільярд" і ўсіх астатніх — сіратлівых і ўбогіх, якія не маюць нават права голасу.
Нам узмоцнена і мэтанакіравана навязваюць бессаромныя сцэнарыі "каляровых рэвалюцый", напісаныя пад капірку ў сталіцах асобных краін. Мы разумеем, што мэта гэтых атак — пасеяць няўпэўненасць і трывогу, разбурыць грамадскую згоду. У канчатковым выніку — паставіць нас на калені і звесці да нуля ўсе заваёвы Незалежнасці.
Гэтага не будзе!
Мы выстаялі ў гады Вялікай Айчыннай, сваімі рукамі пераадолелі разруху, стварылі на сваёй цудоўнай зямлі прыгожую і гордую дзяржаву!
Мы даказалі сваё права "людзьмі звацца" і, як марылі нашы класікі-прарокі, занялі "свой пачэсны пасад між народамі".
Мы выстаім і сёння! Пераадолеем любыя цяжкасці і дастойна вытрымаем навязаныя нам выпрабаванні. Паколькі бяром сілы з невычэрпнай крыніцы традыцый нашага народа — смелага воіна і сумленнага працаўніка.
Паважаныя таварышы!
Наша шматвектарная знешняя палітыка, заснаваная на прынцыпах узаемапавагі, роўнасці і партнёрства, прадугледжвае як усебаковае супрацоўніцтва з нашай Расіяй, дзяржавамі былога Савецкага Саюза, так і развіццё ўзаемавыгадных адносін з іншымі саюзамі і краінамі.
Сярод нашых пастаянных прыярытэтаў — умацаванне абараназдольнасці краіны шляхам развіцця ўласных Узброеных Сіл, падтрыманне на належным узроўні боегатоўнасці рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, паслядоўнае ўзмацненне Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Слава беларускай арміі — нашай гордасці і надзейнаму гаранту мірнай працы!
Слава ветэранам і працаўнікам тылу Вялікай Айчыннай вайны!
Вечная слава героям, якія аддалі свае жыцці за свабоду і шчасце будучых пакаленняў!
Будзем жа дастойны іх вялікага подзвігу! Няхай жыве і мацнее любімая Радзіма!
Са святам! З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!
Ура!
3 ліпеня 2011 г.