Ільготнае крэдытаванне ў Беларусі захаваецца, але яго аб'ёмы скароцяцца
Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы комплекс жылой забудовы раёна Усходні ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу паўгода стварыць новую сістэму льготнага крэдытавання насельніцтва, вызначыўшы ў ёй тыя катэгорыі грамадзян, якія будуць мець права на крэдыт. Прэзідэнт лічыць, што такімі катэгорыямі будуць шматдзетныя сем'і, ваенныя, аднак аб'ём іх дзяржпадтрымкі будзе таксама адрознівацца.
"Трэба адкрыта гаварыць, што ў такім аб'ёме льготна крэдытаваць мы не можам. Бясплатна жыллё мы будаваць не зможам, таму што пры цяперашняй інфляцыі, якая ўсё з'ядае за 20 гадоў, чалавек фактычна бясплатна атрымлівае кватэру. Таму бясплатнага жылля ў такім аб'ёме, як гэта было ўчора, не будзе. Не таму, што тут праблемы, цяжкасці і г.д. Мы вельмі захапіліся, і фактычна многія людзі не думаюць аб тым, што яны самі павінны будаваць дом, кватэру і клапаціцца аб сваёй сям'і. Аб гэтым галава павінна балець перш за ўсё ў чалавека, а потым ужо — падтрымка, дапамога і г.д.", — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што "сітуацыя паказала: бяздумнае ўкідванне грашовых сродкаў, у тым ліку ў будаўніцтва жылля, прыводзіць да панікі".
"Ільготнае крэдытаванне, зразумела ж, застанецца, але яно будзе зведзена да таго аб'ёму, які дзяржава можа вытрымаць, каб не стварыць чарговыя праблемы на рынку валютным, фінансавым, эканамічным і г.д.", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Але трэба дакладна вызначыць, каму мы будзем дапамагаць па льготах, — адзначыў Прэзідэнт. — Тут даўно пара ўраду вызначыцца, якая падтрымка будзе сем'ям з трыма, чатырма, пяццю дзецьмі, і дакладна прапісаць гэта".
"Мы не можам бяздумна, у тым ліку за кошт эмісіі, укідваць грошы ні ў будаўніцтва, ні ў сельскую гаспадарку — ва ўсе дзяржпраграмы", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду прапрацаваць дакладную сістэму аказання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля і "не з пункту гледжання Дзеда Мароза ўсім раздаць".
Будаўніцтва ў Мінску будзе скарачаццаПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што мінчане ў асноўным павінны будаваць жыллё без дзяржпадтрымкі.
Ён лічыць, што ўсё насельніцтва краіны не павінна канцэнтравацца ў сталіцы, людзі павінны ісці туды, дзе ёсць рабочыя месцы і патрабуецца рабочая сіла.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у свеце ёсць адзін непахісны прынцып: чалавек ідзе да рабочага месца. У якасці прыкладу ён прывёў хуткае будаўніцтва ў Светлагорску пад кітайскі крэдыт новага камбіната. "Туды патрэбны людзі, будзе будавацца жыллё. Не можаш пабудаваць у Мінску — едзь туды і будуй", — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што аб'ёмы будаўніцтва ў Мінску будуць скарачацца. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тыя людзі, якія даўно ішлі да будаўніцтва жылля ў сталіцы і доўга стаялі на чарзе, гэта жыллё павінны пабудаваць. "Але льгатаваць і падштурхоўваць людзей трэба туды, дзе патрэбна рабочая сіла", — сказаў Прэзідэнт. "Трэба зыходзіць з тых прынцыпаў, на якіх сёння жыве свет", — дадаў ён.
У той жа час кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніхто не будзе перашкаджаць будаўніцтву жылля грамадзянам за свой кошт, за сродкі камерцыйных крэдытаў. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што людзям неабходна выдзеліць максімум участкаў пад асабістыя забудовы па ўсёй краіне. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на зніжэнні долі імпартных складальнікаў у жыллёвым будаўніцтве. "Трэба падумаць, каб мы былі менш завязаны пад гэтыя долары, еўра, пад імпарт", — сказаў ён.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу ўрада, што ўсе нюансы трэба звесці разам і новая сістэма павінна быць толькі пад кантролем дзяржавы. "Ніякага прыватніка, таму што мы атрымаем праблемы, і вялікія: грошы збяруць, людзей падмануць і паедуць", — сказаў ён.
"Тут павінна быць дакладная справядлівасць і ніякага папулізму і непатрэбнай падтрымкі, калі мы бачым, што гэта ў перспектыве на шкоду дзяржаве", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін расказаў, што ўжо вызначаны некалькі катэгорый, каму будзе выдавацца льготны крэдыт пры будаўніцтве жылля. Гэта шматдзетныя сем'і, грамадзяне, якія жывуць больш за 10 гадоў у інтэрнаце, маюць права на сацыяльнае жыллё і жывуць у старых дамах. Паводле яго слоў, сёння з дзяржпадтрымкай будуецца 72 працэнты жылля, у будучым урад плануе ўраўнаваць долі жылля, якое будуецца з дзяржпадтрымкай і за кошт грамадзян. Анатоль Калінін таксама лічыць, што пры новым падыходзе на бюджэт ляжа значна меншая нагрузка.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе не дапускаць павышэння кошту будаўніцтва па раней заключаных кантрактах. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, у першым квартале гэтага года ўдалося ўтрымаць кошт квадратнага метра жылля і нават знізіць яго на 5 працэнтаў з улікам аддзелкі. Цяпер сярэднеўзважаны кошт 1 кв.м жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і будуюць жыллё з дзяржпадтрымкай, замацаваўся на ўзроўні каля Br1 млн 700 тыс. Паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Калініна, да канца года з улікам павышэння цэн прагназуецца цана каля Br2 млн 200 тыс. "Гэта вы як ведамасны чыноўнік гаворыце. А калі б вы падціснулі будаўнікоў? Перш за ўсё па тэрмінах. Так, ім цяжка выконваць пры такіх умовах гэтыя задачы. Але, калі ласка, здай на адзін-два месяцы раней, — адзначыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да віцэ-прэм'ера. — Таму трэба падціснуцца да немагчымага, аж да таго, што, можа, нейкім чынам падтрымаць будаўнікоў".
"Тут трэба ўсё кінуць, але чалавека не пакрыўдзіць. Ужо новыя дагаворы, добра, заключайце пад Br2-2,2 млн. Чалавек тады будзе выбіраць. Але тут мы не можам біць так чалавека. Гэту праблему трэба вырашыць, чаго б нам гэта ні каштавала. Абараніць тых, хто ўжо заключыў дагаворы і ў каго жыллё ўжо будуецца", — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што неабходна ў цэлым працаваць над змяншэннем кошту будаўніцтва жылля, у тым ліку за кошт скарачэння тэрмінаў здачы.
"Галоўнае — захаваць будаўнічы комплекс. Гэты час пройдзе. Калі няма будаўніцтва — у краіне няма развіцця", — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Прадухіліць адток будаўнічых кадраўАляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць самыя дзейсныя меры для прадухілення адтоку будаўнічых кадраў за мяжу. Гаворачы аб адтоку кадраў з будаўнічай галіны Беларусі, які намеціўся апошнім часам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы ў гэтым не зацікаўлены". "Таму мы павінны гэтым "летунам", інакш іх не назавеш, сказаць: мы не можам забараніць табе ехаць будаваць некуды за мяжу. Ты паехаў працаваць неарганізавана ў іншую дзяржаву, у краіну грошай не прыносіш. Едзь, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але па-першае, камунальныя паслугі 100 працэнтаў сям'я аплачвае, медыцынскае забеспячэнне, тваё асабіста, дзяцей мы не чапаем і сям'ю, — 100 працэнтаў. Не нясеш сацыяльную нагрузку, дзяржаве не дапамагаеш, давай хоць за камуналку і за медабслугоўванне заплаці".
"Тады ён тысячу разоў падумае, ехаць ці не ехаць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Зарабіў грошы — прыйдзі і заплаці".
Звяртаючыся да членаў урада, Аляксандр Лукашэнка даручыў: "Неадкладна выконвайце — з другога паўгоддзя. Адукацыю не чапаем". "Мы застаёмся тут, плацім падаткі, утрымліваем гэту ахову здароўя і камуналку. Трэба яшчэ паглядзець (па іншых напрамках. — Заўвага БЕЛТА). Мы не забараняем — едзь, але плаці тут", — дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Будаўнічыя паслугі — на экспартАляксандр Лукашэнка даручыў у бліжэйшыя гады давесці аб'ём будаўніцтва за мяжой да 1 млн кв.м. Як далажылі Прэзідэнту, у 2012 годзе ў Беларусі плануецца пабудаваць 5,7 млн кв.м жылля і яшчэ 700 тыс. кв.м будзе пабудавана за мяжой. "Цяпер мы ўжо выйшлі на пляцоўкі Венесуэлы, Расіі і рухаемся ў гэтым напрамку", — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі ёсць добрыя магчымасці для папулярызацыі сваіх будаўнічых паслуг за мяжой, перш за ўсё ў Расіі. "У нас ёсць адзін добры рычаг. Там не хапае будаўнічых матэрыялаў, такіх як шчэбень, цэмент і інш.", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён прапанаваў дамаўляцца аб пастаўках з Беларусі дэфіцытных будаўнічых матэрыялаў у абмен на будаўнічы падрад. "Яны з задавальненнем, асабліва расіяне, згодзяцца", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў Расіі існуе значная патрэбнасць у кваліфікаваных будаўнічых кадрах. "Расія нядрэнна цяпер прымае нашых будаўнікоў", — канстатаваў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон, дадаўшы, што асабліва гэта датычыцца домабудаўнічых камбінатаў.
"Трэба выходзіць за мяжу і там будаваць, ісці да таго мільёна паслуг у будаўніцтве за мяжой, аб якім мы некалі дамаўляліся. Якія тэрміны? Я не хачу гаварыць год-два, але ў бліжэйшы час міністр павінен далажыць, што мільён (квадратных метраў. — Заўвага БЕЛТА) за мяжой будуюць і прывозяць у краіну валюту", — даручыў Аляксандр Лукашэнка.