Комплексныя праверкі работы мясцовых улад з насельніцтвам пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі

Источник материала:  

Аб гэтым пасля заканчэння выязнога прыёму грамадзян у Брэсцкім аблвыканкаме заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Уладзімір Макей, праверка ўзроўню работы са зваротамі грамадзян праводзіцца ў мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы. Паводле яго слоў, за першы квартал у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года на 25,5 працэнта ўзрасла колькасць зваротаў, што паступілі ў Адміністрацыю Прэзідэнта ад грамадзян. Гэтыя звароты датычыліся розных пытанняў работы ЖКГ, сацыяльна-эканамічнай сферы, праваахоўнай і судовай сістэм. "Было прынята рашэнне пачаць праверку гэтай работы менавіта з Брэсцкай вобласці", — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі.

Пры гэтым комплексная праверка была праведзена па цэлым шэрагу напрамкаў. Гэта і арганізацыйна-кіраўніцкая дзейнасць аблвыканкама па рабоце з насельніцтвам, і тое, як вырашаюцца сацыяльна-эканамічныя праблемы, што ўзнімаюцца грамадзянамі. Таксама праведзена праверка эфектыўнасці работы кадравай, ідэалагічнай, праваахоўнай і судовай сістэм. "Рабочая група працавала некалькі дзён. Мы пастараліся ахапіць увесь спектр пытанняў, каб зрабіць адпаведныя вывады", — расказаў Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што пройдзе нарада з актывам аблвыканкама, дзе будуць зроблены вывады на будучае, абмеркавана тое, як выправіць недахопы і прыцягнуць да адказнасці вінаватых, калі яны гэтага заслугоўваюць. Аб выніках праведзенай работы будзе даложана Прэзідэнту.

"Такая праверка будзе праводзіцца па ўсіх рэгіёнах краіны, акрамя двухразовых маніторынгаў, якія ажыццяўляюцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Меры па выніках праверак будуць прымацца самыя строгія і самыя сур'ёзныя, — падкрэсліў Уладзімір Макей. — Інтарэсы простага чалавека павінны стаяць на першым месцы для любога кіраўніка".

Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі, у цэлым прыём грамадзян паказаў, што Брэсцкі аблвыканкам і гарвыканкам валодаюць сітуацыяй, даволі эфектыўна рэагуюць на праблемы, якія ўзнімаюцца грамадзянамі. "Яны ставяцца не павярхоўна да зваротаў грамадзян, а ўважліва іх вывучаюць, выбудоўваюць план работы на перспектыву", — адзначыў ён. Разам з тым пэўныя праблемы існуюць, і шэраг пытанняў патрабуе дадатковага вывучэння. Гэта ў першую чаргу датычыцца спрэчак па зямельных участках, пытанняў рамонту дамоў і некаторых іншых. "Але ў цэлым трагедыі няма, работа вядзецца планава", — канстатаваў кіраўнік Адміністрацыі.

Уладзімір Макей таксама нагадаў, што цяпер у рэспубліцы праходзяць масавыя праверкі адукацыйных устаноў усіх узроўняў. "Таму што і там, як паказаў тэракт у мінскім метро, аказваецца, існуюць праблемы, якія датычацца падтрымання дысцыпліны, выканання навучальных праграм, і іншыя пытанні", — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Дзяржава не застанецца ў баку ад вырашэння праблем ашуканых дольшчыкаў. У прыватнасці, на прыём да Уладзіміра Макея прыйшла група грамадзян, жыхароў Брэста, якія некалькі гадоў таму заключылі дагаворы на долевае будаўніцтва з адной з прыватных фірм. У выніку цяпер шэсць шматкватэрных дамоў у Брэсце, дзе забудоўшчыкам з'яўлялася гэта кампанія, знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці, а ў дольшчыкаў няма ні кватэр, ні грошай. Больш таго, многія з іх ужо даўно поўнасцю разлічыліся за так і не пабудаваныя кватэры і працягваюць выплачваць крэдыты, узятыя ў банках. Нельга сказаць, што ўлады нічога не робяць для вырашэння гэтай праблемы.

Вядзецца следства, высвятляецца, куды былі патрачаны сродкі і чаму будаўніцтва не было завершана, прымаюцца меры па завяршэнні пачатых аб'ектаў. Мясцовыя ўлады таксама выпрацавалі некалькі варыянтаў вырашэння праблемы пацярпелых дольшчыкаў, аднак з-за розных прычын яны прымальныя не для ўсіх з іх, што і стала прычынай прыходу грамадзян на прыём да кіраўніка Адміністрацыі.   Уладзімір Макей адзначыў, што Прэзідэнт у мінулагоднім пасланні Нацыянальнаму сходу і народу Беларусі запатрабаваў урэгуляваць праблему з ашуканымі дольшчыкамі ва ўсіх рэгіёнах, дзе яна ёсць. "Дзяржава магла б спакойна закрыць на гэта вочы: вось фірма, ідзіце ў суд і разбірайцеся там. Але дзяржава пайшла вам насустрач, умяшалася ў гэты працэс і хоча дапамагчы вам, таму што вы — грамадзяне гэтай краіны", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі, звяртаючыся да ашуканых дольшчыкаў.

Паводле яго слоў, неабходна знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне для ўсіх, і ўрад разам з мясцовымі ўладамі павінен адшукаць розныя варыянты такога рашэння. "Трэба разабрацца па кожным канкрэтным выпадку, каб гэта было аб'ектыўна. Нехта частку заплаціў — менш страціў, нехта поўнасцю — больш страціў. Трэба ў гэтай сітуацыі ў першую чаргу звярнуць увагу на тых людзей, хто пацярпеў найбольш", — адзначыў Уладзімір Макей.

Звяртаючыся да мясцовага кіраўніцтва, ён сказаў: "Калі ў людзей узнікаюць пытанні, дык запрасіце ашуканых дольшчыкаў, збярыце іх у вялікай зале і перагаварыце з імі, растлумачце. Здыміце напружанне, так, каб людзі бачылі, што дзяржава гэтым займаецца".

"Наша задача паскорыць усе гэтыя працэсы, адпаведныя разборы па лініі МУС, КДК, Генпракуратуры, разборы ў судзе, са страхавымі кампаніямі і максімальна хутка і аператыўна закрыць гэту праблему. Але калі ў людзей узнікаюць пытанні, значыць, знайдзіце час сустрэцца з імі, растлумачыць, што адбываецца", — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі.

Усяго на прыём да Уладзіміра Макея прыйшлі каля 200 чалавек, а асабіста ён прыняў некалькі дзясяткаў грамадзян. Тым не менш звароты ўсіх тых, хто не змог трапіць на асабісты прыём, будуць уважліва вывучаны і вырашаны ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта дапамогу ў прыёме грамадзян аказвалі першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі Аляксандр Федарцоў і намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. Амаль адна трэць зваротаў датычылася работы праваахоўнай і судовай сістэм. Яшчэ прыкладна трэць была звязана з рознымі спрэчкамі адносна зямельных участкаў.

Сярод зваротаў былі і чыста тэхнічныя пытанні. Так, расійскія бізнэсмены спрабавалі арандаваць у Брэсце будынак, каб адкрыць у ім піўны рэстаран. Аднак у мясцовых улад ужо даўно былі іншыя планы адносна гэтага месца, дзе павінна быць размешчана харэаграфічная школа. Такім чынам, усё, што неабходна, — гарадскім уладам і патэнцыйным інвестарам сабрацца разам і знайсці прымальны варыянт вырашэння пытання. "Ад інвестыцый ніхто не збіраецца адмаўляцца. Наадварот, інвестары будуць вітацца", — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі.

Ён таксама прызнаў, што, на жаль, сярод грамадзян ёсць і прафесійныя скаржнікі, для якіх гэта становіцца своеасаблівай прафесіяй. "Але тым не менш мы абавязаны іх выслухаць і пастараемся ў любым выпадку пераправерыць тую інфармацыю, якую яны нам давялі, і зрабіць адпаведныя высновы", — падкрэсліў ён.

←Чешский Хельсинкский комитет возмущен судебными процессами в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика