Аляксандр Лукашэнка патрабуе выкаранення фактаў неабгрунтаванага прыцягнення людзей да адказнасці

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі патрабуе выкаранення фактаў неабгрунтаванага прыцягнення людзей да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў учора на нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі, перадае БЕЛТА.

"Гэта самае страшнае, што можа быць у названай рабоце. І патрабаванне за гэта, вядома ж, адпаведнае!" — падкрэсліў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым, звяртаючыся да кіраўнікоў судоў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоча пачуць, чаму такое адбываецца і якія прычыны гэтай з'явы.

"Таму сёння неабходна прааналізаваць рэальную сітуацыю і даць аб'ектыўную ацэнку рабоце агульных судоў. У першую чаргу хачу пачуць, наколькі поўна і своечасова радавы грамадзянін можа абараніць свае законныя інтарэсы ў судах. Чаму ўдзельнікі судовага працэсу не заўсёды згодны з абгрунтаванасцю яго рашэнняў, а ў рабоце судоў яшчэ нямала фармалізму? Як зрабіць працэс ажыццяўлення правасуддзя больш празрыстым, зразумелым і пераканаўчым для грамадства? Як палепшыць якасць і аператыўнасць работы судоў?" — вызначыў задачы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівую трывогу выклікае падзенне прэстыжу прафесіі суддзі. За апошнія восем гадоў змянілася амаль палавіна суддзяў раённых судоў. Большасць суддзяў вызваляюцца ад займаемых пасад да дасягнення гранічнага ўзросту работы на дзяржаўнай службе. "Як змяніць гэту сітуацыю? Што можна і трэба зрабіць для паляпшэння работы саміх суддзяў?" — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.

Суддзі кваліфікавана і правільна, у поўнай адпаведнасці з законам правялі працэсы над арганізатарамі масавых беспарадкаў 19 снежня і пагромшчыкамі Дома ўрада. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што вінаватыя панеслі заслужанае пакаранне. На яго думку, гэта сведчыць аб высокім прафесійным узроўні беларускага судовага корпуса, рашучасці ў барацьбе з небяспечнымі негатыўнымі праявамі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што суды як адна з галін улады не заставаліся ўбаку ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве.

Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы нараду, адзначыў, што яна не прадыктавана якой-небудзь надзвычайнай сітуацыяй. Паводле слоў Прэзідэнта, наспела неабходнасць прынцыпова абмеркаваць актуальныя пытанні правасуддзя і выпрацаваць неабходныя меры для павышэння ступені даверу людзей да судоў. Папярэдняя нарада праводзілася больш як тры гады таму. "Тады былі пастаўлены канкрэтныя задачы, мы вельмі дакладна выпрацавалі дзеянні. Сёння я хачу пачуць, як яны вырашаны. Ці ўсё зроблена для ўстаранення існуючых недахопаў у рабоце?" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што яго насцярожвае той факт, што апошнім часам расце колькасць зваротаў грамадзян, перш за ўсё ў Адміністрацыю Прэзідэнта, са скаргамі на работу судоў. У той жа час праведзенае напярэдадні нарады сацыялагічнае даследаванне паказала, што больш як 80 працэнтаў насельніцтва давяраюць беларускай судовай сістэме. "Такога яшчэ не было", — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, 67 працэнтаў насельніцтва пазітыўна ацэньваюць работу беларускай судовай сістэмы. Тым не менш гэта сфера патрабуе больш пільнай увагі. "Нельга забываць, што ад рашэння суда залежаць як лёсы канкрэтных людзей, так і правапарадак у краіне і стабільнасць у грамадстве", — сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перадвыбарная кампанія і сустрэчы з людзьмі сведчаць аб пэўнай незадаволенасці з боку грамадзян работай агульных судоў і праваахоўных органаў у цэлым. Ён нагадаў, што на ІV Усебеларускім народным сходзе дамовіліся прыняць прынцыповыя рашэнні і меры па навядзенні парадку ў дзейнасці судоў і праваахоўных органаў, устараненні вострых праблем, якія выклікаюць заклапочанасць людзей.

Галоўнай мэтай нарады Прэзідэнт вызначыў неабходнасць пошуку канкрэтных напрамкаў далейшага ўдасканалення дзейнасці агульных судоў. Ён адзначыў, што для вывучэння аб'ектыўнай карціны стану спраў у судах па яго даручэнні была створана міжведамасная камісія, дзе былі сабраны лепшыя спецыялісты.

←Янукович освободил от должности посла Украины в Беларуси Романа Безсмертного

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика