Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Нічога не бойцеся!"
Наша краіна цяпер перажывае не самыя лёгкія часы. Усе мы задаёмся няпростымі пытаннямі. Адказаў на іх чакалі ад паслання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра ЛУКАШЭНКІ, з якім ён звярнуўся да народа і парламента.
Годны адпор
— Беларусь падвяргаецца масіраванаму ціску. Спачатку палітычныя пагрозы, непрыманне вынікаў апошняй прэзідэнцкай кампаніі, спісы невыязных, эканамічныя санкцыі. Затым раздуванне ажыятажу, панікі на валютным і спажывецкім рынках з падачы розных тутэйшых і замежных аналітыкаў. Потым скокі на касцях у сувязі з падзеямі на станцыі метро "Кастрычніцкая". Усё гэта, па сутнасці, звёны аднаго ланцуга, — перакананы беларускі лідар.
Ён робіць выснову, што некаму вельмі хочацца дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, пасеяць хаос, недавер людзей да ўлады, каб потым праблемамі, што ўзнікаюць, як зашмаргай задушыць нашу краіну, нашу незалежнасць, развязаць рукі для прамога ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы і дыктаваць волю беларускаму народу. Але калі нас спрабаваць нахіліць, мы будзем як мінімум супраціўляцца...
Прэзідэнцкія выбары, на думку кіраўніка беларускай дзяржавы, выявілі двайныя стандарты заходніх дэмакратый.
— Дэмакратыя на экспарт — гэта асаблівыя рэцэпты, якія вядуць на справе да аслаблення патэнцыялу дзяржаў праз анархію, масавыя беспарадкі, эканамічны калапс. Многія нашы суседзі па постсавецкай прасторы і не толькі ўжо балюча адчулі гэта на сабе.
А беларускі народ, які спазнаў за сваю гісторыю шмат цяжкіх выпрабаванняў, у тым ліку фашысцкі генацыд Другой сусветнай вайны і чарнобыльскую катастрофу, "на спалох не возьмеш і байкамі пра неабходнасць каляровай рэвалюцыі ды злом палітычнай сістэмы не падманеш", мяркуе Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, шчырай удзячнасці заслугоўваюць беларускі народ, канструктыўна настроеныя грамадскія арганізацыі і нашы праваахоўныя органы за тое, што не дапусцілі разбурэння дзяржавы, далі годны адпор авантурыстам ад палітыкі і пагромшчыкам.
— Як умелі, так і далі, — адзначыў Прэзідэнт, — але сумленна і шчыра.
І надалей не атрымаецца зламаць краіну.
— Любую пятую, шостую, дваццаць пятую калону мы знішчым. На гэта ў нас дастаткова рэсурсаў. І тут няма нічога агульнага з тым, што дыктатар хоча зламаць грамадства, нічога падобнага. Толькі Канстытуцыя, канстытуцыйныя абавязкі Прэзідэнта. І я буду дзейнічаць у адпаведнасці з Канстытуцыяй, нават калі дзеля гэтага мне давядзецца пакласці сваё жыццё. Шкурнай пазіцыі ў Прэзідэнта няма. І ніколі не будзе.
Колькі слоў сказаў кіраўнік дзяржавы і пра яшчэ адну выбарчую кампанію — парламенцкую, якая чакае краіну налета. Наступныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць па дзейных правілах. Пераходу на сістэму партыйных спісаў у блізкай будучыні не адбудзецца. Часу засталося не так шмат, каб ламаць дзейную выбарчую сістэму. Аднак Прэзідэнт не выключае яе карэкціровак у далейшым.
На жаль, адзначыў ён, на Захадзе ўкаранілася памылковае меркаванне аб тым, што ў Беларусі толькі апазіцыйныя партыі і нефармальныя арганізацыі складаюць грамадзянскую супольнасць. У той час як апорамі грамадства, на думку беларускага лідара, з'яўляюцца Саветы дэпутатаў, прафсаюзы, ветэранскія, моладзевыя і жаночыя арганізацыі.
— Магчыма, на нейкім этапе мы дапоўнім іх і палітычнымі партыямі, як сёння прапануецца некаторымі палітыкамі. Але мы не павінны ставіць калёсы наперадзе каня, — упэўнены Прэзідэнт. — Партыя толькі тады можа стаць значнай цэментуючай сілай у грамадстве, калі ініцыятыва аб яе стварэнні ідзе знізу — ад саміх грамадзян.
Бяспека — справа агульная
Любая крытычная сітуацыя — гэта заўжды пажытак для роздуму, для аналізу і глабальных высноў на будучыню. Жудасны тэракт у сталічным метро — не выключэнне. Беларускі лідар падкрэсліў, што з трагічных падзей усім варта вынесці сур'ёзныя ўрокі: і органам улады, і сілавым структурам, і працоўным калектывам, і простым людзям. І самы першы ўрок — пільнасць.
— Кожны чалавек павінен адчуваць сваю адказнасць за бяспеку і стабільнасць у краіне, — перакананы Прэзідэнт. — Спакой і стабільнасць у апошнія гады нас закалыхалі. Мы недаацанілі новыя пагрозы, уключаючы тэрарызм. Тут неабходна кардынальна змяняць стаўленне да жыцця, быць больш уважлівымі, асцярожнымі, не ігнараваць любую небяспеку.
Лідар краіны мяркуе, што кожны кіраўнік: ці то дырэктар школы, ці то галоўны ўрач бальніцы, ці ўладальнік гіпермаркета — павінен браць на сябе долю адказнасці за бяспеку.— Працуючы на вытворчасці, наведваючы футбольны матч, сядаючы на цягнік ці ў самалёт, грамадзянін павінен адчуваць і ведаць, што яму нічога не пагражае.
Кожная крытычная сітуацыя — таксама напамін пра тое, што варта трымацца адзін аднаго.
— Другі ўрок — згуртаванасць людзей, узаемадапамога і падтрымка ў пераадоленні нягод і выпрабаванняў, — даводзіць кіраўнік дзяржавы. — Добры прыклад паказалі нашы суграмадзяне, калі пасля выбуху ў метро не паддаліся паніцы, не сталі звар'яцелым натоўпам, а дапамагалі адзін аднаму.
Бо "ўсе мы ў адной лодцы, усе мы бліжэй, чым браты". А самая глабальная выснова, бадай, тая, што неабходна ствараць такую атмасферу, "каб злачынцы не знаходзілі сабе месца ў нашым грамадстве".
Выканаўцы тэракта выкрытыя, але ўсіх нас трывожыць пытанне "Чаму?". За што нашай ціхай і ветлай краіне такое?
— Да гэтага тэрарыстычнага акта мы пакуль не знайшлі ніякіх шляхоў ні крыміналу, ні бандытаў, ні палітыкаў. У нас пакуль няма такіх фактаў, каб іх абвінавачваць. Але мы разглядаем усе версіі. Нам трэба ведаць, хто стаяў за гэтымі людзьмі, калі стаяў, — кажа Прэзідэнт.
Ён запэўнівае:
— Жывіце спакойна, як жылі. Тэракт — не вынік сістэмных памылак і пралікаў.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што "ніякай бяспекі мы ў краіне не страцілі", проста "ў сям’і не без вырадка"...
Рост цэн не такі страшны, як іх замарожванне?
І яшчэ пра набалелае — рост цэн.
— Вядома, гэта з'ява не падабаецца людзям. Аднак у эканоміцы яна непазбежная, — кажа кіраўнік краіны. — Замарожванне цэн прывяло б да значна больш сур'ёзных вынікаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі няма неабходнасці павышаць цэны на некаторыя тавары першай неабходнасці. Аднак пачаўся масавы адток гэтых тавараў.
— Так было, дарэчы, з цукрам, — згадвае Прэзідэнт. — Гэта ўсё з Мінска пачыналася і тут завяршалася, у рэгіёнах гэтага не было. Няхай мінчане прымуць гэты папрок на сябе: мяшкамі пачалі вывозіць. Праз суткі гэтыя мяшкі пайшлі праз расійскую, украінскую граніцы, і не толькі з цукрам. Дык як змагацца супраць гэтага, калі ў нас сёння асобныя тавары, у тым ліку цукар, у 2 — 3 разы ніжэйшыя па цане, чым у суседніх дзяржавах. У нас жа граніца адкрытая.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на фарміраванне цэн аказваюць уплыў знешнія фактары.
— Цэны не мы фарміруем, фарміруюць цэны за нас. Так, мы не фарміруем цану на нафту. Тыя, хто сёння прадае нафту, на гэтым нажываюцца.
У Расіі, скажам, велізарныя паступленні ад продажу энергарэсурсаў, ад сыравіны. "У нас гэтага няма, і мы вельмі неабаронены ў гэтым плане, мы ўсё гэта купляем", — дадае Прэзідэнт.
На думку беларускага лідара, пры наяўным становішчы спраў неабходныя толькі эканамічныя метады і ўраўнаважванне.
— Трэба, каб грошы ад павышэння цэн траплялі таму, каму яны павінны трапіць, — не спекулянтам, прайдзісветам, а менавіта людзям, якія вырабляюць гэту прадукцыю, — акцэнтуе А. Лукашэнка. — Калі ўзнялі на цукар цану, каб ураўнаважыць рынак, давайце аддадзім сялянам гэтыя грошы, накіруем іх у ахову здароўя, у адукацыю аддадзім — гэта будзе для ўсіх людзей, давайце.
Раўнаважны валютны курс
Адной з прычын складанасцяў на валютным рынку Прэзідэнт назваў дысбаланс знешняга гандлю. Паводле яго слоў, пры 11-працэнтным росце ВУП і яшчэ большым тэмпе росту прамысловай вытворчасці выручка, што паступае ў краіну ад экспарту вырабленай прадукцыі, не пакрывае ўнутранага попыту на замежную валюту. У многім сітуацыя абумоўлена знешнімі прычынамі.
— Істотна падскочылі цэны на метал, іншую сыравіну і рэсурсы. І сродкаў ад продажу тавараў нам не хапае, каб аплачваць спажываемыя рэсурсы. У выніку — высокае адмоўнае сальда знешняга гандлю пры нізкім прытоку замежнага капіталу, — канстатуе кіраўнік дзяржавы.
Пэўную ролю ў наяўнай эканамічнай сітуацыі, паводле яго слоў, адыграў і значны адток валюты на куплю людзьмі легкавых аўтамабіляў і іншай імпартнай тэхнікі за мяжой.
— Гэтыя і іншыя фактары прывялі да таго, што сёння дысбаланс знешняга гандлю набывае пагражальныя памеры. У яго аснове — структурныя неадпаведнасці вытворчасці рэаліям сучаснай эканомікі і рынкаў.
Ён таксама звярнуў увагу на безадказнае стаўленне да выкарыстання паступаючай у краіну валюты, якую трэба накіроўваць на рэалізацыю высокаэфектыўных акупных праектаў, пашырэнне высокарэнтабельных вытворчасцяў.
Для таго каб паспяхова здаць экзамены, эканамічнаму блоку краіны неабходна, паводле яго выразу, па-першае, ліквідаваць у самыя кароткія тэрміны дыспрапорцыі ў эканоміцы, што ўтварыліся ў перыяд сусветнага крызісу і далейшага аднаўлення, выйсці на раўнаважны валютны курс.
Таксама Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць высокія тэмпы збалансаванага эканамічнага росту, фарміраванне ў краіне спрыяльнага інвестыцыйнага клімату і прыцягненне ў краіну саліднага міжнароднага капіталу, стварэнне сучаснай, цалкам інавацыйнай структуры вытворчасці.
Прэзідэнт нагадаў, што, фарміруючы новы склад урада, прызначаючы новага прэм'ер-міністра, даўшы амаль поўную свабоду для ініцыятывы, ён разлічваў, што яны без разгойдвання, аператыўна і эфектыўна праявяць свае здольнасці. "Пакуль гэты працэс зацягнуўся. Хоць папярэджваў, што ў новых умовах трэба будзе працаваць напружана і адказна", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. "Так, можна спасылацца на рост цэн энергарэсурсаў, сыравіны, матэрыялаў. Ну і што з таго? Ну, будзем спасылацца. Ад гэтага ж лягчэй не стане. Трэба шукаць выхад у любой сітуацыі, каб абараніць краіну, захаваць эканоміку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.Да ўзроўню перадавых еўрапейскіх краін
Прэзідэнт акцэнтаваў, што цяпер Беларусь пераходзіць да новага этапа будаўніцтва дзяржавы, які характарызуецца лібералізацыяй эканомікі і больш інтэнсіўным развіццём прадпрымальніцтва. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь нацэлена стаць дзяржавай з высокаразвітой эканомікай, камфортнай, бяспечнай і паспяховай. Таму ў бліжэйшай перспектыве трэба будзе зрабіць стаўку на інавацыі, інвестыцыі і ініцыятыву. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што павысіць прадпрымальнасць, ініцыятыву і эканамічную актыўнасць грамадзян немагчыма без адэкватнага павелічэння іх ролі ў фарміраванні рашэнняў па сацыяльна-эканамічных праблемах жыцця грамадства. Аднак гэта не азначае аслаблення выбудаванай цягам гадоў кіраўніцкай вертыкалі.
— У адпаведнасці з Канстытуцыяй, асновай палітычнай сістэмы нашай краіны з'яўляецца прэзідэнцкая ўлада як гарант стабільнасці і паспяховай рэалізацыі любых пераўтварэнняў. Гэта галоўная асаблівасць беларускай мадэлі развіцця краіны ў пераходны перыяд. І яна яшчэ доўга будзе захоўваць сваю актуальнасць, — запэўнівае А. Лукашэнка.
Аднак кожны грамадзянін павінен ведаць, што ўяўляе сабой вышэйшую каштоўнасць для сваёй краіны, а абарона яго законных правоў і свабод — першааснова дзяржаўнай палітыкі.
— Улада слухае і чуе спадзяванні людзей і заўсёды будзе працаваць у інтарэсах чалавека, — падкрэслівае Прэзідэнт.
А бягучая пяцігодка павінна стаць для Беларусі этапам выхаду на ўзровень перадавых еўрапейскіх краін, перакананы кіраўнік дзяржавы. Абудзіць схаваныя крыніцы энергіі і сілы, паводле яго слоў, — галоўная задача аб'яўленага Года прадпрымальнасці. Выкараніўшы расхлябанасць, непаваротлівасць, марудлівасць, боязь прыняцця рашэнняў, безгаспадарчасць, павысіўшы адказнасць і дысцыпліну, мы, несумненна, даб'ёмся ўсяго таго, што задумана. Для гэтага ў нас ёсць і магчымасці, і сілы, а самае галоўнае — жаданне.
"Маленькія прэзідэнты"
Прадпрыемлівымі павінны быць і дзяржаўныя службоўцы. На яго думку, многія кіраўнікі прадпрыемстваў і чыноўнікі так прывыклі, што за іх усё вырашае Прэзідэнт і ўрад, што самі ўжо не хочуць і не здольны думаць, тым больш працаваць самастойна, не кажучы ўжо аб тым, каб прапаноўваць эфектыўныя, наватарскія рашэнні.
— Калі губернатар і міністр з'яўляюцца ключавымі фігурамі ў краіне ў плане адказнасці і цяжару нагрузкі, якая кладзецца на ўсіх чыноўнікаў, то старшынь гар- і райвыканкамаў не відаць. Прынамсі, я іх не бачу, — адзначае беларускі лідар.
У той час, як яны павінны быць "маленькімі прэзідэнтамі", якія нясуць усю адказнасць за стан спраў у сваім рэгіёне. "Яны павінны кашу заварваць, і не павінны бегаць за чыноўнікам зверху і ў рот яму глядзець", — даводзіць кіраўнік краіны. Паводле яго выразу, тэракт у сталічным метро стаў апошняй кропляй у чашы цярпення адносна кіраўнікоў прадпрыемстваў.
— Вы гэта адчуваеце. Адчуеце яшчэ больш. Націск будзе не проста катастрафічны — невыносны.
Кіраўнікам трэба не дзесьці раз'язджаць па краіне на службовых аўтамабілях, а звярнуць увагу на вытворчасць, на тое, чым займаюцца іх падначаленыя, — нагадвае беларускі лідар.
— Зарабляць трэба на тым, чым адарыла нас прырода. Прадукты харчавання на сусветным рынку даражэюць і будуць даражэць. Таму важнейшая задача — атрымаць з гэтай сітуацыі максімальную выгаду. Да канца пяцігодкі аб'ём экспарту беларускіх прадуктаў харчавання павінен скласці не менш як $7 млрд, — даводзіць Прэзідэнт. Сям'я — гэта наша ўсёПаляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі Прэзідэнт назваў адным з прыярытэтаў айчыннай сацыяльнай палітыкі. Нараджальнасць няўхільна расце. За апошнія пяць гадоў нарадзіліся больш за паўмільёна дзяцей. Тым не менш, карэнным чынам змяніць сітуацыю пакуль не ўдалося: наступствы дэмаграфічнага спаду 1990-х гадоў будуць праяўляцца яшчэ доўгі час.
— Мы павінны зрабіць усё магчымае для іх пераадолення, — даводзіць беларускі лідар.
Ён зрабіў акцэнт на тым, што маладыя людзі хочуць мець дваіх і больш дзяцей, і гэта пацвярджаецца сацыялагічнымі даследаваннямі. Адпаведна, "задача дзяржавы — стварыць умовы, калі пры нараджэнні другога дзіцяці ўзровень даходу сям'і не будзе зніжацца". Кіраўнік краіны дадаў таксама, што "ўраду трэба пакласці на стол праграму падтрымкі мацярынства і дзяцінства".
Дзіцячыя садкі — бліжэй да дому
У Беларусі будуецца шмат жылля, але трэба паглядзець аптымальныя варыянты — каб дзіцячыя сады былі побач з домам бацькоў. "Нам больш выгадна, каб бацькі працавалі, а дзеці былі забяспечаны доглядам у дзіцячым садзе. Будуючы нармальныя дзіцячыя дашкольныя ўстановы, мы такім чынам і сем'і падтрымаем, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэты аспект трэба разглядаць як частку комплекснага вырашэння дэмаграфічнай праблемы".
Прэзідэнт даручыў губернатарам і мэру Мінска ўзяць гэта пытанне пад свой асабісты кантроль. "Трэба зрабіць так, каб не было праблем з уладкаваннем малышоў у дзіцячыя сады побач з домам", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Маладзёжная палітыка павінна змяніцца
"Мы маладзёжную палітыку ажыццяўляем ад выпадку да выпадку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але з другога боку трэба ўзмацніць за гэта адказнасць".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што трэба разабрацца з узроўнем выкладання і выхавання ў прыватных ВНУ. "Дзяўчына, якае мае дачыненне да ажыццяўлення страшнага тэракта — студэнтка прыватнай ВНУ, — растлумачыў ён. — Гэта амаральны чалавек, які спіўся, а дзяўчыне толькі 21-22 гады".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі праз прызму тэракта паглядзелі на грамадства, то выявілася шмат адмоўных момантаў, звязаных з ужываннем моладдзю наркотыкаў, цягі да курэння. "Гэтыя з'явы сёння трэба выпальваць гарачым жалезам. А заўтра патрэбна мэтанакіраваная праграма, каб гэтага пазбегнуць, інакш будзем бітыя на кожным кроку, на кожным квадратным метры, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы атрымаем тое, што маюць некаторыя нашы суседзі, таму трэба спыніць гэту жудасную хвалю. Тым больш што добрых прыкладаў мора — разумных, таленавітых, прыстойных студэнтаў, навучэнцаў ПТВ, вучняў школ".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грамадскім арганізацыям трэба працаваць не ад выпадку да выпадку, а сістэмна. Што датычыцца БРСМ, то Прэзідэнт ужо не першы раз ставіць задачу: "Вазьміце на сябе тыя праграмы, якія вы можаце пацягнуць, і займайцеся справай, не цягніце туды выпадковых людзей — няхай будзе лічыцца ў арганізацыі менш, але гэта будуць людзі, якія хочуць быць лідарамі, хочуць весці за сабой, самарэалізоўвацца."
Ахова здароўя ў Беларусі не ўступае замежным краінам
"Пасля тэракта ў мінскім метро ў сталіцу прыехалі вядучыя спецыялісты — медыкі з Расіі і Ізраіля. Яны развялі рукамі: нам тут рабіць няма чаго. Для мяне гэта было вельмі сур'ёзнай узнагародай і пахвалой", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, на ўзбраенні беларускіх спецыялістаў самыя сучасныя метады і тэхналогіі лячэння, а медустановы аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем.
"Разам з тым увагу трэба надаваць кадравай праблеме. Мы своечасова схапіліся за гэту праблему. Я разумею, што трэба прывязваць урачоў да работы, але не толькі адміністрацыйнымі метадамі, але і эканамічнымі, рабіць так, каб яны працавалі. Тым больш, што сёння наша ахова здароўя ўмее зарабляць", — упэўнены Прэзідэнт.
Закранаючы пытанне аб адукацыі, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў гэтай сферы не трэба праводзіць ніякіх ломак і рэформ. "Планшэты або буквары ўводзіць — самі разбірайцеся. Калі гэта сапраўды будзе ўспрынята ў грамадстве — няхай будзе так, — адзначыў Прэзідэнт. — Але не забывайце аб галоўным: трэба даваць веды, выхоўваць нармальных людзей і гэтаму трэба прысвяціць усё ў школе".
А вось у спорце "не праблема нам сёння тармазнуць на нейкім этапе будаўніцтва новых фізкультурна-аздараўленчых аб'ектаў. Трэба асвоіць тое, што ёсць", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, грошы трэба ўкладваць туды, дзе можна атрымаць эфект. Гэта датычыцца і сферы турызму. "Мяне ўсе ў Мінкульце пераконвалі, што замкі і палацы адродзім, адрамантуем, і турысты паедуць. А не паехалі. А вось у просценькую аграсядзібу едуць з задавальненнем і цэлымі сем'ямі", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Спекуляцыі на тэму павышэння пенсійнага ўзросту і абмежавання правоў працуючых пенсіянераў трэба спыніць
Вельмі вялікую ўвагу трэба надаць падтрымцы пажылых людзей. Беларусь уваходзіць у лік краін з вельмі нізкім узростам выхаду на пенсію. "Але ні аб якім яго павышэнні або абмежаванні правоў працуючых пенсіянераў размова не ідзе. І ўсялякія спекуляцыі на гэту тэму неабходна спыніць", — падкрэсліў беларускі лідар.
На пенсійныя мэты штогод накіроўваецца каля 9 працэнтаў ВУП, што супастаўна з аналагічнымі паказчыкамі ў эканамічна развітых дзяржавах.
Сучасная дзяржава павінна па-сапраўднаму паклапаціцца і аб інвалідах, прычым не толькі ствараючы магчымасці матэрыяльнага забеспячэння, але і безбар'ернае асяроддзе на вуліцах гарадоў і г.д., сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прыярытэт — стварэнню невялікіх мабільных прадпрыемстваў
"Мы будзем будаваць мабільныя, гібкія, невялікія прадпрыемствы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У нас гіганцкіх прадпрыемстваў дастаткова, дай бог нам іх захаваць, і мы будзем іх захоўваць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вытворчасці ў Беларусі павінны стварацца пад існуючыя ў краіне рэсурсы, у тым ліку мінеральна-сыравінныя. "Памылкі не будзе, калі мы будзем інвесціраваць у тым ліку і свае, бюджэтныя сродкі ў такія прадпрыемствы", — сказаў ён. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў здабычу прэсных падземных вод і іх бутэляванне. "Па якасці ж наша вада адна з лепшых у свеце, выключная вада — эксперты робяць заключэнне. А чаму не прадаём? — задаў слушнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Чаму возім з Польшчы, Францыі і іншых месц — у нас жа гэтага дабра хапае. Тут трэба ўкладваць сродкі, ствараць новыя прадпрыемствы".
На думку Прэзідэнта, любое прадпрыемства павінна быць мабільным — як вялікае, так і малое. Аналізуючы работу буйных айчынных прамысловых прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на пэўным этапе яны павінны ўступаць у кааперацыю з транснацыянальнымі карпарацыямі іншых краін. "У іх ёсць дылерскія сеткі, рынкі збыту, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Але калі яны будуць дзейнічаць у нашых інтарэсах, калі нам прапануюць умовы, якія не апусцяць нашы прадпрыемствы, а дадуць магчымасць разівавацца таму ж МТЗ або МАЗу. Але такіх дурняў у свеце няма, канкурэнцыя была, ёсць і будзе".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі колькасць буйных прадпрыемстваў значная. "Я прыхільнік сярэдніх і малых гібкіх прадпрыемстваў, — сказаў ён. — Але мы свае прадпрыемствы-гіганты не можам распусціць, разагнаць. Як мяне інфармуюць, нават МАЗ сёння выходзіць на нармальную рэнтабельнасць. Мы сталі канкурэнтаздольныя, значыць, яны штосьці могуць, гэтыя прадпрыемствы, і не штосьці, а шмат што".
АЭС быць!
Трагічныя падзеі ў Японіі ўзнялі новую хвалю дыскусій на тэму ядзернай энергетыкі. У тым ліку і ў Беларусі.
— Каб не было крыватолкаў і непатрэбных інсінуацый на гэту тэму, хачу расставіць усе кропкі над "і". Атамная электрычная станцыя нам жыццёва неабходна! І яна будзе ў Беларусі пабудавана, — цвёрда заявіў Прэзідэнт. — Усе інсінуацыі, якія сёння раскручваюцца ў краіне супраць АЭС, 95 працэнтаў — гэта людзі купленыя. Купленыя нашымі канкурэнтамі. Я ведаю, што гавару, я чытаю гэтыя матэрыялы. Чаму так літоўцы абураны тым, што мы будуем атамную электрастанцыю? Чаму палякі так перажываюць? Дык вы ж самі запланавалі і гатовы будаваць атамную станцыю і ў Літве, і ў Польшчы некалькі блокаў. Чаму тады нам прэтэнзіі прад'яўляеце? Адказ просты — канкурэнцыя! Толькі ў гэтым прычына!
І калі, маўляў, у нас не будзе, у нашым агародзе, атамнай электрастанцыі, а "за плотам іх дзясяткі", хіба ўзмоцніцца наша бяспека? — задаецца рэзонным пытаннем Прэзідэнт. "Не. Дык чаго мы сёння раздуваем гэты пажар?!". Ён таксама запэўнівае, што ў беларускай АЭС будуць выкарыстаныя суперсучасныя тэхналогіі, з гэтым можна параўнаць толькі касмічныя тэхналогіі, і гэта рушыць нашу навуку на новую ступень развіцця.
— Таму я катэгарычна, а не проста настойваю, я прыняў рашэнне і нясу за яго адказнасць: мы будзем будаваць атамную электрастанцыю, чаго б нам гэта ні каштавала! — заяўляе беларускі лідар.
Да таго ж, праект беларускай АЭС адпавядае самым высокім патрабаванням бяспекі і не толькі сённяшняга дня. Немалаважным фактарам застаецца таксама яго цана: значна танней, чым будуюцца такія АЭС у свеце. Новая станцыя забяспечыць краіну больш таннай электраэнергіяй (на 50% таннейшай, скажам, за атрыманую на газавай ЦЭЦ). Плюс, гэта магчымасць стварыць гарантаваны запас ядзернага паліва на доўгі перыяд, на працягу якога краіна не будзе залежаць ні ад якіх кан'юнктурных змяненняў цэн. У дадатак, зніжэнне выкідаў парніковых газаў у атмасферу, што палепшыць экалогію.
Палітычныя працэсы і СМІ не павінны фінансавацца з-за мяжы
"Што б ні гаварылі, усё завяршаецца адным — фінансаванне, фінансаванне, фінансаванне. Гэта іх бізнэс, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І нам трэба гэту кармушку закрыць. Ніякія палітычныя працэсы і нават сродкі масавай інфармацыі не могуць фінансавацца з-за межаў краіны. Не могуць — і ўсё! Будзе іншая сітуацыя ў дзяржаве, мы па-іншаму паглядзім на гэтыя працэсы. А сёння гэта трэба спыніць".
Рэвалюцыі ў свеце нікому не патрэбны і нічога не прынясуць, акрамя шкоды
Як нагадаў Аляксандр Лукашэнка, "нас заўсёды называлі рэвалюцыянерамі", "кляпалі" за нашу Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю". Але цяпер Прэзідэнт гаворыць, што "хопіць, не трэба рэвалюцый, вычарпалі ліміт". Пры гэтым ён звярнуў увагу, што самымі заўзятымі рэвалюцыянерамі сёння выступае Захад, у тым ліку ЗША.
"Яны сёння гэту рыторыку нашага Уладзіміра Ільіча Леніна поўнасцю асвоілі і ёй карыстаюцца. Гэта значыць, ім, аказваецца, патрэбны рэвалюцыі. Ну, пажадана, каб гэтыя рэвалюцыі з іх пачыналіся, тады яны зразумелі б, што такое рэвалюцыя, і цану гэтай рэвалюцыі", — лічыць Прэзідэнт.
На яго думку, рэвалюцыя, можа, у перспектыве і прынясе нейкія станоўчыя вынікі, калі яна на іх нацэлена. "Але тое, што адбываецца карэнная ломка адносін, злом дзяржаў, такія рэвалюцыі нікому не патрэбны. І ў бліжэйшай перспектыве яны, акрамя шкоды, нічога не прынясуць, вось пабачыце", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Еўрапейскі тайм-аўт... ненадоўга
Прэзідэнт таксама закрануў тэму еўрапейскай інтэграцыі. "Нам часта гавораць: "Наперад у Еўропу". Мы чуем гэтыя лозунгі. Нас не трэба ўгаворваць ісці ў Еўропу. Мы ў ёй знаходзімся. І ніколі не імкнуліся адгарадзіцца ад тых каштоўнасцяў, ад усяго добрага і прагрэсіўнага, што напрацавана ў заходнееўрапейскіх дзяржавах, у Еўрасаюзе", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Больш таго, ён адзначыў, што ў Беларусі цалкам падзяляюць тыя дэмакратычныя ідэі, якімі кіруюцца гэтыя краіны. Многія з гэтых каштоўнасцяў гістарычна напрацаваны і беларускім народам.
— Еўрапейскі саюз — наш бліжэйшы сусед. Так, сёння ў беларуска-еўрапейскіх адносінах узяты тайм-аўт. Думаю, што гэты тайм-аўт, тым не менш, доўга не прадоўжыцца, — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што тыя еўрапейцы, якія даражаць добрасуседствам, добра разумеюць марнасць спроб ізаляцыі беларускай дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што рэспубліка стабільна забяспечвае энергатранзіт у Еўропу, фільтруе патокі нелегальнай міграцыі, блакіруе пранікненне на сумежныя тэрыторыі наркотыкаў і зброі, а таксама ядзерных матэрыялаў.
Трэба актыўна шукаць агульныя падыходы ў супрацоўніцтве з еўрапейскімі партнёрамі і не толькі інтэнсіўна даводзіць аб'ектыўную інфармацыю пра Беларусь, але і проста часцей запрашаць еўрапейцаў да сябе, перакананы кіраўнік дзяржавы.
Аднак скіраванасць на дыялог з Захадам не адмаўляе добрых стасункаў з Усходам. Разумны баланс і шматвектарнасць — вось беларускае крэда ў знешняй палітыцы.
Кіраўнік дзяржавы знайшоў час і для адказаў на пытанні парламентарыяў. Іх цікавілі самыя розныя галіны гаспадаркі і сацыяльнай палітыкі. Ад балансу гарадскога і сельскага насельніцтва да прыярытэтаў у прамысловасці. Нават пра небяспеку знешняй ваеннай пагрозы пыталіся. Нічога не бойцеся! — вось, відаць, галоўны адказ на ўсе балючыя пытанні.
Зоя ВАРАНЦОВА.