Аляксандр Лукашэнка: "Недахоп валюты ў Беларусі выкліканы ростам сусветных цэн на сыравіну і энерганосьбіты"

Источник материала:  

Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб бягучых пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт нагадаў аб тым, што ўрад і Нацыянальны банк у цесным узаемадзеянні павінны былі ў самыя кароткія тэрміны ліквідаваць дыспрапорцыю ў эканоміцы і на фінансавым рынку. Замест гэтага ў краіне склалася парадаксальная сітуацыя, калі рост ВУП за гэты год склаў рэкордныя лічбы — 11 працэнтаў, рост прамысловай вытворчасці — 12 працэнтаў, а валюты ў краіне ўсё роўна не хапае. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што прычынай існуючай сітуацыі стаў значны рост цэн на нафту (за апошнія месяцы цана ўзрасла амаль удвая), што прывяло і да падаражэння прыроднага газу. Значна падскочылі таксама цэны на метал, іншую сыравіну і рэсурсы. "Усё гэта мы разумелі, і трэба было б людзям сказаць, што справа не ў тым, што мы нечага не разумеем або не лічым", — адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што адбываецца абвальны рост цэн на сусветных рынках на сыравіну і энергарэсурсы, якіх у Беларусі або практычна няма, або ёсць у абмежаванай колькасці.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі пачалі вырабляць больш тавараў, але пры гэтым падкрэсліў: "Пытанне не ў тым, колькі вырабляем, а пытанне ў цане вырабленага". "Рэальны сектар эканомікі не можа расці такімі тэмпамі, як расце цана на рэсурсы і сыравіну. Нам не хапіла прадаваемых тавараў, валюты, каб аплачваць спажытыя рэсурсы", — сказаў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым у Беларусі быў вылучаны крытычны імпарт, без якога краіна не можа жыць, у тым ліку газу, часткова нафты, лякарстваў. Паводле слоў Прэзідэнта, валюту трацілі толькі на тое, без чаго краіна не можа жыць.

Пэўную ролю ў існуючай эканамічнай сітуацыі адыграў значна ўзросшы попыт на аўтамабілі. "Мы ж разумелі, што людзі пабягуць у банкі, каб купіць аўтамабілі", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у мінулым годзе ў Беларусь завезлі аўтамабіляў больш як на $1 млрд. "Гэта не галоўны фактар, але і гэта фактар — адзін мільярд выключыць з абароту", — сказаў Прэзідэнт. Ён раскрытыкаваў работу банкіраў за тое, што, бачачы існуючую сітуацыю, яны не абмежавалі выдачу спажывецкіх і іншых крэдытаў, якія людзі бралі ў беларускіх рублях, а затым мянялі на валюту.

"Ніякіх рэзкіх рухаў быць не павінна. Фінансы і грошы не любяць гэтага — гвалту і рэзкіх рухаў. Ды і людзі ўжо, напэўна, усё, што хацелі, схапілі. Таму давайце выбудоўваць акуратна, мэтанакіравана тую палітыку, якой мы павінны цяпер прытрымлівацца", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, як урад, так і Нацбанк своечасова не адрэагавалі на тыя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў свеце. "Мы прадбачылі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, што нас будуць прыціскаць мэтанакіравана і метадычна, дэстабілізуючы абстаноўку. Так яно і здарылася: спачатку на валютным рынку, потым на харчовым, а потым ірванула ў метро — цэлы ланцуг", — сказаў Прэзідэнт.

"Сумна, што сёння сабраліся прадстаўнікі Нацбанка і ўрада ў Прэзідэнта і чакаюць нейкіх дадатковых рашэнняў. Няўжо вы не можаце самі вызначыцца, дамовіцца і прыняць узгодненае рашэнне, няхай нават непапулярнае? Прэзідэнт сваё слова сказаў, чаму вы чакаеце яшчэ нейкіх указанняў?" — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што з усімі праблемамі ў эканоміцы можна справіцца сваімі сіламі. "Калі націснулі (на валютным рынку. — Заўвага БЕЛТА), толькі ў красавіку прыток валюты ад экспарту павялічыўся на 20 працэнтаў", — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што на сённяшні дзень "некаторыя працэсы сталі згасаць, асабліва на спажывецкім рынку". "І на валютным рынку ўжо ёсць добрыя зрухі. Толькі ці варта нам спяшацца і тузаць людзей. Ніколі нідзе нельга спяшацца, трэба даць магчымасць працэсу закончыцца", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Людзей прыціскаць нельга, хоць яны перш за ўсё стварылі гэту сітуацыю. Я яшчэ на "Дажынках" у мінулым годзе гаварыў, што ў спакойным рэжыме мы будзем жыць і вы (беларускі народ. — Заўвага БЕЛТА) не хвалюйцеся, але калі вы створыце ажыятаж — атрымаеце гэта. Стварылі — атрымалі".

Што датычыцца сітуацыі на харчовым рынку, ён запэўніў, што дзяржава здольна задаволіць любы ажыятажны попыт, на цукар, алей, іншыя прадукты, і няма неабходнасці ператвараць кватэры і гаражы ў харчовыя склады.

"Але людзей папракаць не трэба. І мы добрыя, і тыя, хто нам падкідае праз так званыя СМІ гэтыя пытанні, ствараючы ажыятаж. Мы гэта павінны былі прадбачыць, і аб гэтым ужо не раз было сказана", — дадаў ён.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за слабую работу па імпартазамяшчэнні.

"Але мы ж ужо распусціліся да таго, і гэта я не першаму складу ўрада гавару, што не можам у краіне вырабіць свае зубачысткі, памперсы і іншыя тавары, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вельмі дрэнна займаліся імпартазамяшчэннем". Кіраўнік дзяржавы ўказаў і на недахопы ў пытанні актыўнага прасоўвання айчыннай прадукцыі за мяжу. "Мы яшчэ не навучыліся прадаваць тое, што вырабляем. Даражэй прадаваць тое, што вырабляем", — падкрэсліў Прэзідэнт.

←В Беларусь продолжают поступать соболезнования в связи с гибелью людей в результате взрыва в минском метро

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика