Аляксандр Лукашэнка: "Трагічныя падзеі ў мінску сталі лакмусавай паперкай для асобных дзяржаў і паслоў у адносінах да беларусі"
Беларусь, як і раней, будзе рабіць усё, каб беларуска-азербайджанскія адносіны былі ўзорнымі, заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 19 красавіка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Алі Нагіевым у сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі.
Алі Нагіеў — першы пасол Азербайджана ў Беларусі — працуе ў Мінску з пачатку адкрыцця тут азербайджанскага пасольства ў 2006 годзе.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён сустракаецца не з усімі пасламі, якія завяршаюць дыпламатычную місію ў краіне, а толькі з тымі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё двухбаковых адносін з Беларуссю.
Прэзідэнт лічыць, што пазіцыя пасла з'яўляецца вельмі важнай ва ўзаемаадносінах дзвюх дзяржаў.
"У гэтым выпадку замежныя паслы ў Беларусі падзяліліся, мне здаецца, на два лагеры: паслы, якія любяць нашу краіну, наш народ, якія жадаюць дабра нашаму народу і вітаюць незалежную беларускую дзяржаву. Я ўпэўнены, што да гэтай групы паслоў належыць і кіраўнік азербайджанскай дыпламатычнай місіі. Ёсць і іншыя паслы, але пра іх не хочацца гаварыць. Нашы СМІ апошнім часам у святле трагічных падзей вельмі выразна паказалі іх пазіцыю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў здзіўленне: "Я не разумею, як у цяжкую мінуту цывілізаваныя, дэмакратычныя дзяржавы, а яны прэтэндуюць на гэта, не выказалі словы спачування беларускаму народу. Народу, які страціў значную сваю частку ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Што было б, калі б не нашы народы, якія зламалі хрыбет гэтаму монстру, фашызму? І яшчэ жывыя пакаленні, якія добра гэта памятаюць".
Пры гэтым беларускі лідар адзначыў: "Вось вам лакмусавая паперка — пазіцыя асобных дзяржаў і паслоў".
Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў уклад пасла Азербайджанскай Рэспублікі ў развіццё супрацоўніцтва дзвюх краін.
"Перыяд вашага знаходжання ў Беларусі ў якасці пасла быў вельмі плённым у плане наладжвання, выбудоўвання нашых гандлёва-эканамічных адносін, стварэння сумесных прадпрыемстваў у Азербайджане", — сказаў Прэзідэнт. Ён асабліва адзначыў дапамогу азербайджанскага боку ў цяжкія для Беларусі моманты.
"Я дзякую вам за тую цеплыню, якую вы ўнеслі ў развіццё нашага двухбаковага супрацоўніцтва. Я хачу запэўніць вас, і прашу перадаць гэта майму сябру, Прэзідэнту Ільхаму Аліеву, што мы будзем, як і раней, рабіць усё для таго, каб беларуска-азербайджанскія адносіны былі ўзорнымі. Вы ў гэтым можаце быць упэўнены, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Як вы ведаеце, закрытых тэм у нас няма. І ў гэтым напрамку мы будзем рухацца далей".
Пасол у сваю чаргу сказаў, што ўсебаковыя беларуска-азербайджанскія сувязі развіваюцца. На яго думку, асабістыя цёплыя адносіны прэзідэнтаў Азербайджана і Беларусі з'яўляюцца залогам эфектыўнага ўзаемадзеяння дзвюх краін.
Алі Нагіеў падкрэсліў, што на працягу пяці гадоў выканання дыпламатычнай місіі выбудоўваў сваю работу "як пасол, які любіць Азербайджан і Беларусь".
Дыпламат выказаў словы спачування ў сувязі з тэрактам у мінскім метро, у выніку якога былі чалавечыя ахвяры. Прэзідэнт Азербайджана адным з першых накіраваў свае спачуванні беларускаму лідару.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Азербайджанам устаноўлены ў 1993 годзе. У 2006 годзе ў Мінску і Баку адкрыты пасольствы дзвюх краін. Азербайджан з'яўляецца адным са стратэгічных гандлёва-эканамічных і палітычных партнёраў Беларусі.
За апошнія пяць гадоў кіраўнікі дзвюх дзяржаў сустракаліся пяць разоў, уключаючы абмен афіцыйнымі візітамі ў 2006-2007 гадах і 2009-2010 гадах.
У няпросты для нашай краіны час летам 2010 года Азербайджан аператыўна прадаставіў Беларусі неабходны крэдыт. З лютага 2011 года ў Беларусь пачата пастаўка азербайджанскай нафты па своп-схеме замяшчэння венесуэльскай нафты.
Нашы краіны ад простых форм гандлю паступова перайшлі да прамысловай кааперацыі, стварэння сумесных прадпрыемстваў. У мінулым годзе ў Азербайджане былі сабраны 2 тыс. беларускіх трактароў, 1 тыс. грузавікоў. У Азербайджане наладжана зборачная вытворчасць беларускіх ліфтаў. Ідзе падрыхтоўка да выпуску камунальнага аўтатранспарту. Прапрацоўваецца таксама пытанне арганізацыі зборкі камбайнаў. Такім чынам, аб'ёмы і напрамкі эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам актыўна павялічваюцца. Тавараабарот у 2010 годзе склаў $146 млн (для параўнання: у 2005 годзе ён быў каля $30 млн). За студзень-люты гэтага года аб'ём узаемнага гандлю дасягнуў $313,6 млн.