Аляксандр Лукашэнка: "Праз 1-2 месяцы мы забудзем усе валютныя праблемы"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь праз 1-2 месяцы ўрэгулюе сітуацыю на валютным рынку. Аб гэтым ён заявіў учора ў час наведвання ААТ "Александрыйскае" ў Шклоўскім раёне, перадае БЕЛТА.
Так, складана сёння. Вырулім. Праз 1-2 месяцы мы спакойна забудзем усялякія валютныя праблемы, сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, далей Беларусь пойдзе сваім шляхам. "Апошнім часам нам усё часцей падкідваюць ідэі ў сувязі з гэтым фінансавым бязладдзем, маўляў, патрэбны рэформы. Нас тонка, акуратна, з падачы, вядома, адтуль, падштурхоўваюць да нейкіх рэформ і крычаць, асабліва гэтыя з пятай калоны, што патрэбны неадкладна рэформы і рэформы. А што за рэформа патрэбна? Якую яны нам прапануюць рэформу? Яны нам прапануюць рэформу на разбурэнне", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама падкрэсліў: "Нам рэформа патрэбна вось такая: калі гаспадаркі працуюць, атрымліваюць прадукцыю, у любой кропцы планеты попыт на яе ёсць, тады тое, што трэба дзяржаве, — прадаў, а на астатняе — купляй па імпарту, што хочаш. І няма праблем з валютай. Вось такая патрэбна рэформа". Але гэта будзе цяжка, і гэта будзе доўгі шлях, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Але гэта наш шлях. Іншага няма шляху", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларуская сельская гаспадарка атрымлівае новае аблічча
Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ААТ "Александрыйскае" ў Шклоўскім раёне.
Гэта гаспадарка з'яўляецца адным з прыкладаў паспяховых сельгаспрадпрыемстваў. У свой час яна была створана шляхам аб'яднання некалькіх стратных гаспадарак, але цяпер набыла зусім новае аблічча.
"Тут мы аб'ядналі бедныя гаспадаркі, уклалі вялікія сродкі для таго, каб падняць гэтыя землі. І атрымалася добра. Рэнтабельнасць высокая, прадукцыйнасць працы добрая. Прадпрыемства вырабляе разнапланавую запатрабаваную прадукцыю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, асаблівасць гэтага прадпрыемства ў тым, што аб'яднанне стратных гаспадарак адбылося, што называецца, без інтэгратара. Гаспадаркі аб'ядноўваліся з прыцягненнем крэдытных сродкаў. Гэта, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адзін з магчымых шляхоў развіцця сельгасарганізацый. Але, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, такіх прадпрыемстваў павінна быць няшмат — некалькі ў кожнай вобласці, паколькі ў іх даводзіцца ўкладваць вялікія сродкі.
Другі шлях, як адзначыў Прэзідэнт, — гэта аб'яднанне гаспадарак з інтэгратарам, у якасці якога выступае які-небудзь сельгаскомплекс, што эфектыўна працуе. Да яго і далучаюцца стратныя або адстаючыя гаспадаркі, але пры гэтым частку сваіх сродкаў у навастворанае прадпрыемства ўкладвае і сам інтэгратар. Пэўную частку сродкаў фарміруюць крэдыты банкаў. Менавіта такім шляхам у асноўным і прапануе ісці Прэзідэнт у далейшым развіцці сельскай гаспадаркі.
Разам з тым магчымы і іншыя варыянты. Трэці шлях, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, — гэта ўздым і развіццё так званых маякоў у сельскай гаспадарцы — аналагаў інтэгратараў, буйных гаспадарак. "Мы іх будзем развіваць, але не выключана, што да такіх прадпрыемстваў можа быць далучана некалькі больш дробных гаспадарак. У такіх "маяках" засталіся добрыя кадры, паспяхова вядзецца гаспадарка", — адзначыў Прэзідэнт.
Чацвёртым шляхам Аляксандр Лукашэнка прапануе развіваць дробныя гаспадаркі. "Чацвёрты шлях — у тым, каб не перашкаджаць развівацца маленькім гаспадаркам. Яны добра, рэнтабельна працуюць і не хочуць ні з кім аб'ядноўвацца. Грошай у нас не просяць, і людзі задаволены, таму няхай развіваюцца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Падагульняючы ўсё гэта, Прэзідэнт адзначыў: "Гэтымі шляхамі мы і павінны ісці, фарміруючы новае аблічча сельскай гаспадаркі. Сюды, у ААТ "Александрыйскае", я прыехаў, каб паглядзець, наколькі аптымальна мы выбралі шлях і развіваем сельгаскомплексы ці мы зноў бяздумна ўкідваем вялікія сродкі, але трэба помніць: мы не можам больш укладваць такія грошы ў сельскую гаспадарку, як раней".
Праграма будаўніцтва жылля ў Беларусі будзе адкарэкціравана
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым па краіне праблема з забяспечанасцю жыллём так востра ўжо не стаіць, а таму неабходна скарэкціраваць праграму па будаўніцтве жылля. "Трэба глядзець, каму мы павінны дапамагчы і каму мы павінны будаваць жыллё. Калі ты паляпшаеш жыллёвыя ўмовы, даставай з кішэні грошы і будуй. Мы павінны, зыходзячы з нашых магчымасцяў, пабудаваць толькі тым, хто першы раз атрымлівае жыллё", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён дадаў, што да гэтага пытання трэба падыходзіць акуратна. "Трэба больш дбайна да гэтага ставіцца. Не размахвацца, маўляў, усім дадзім. Ды не дадзім мы ўсім!" — сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца іншых дзяржаўных праграм, то яны будуць скарачацца, але толькі па тых напрамках, дзе гэта неабходна. "Мне многія гавораць: давайце дзяржаўныя праграмы скароцім. Давайце скароцім. Ну і што далей? Тады давайце не будзем будаваць комплексы, дарогі, жыллё... Не. Усё будзем будаваць. Але разбою ж ужо быць не павінна. Тысячу разоў трэба падумаць — сілікатам тут выкладваць, жалезныя дзверы рабіць або якія-небудзь іншыя, але каб яны былі даўгавечныя, каб было прыгожа".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэта магчыма зрабіць. "Я бачу па прыватніку. Калі прыватнік пачынае займацца, дзе б я ні сустракаўся, у два разы больш эканомна, чым мы гэта робім ад імя дзяржавы". У той жа час ён падкрэсліў, што дзяржпраграма па вёсцы скарочана не будзе. "Калі мы страцім тэмпы рэканструкцыі вёскі, значыць, мы, напэўна, ніколі іх не набяром", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што колькасць аб'ектаў у сельскай гаспадарцы зменшыцца не павінна, паколькі цяпер вялікія патрэбнасці ў сельгаспрадукцыі, і рынкі збыту шукаць не трэба. У той жа час кіраўнік дзяржавы лічыць, што галоўная праблема ў вёсцы — гэта расхлябанасць, у тым ліку ў цэнаўтварэнні. Ён зноў падкрэсліў, што аб якой сферы ні ішла б размова, трэба выбіраць самыя аптымальныя варыянты.
Попыт насельніцтва на грэчку ў гэтым годзе будзе поўнасцю задаволены
Аб гэтым паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, дакладваючы Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб завяршальным этапе веснавых палявых работ. Паводле слоў міністра, у гэтым годзе пад грэчку адведзена 35 тыс. га. У Магілёўскай вобласці, у прыватнасці, грэчкай будзе засеяна 6 тыс. га, што ў 1,5 раза больш, чым у мінулым годзе. Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра, выказаў нездавальненне тым, што зацягнуліся тэрміны завяршэння веснавых палявых работ. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, абяцаныя тэрміны да 9 мая завяршыць работы, правалены — "абяцаць умееце, а рабіць — не".
Цяпер засталося завяршыць сяўбу кукурузы і крупяных культур. У Магілёўскай вобласці неабходна пасеяць яшчэ 38 тыс. га кукурузы, пасадзіць 900 га агародніны. "Па агародніне попыт будзе шалёны. Таму, дзе толькі можна, там і саджайце агародніну", — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў губернатара Магілёўскай вобласці, у якім з раёнаў сітуацыя больш за ўсё насцярожвае. Паводле слоў Пятра Рудніка, з-за дажджоў ускладнена завяршэнне пасяўных работ у Горацкім раёне. Адстаючымі раёнамі на гэты момант з'яўляюцца Краснапольскі і Клімавіцкі. "Вось туды ў хуткім часе і паедзем", — дадаў кіраўнік дзяржавы.