Аляксандр Лукашэнка: "У пераломны момант недапушчальна нажывацца за кошт людзей, неабгрунтавана павышаць цэны"
Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 25 красавіка ўніверсам "Заходні" ў Лунінцы, перадае БЕЛТА.
Гэта новы гандлёвы пункт здадзены ў эксплуатацыю ў 2010 годзе, пры гэтым сярэднямесячны рознічны тавараабарот у мінулым годзе склаў тут больш як Br593 млн. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся асартыментам тавараў, ростам цэн на харчовыя тавары, судносінамі айчынных і імпартных тавараў у магазіне і ў цэлым работай магазінаў спажыўкааперацыі. Як расказалі Прэзідэнту, павышэнне цэн у асноўным паўплывала на імпартныя тавары, менш — на айчынныя. Дарэчы, асноўная частка тавараў у магазіне — 89 працэнтаў — айчыннай вытворчасці. У магазіне прадстаўлена больш як 15 тыс. назваў тавараў.
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым застаўся задаволены тым, як наладжаны гандаль у Лунінцы, і работай гэтага гандлёвага пункта ў прыватнасці. Пры гэтым ён сказаў, што мясцовая ўлада павінна трымаць на кантролі сітуацыю з цэнамі і не дапускаць іх неабгрунтаванага павышэння.
Кожны рэгіён павінен вызначыць аптымальныя сельгаскультуры для вырошчвання
Такую задачу паставіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы СВК "Гарадоцкі" Лунінецкага раёна.
"Трэба дакладна вызначыць культуры, якія мы можам вырошчваць тут, на Палессі. Калі, напрыклад, тут, акрамя клубніц нічога не расце, значыць, трэба аддаць прыярытэт клубніцам і вырошчваць іх. Але нельга сеяць тое, што не дае добрага выніку", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта датычыцца не толькі Прыпяцкага рэгіёну, а ўсёй краіны.
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы. Прэзідэнту было даложана аб ходзе веснавых палявых работ у цэлым па рэспубліцы, а таксама ў Брэсцкай вобласці і Лунінецкім раёне па стане на раніцу 25 красавіка. Сяўба ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур завершана ў 89 раёнах Беларусі. У асноўным гэта поўдзень і цэнтральная частка рэспублікі. Поўнасцю завяршыць пасяўную кампанію плануецца да 10 мая.Асноўная ўвага Прэзідэнта была засяроджана на тэхналогіях сяўбы кукурузы на зерне. У гэтым годзе пасевы кукурузы плануецца павялічыць на 2,5 тыс. га. Як расказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, у 2012 годзе праблема забеспячэння гаспадарак уласным насеннем будзе вырашана. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў старшыні Лунінецкага райвыканкама Васіля Агіевіча, ці добра на землях раёна вырошчваецца гэта культура. Атрымаўшы сцвярджальны адказ, Прэзідэнт канстатаваў: "Значыць, кукуруза для Палесся — гэта тое, што трэба".
"Нельга прадаўжаць жыць дзедаўскімі метадамі. Трэба спецыялізавацца і вырошчваць тыя культуры, якія тут павінны быць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што гаспадаркі павінны самі пастаянна спрабаваць вырошчваць новыя культуры і вызначаць найбольш аптымальныя для іх зямель.
Аляксандр Лукашэнка зноў закрануў пытанне дысцыпліны, разумнага і адказнага падыходу да работы. "Пакуль ёсць пытанні да кіраўнікоў і старшынь райвыканкамаў. Менш — да губернатараў, але і да іх ёсць пытанні за непаваротлівасць. У гэтым годзе патрабаванне будзе вельмі строгае з нашых кіраўнікоў", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанне стану зямель у рэгіёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Лунінецкім раёне да зон радыеактыўнага забруджвання адносяцца 50 населеных пунктаў. Кожны з іх падлягае перыядычнаму кантролю, колькасць насельніцтва там складае крыху больш за 60 тыс. чалавек. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, уся прадукцыя, што атрымліваецца ў гаспадарках, размешчаных на такіх землях, з'яўляецца чыстай, радыенукліды выяўляюцца толькі ў грыбах і ягадах. "Значыць, мы ў свой час выратавалі землі", — канстатаваў Прэзідэнт.