Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся знізіць з раніцы цэны на паліва

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся знізіць з раніцы цэны на паліва. Аб гэтым ён заявіў учора на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі, перадае БЕЛТА.

"Давайце дамовімся: паліва з заўтрашняй раніцы будзе не Br5200-5100, а максімум Br4500, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму можаце ісці і аб'явіць усім: Br4500 — гэта максімум, гэта я бяру самы дарагі бензін. Ад гэтага будзем лічыць і дызельнае паліва, і больш танны бензін — нізкаактанавы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў далейшым цана на бензін не будзе рэзка расці, будзе прывязана да курсу долара, калі ён установіцца. "І да 1 студзеня, калі ў нас будзе курс ці то Br5000, ці то Br4500: калі Br4500 — такі і застанецца, калі Br5000 — значыць, да 1 студзеня будзеце працаваць па цэнаўтварэнні, за квартал дабаўляючы па 2-3 працэнты, калі гэта трэба будзе, але не на 30 працэнтаў", — сказаў Прэзідэнт. "Вось і ўсё маё рашэнне па паліве", — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што, магчыма, давядзецца "адкручваць цэны" і па іншых групах тавараў.

"Я катэгарычна забараняю любы рух звыш 3-5 працэнтаў па цэнах без майго ведама", — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў работу ўрада па цэнаўтварэнні. Ён нагадаў, што тыдзень таму на нарадзе гаварыў аб тым, што ў цяперашніх складаных умовах трэба сур'ёзным чынам звярнуць увагу на стабілізацыю сітуацыі як у эканоміцы, так і ў сацыяльным плане. "Галоўная праблема, якая да гэтага часу хвалюе людзей, — гэта інфляцыя. Мною было дадзена ўказанне прэм'ер-міністру, губернатарам і мэру Мінска самым строгім чынам рэагаваць на рост цэн. Я быў упэўнены, што гэтыя службовыя асобы будуць прымаць рашэнні ўзважана і абдумана, паколькі галоўнае сёння — не проста зрабіць так, каб бюджэт быў тоўстым і тлустым, а галоўнае — абараніць людзей", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Пры гэтым абсалютна недапушчальна, я аб гэтым катэгарычна папярэдзіў, рабіць рэзкія рухі ў цэнаўтварэнні. Можна толькі ўніз, уверх нельга", — падкрэсліў ён. На думку кіраўніка дзяржавы, калі дзесьці патрэбна была карэкціроўка цэн, то гэта неабходна было рабіць плаўна і акуратна. "Людзі павінны былі мець магчымасць прывыкнуць да любога руху. Што атрымалася на справе? За адзін вечар вы павысілі цану на паліва аж на 30 працэнтаў", — сказаў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, калі б давялося павышаць цану толькі на паліва, гэта было б зразумела. "Але гэта ўжо "букет", цэны выраслі на ўсё!" — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Хто падумаў, што будзе заўтра, павышаючы цану на паліва? Напэўна, кожнаму вядома, што будзе. Паліва — гэта прадукты харчавання, гэта ў меншай ступені, але таксама адзенне. Вы што, і заўтра яшчэ раз павысіце цэны на прадукты харчавання?" — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных.

"І наогул, дзе чалавеку ўзяць грошы на ўтрыманне сям'і? Вы што, дасце заўтра гэтыя грошы, кампенсуеце страты кожнай сям'і? А інфляцыя? Вы ж не на іншай планеце жывяце, у магазіны, напэўна, ходзіце і бачыце, што там адбываецца", — сказаў Прэзідэнт. "Вы мне хочаце сказаць, што ў нас цэны сёння на тавары, у тым ліку на паліва злашчаснае, ніжэйшыя, чым у суседніх дзяржавах. Вывозяць. Але да гэтага часу мне ніхто не далажыў факты, дзе затрымалі, колькі, хто вёз, якія меры прыняты і г.д.", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт распарадзіўся напалавіну ўрэзаць расход паліва службовага транспарту ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта.

"З заўтрашняй раніцы напалавіну ўрэзаць ліміт паліва ўраду і Адміністрацыі. На веласіпедах няхай ездзяць, тады, можа быць, будуць думаць, як думаюць людзі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Як назло робяць!" — дадаў Прэзідэнт.

"Людзі толькі-толькі ачухаліся ад удару — на табе, як абухом па галаве, другі раз. Толькі людзі апамяталіся — на табе трэці раз, і гэта, мне дакладваюць, не апошні", — канстатаваў Прэзідэнт. "Тады, хлопцы, я скажу вам, не ў краіне, а недзе за мяжой трэба будзе шукаць работу, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных у зале. — Я дапусціць гэтага здзеку з людзей не магу. Я вас папярэдзіў 10 дзён таму, прэм'ер-міністра асабіста".

"Вы зыходзіце з нейкага курсу долара. Скажыце мне, калі ласка, а які сёння рэальны курс долара? Не ведаеце. Дык чаму прывязваеце да нейкага незразумелага курсу долара ўсё на свеце, у тым ліку і паліва? Няўжо тут нельга было прайсці спакойна, павысіўшы цэны на паліва на 10-15 працэнтаў адразу, а потым расцягнуць да 1 студзеня, калі стабілізуецца сітуацыя на валютным рынку, прывязацца да якога-небудзь долара і пералічыць праз долар цану на гэта паліва. Гэта нельга было зрабіць?" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на сённяшняй нарадзе мае намер пачуць выразныя тлумачэнні з пункту гледжання ўнутранай сітуацыі ў краіне. "Сапраўды, як дзеці малыя. Ад вас запалкі ў доме трэба хаваць, бо дом спаліце. Крыху адвернешся — праўда, дом спаліце", — сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да губернатараў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мае намер пачуць ад іх, як яны збіраюцца весці ўборачную кампанію, павысіўшы цэны на паліва. "Ці вы думаеце, што з бюджэту вам нехта грошы дасць? У бюджэце гэтых грошай няма", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка мае намер пачуць і аб сітуацыі на валютным рынку. "Думаю, калі Пётр Пятровіч можа сёння, ён даложыць, што адбываецца на ўнутраным рынку і што будзе заўтра, паслязаўтра, праз 5 дзён, а не абмяжуемся размовамі аб імпартазамяшчэнні", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўнае, што ён хоча пачуць, — гэта дынаміка, што змянілася за апошнія 10 дзён "з моманту прынцыповай размовы". "Вы мне дакладваеце, што ажывіўся пазабіржавы валютны рынак. Хацелася б мець канкрэтныя факты, як ажывіўся гэты пазабіржавы рынак", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прысутных даць дакладныя адказы на пытанні, хто і як прымаў рашэнні аб павелічэнні цэн на спажывецкія тавары, у тым ліку паліва, чым матываваны такія значныя скачкі цэн, як урад мае намер утаймаваць інфляцыю, ці прадугледжаны адэкватныя меры сацыяльнай абароны насельніцтва, ці відаць дадатная дынаміка на ўнутраным валютным рынку.

←Сотрудники КГБ опросили мать брестского активиста демсил Ивана Стасюка о его деятельности в соцсетях

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика