Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Тэракт у мінскім метро раскрыты, выканаўцы затрыманы"
Аб гэтым учора на нарадзе аб ходзе расследавання тэракта ў метро заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння ў 5 гадзін раніцы злачынства было раскрыта. Чэкістам і міліцыі спатрэбіліся ўсяго толькі суткі для таго, каб учора ў 9 гадзін вечара выдатна правесці аперацыю і без шуму, стрэлаў і траскатні затрымаць выканаўцаў. Сёння ў 5 гадзін раніцы яны далі свае паказанні. Галоўнае, мы ўжо ведаем, хто і як учыніў гэты тэракт. Пакуль толькі невядома навошта, але і гэта хутка стане вядома, і гэта наша сёння галоўная задача", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ён выключна ўдзячны супрацоўнікам КДБ, міліцыі, пракуратуры, усіх сілавых структур за аператыўную работу. "Аналітыкі, следчыя, эксперты, выбудаваўшы дакладную храналогію злачынства, апрацавалі вялікі масіў аўдыя- і відэаматэрыялаў і, што мяне асабліва радуе, груба кажучы, не выходзячы з кабінетаў, вылічылі гэтых нягоднікаў, — сказаў беларускі лідар. — І затым пачалася актыўная фаза аперацыі па іх затрыманні".
"Гэта дастойна цывілізаванай нацыі, калі людзі мазгамі, перш за ўсё, змагаюцца з вельмі складанымі злачынствамі. Для мяне як Прэзідэнта гэта важна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Выканаўцы тэракта ў мінскім метро маюць дачыненне да выбухаў 3 ліпеня на Дзень незалежнасці і ў Віцебску.
"Як мне далажылі следчыя, затрыманыя прызналіся не толькі ва ўчыненні тэрарыстычнага акта ў метро, але на іх сумленні і тэракты, учыненыя на Дзень незалежнасці і ў Віцебску", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка даручыў следчай групе па расследаванні тэракта ў метро ў максімальна сціслыя тэрміны завяршыць усе працэсуальныя дзеянні і накіраваць справу ў суд.
"Вы ведаеце стаўленне людзей — гэта гора ўсяго народа. Вінаватыя павінны быць сурова пакараны", — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама даручыў дзяржаўнаму сакратару Савета Бяспекі, міністру ўнутраных спраў, старшыні КДБ на працягу месяца завяршыць работу па ўстанаўленні незарэгістраванай зброі і выбуховых рэчываў. "Як мне дакладваюць, вы актыўна і рэзультатыўна праводзіце гэту работу. Усіх, у каго знойдзеце незарэгістраваную зброю і ўзрыўчатку, чорных і белых капальнікаў — усіх за краты. Толькі так мы зможам у будучым пазбегнуць такіх тэрактаў", — заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў міністру абароны на працягу двух тыдняў завяршыць пачатую рэвізію складоў зброі і боепрыпасаў. "Даложыце асабіста мне аб выкананні", — запатрабаваў Прэзідэнт. Ён таксама сказаў, што ў ходзе праверак у некаторых інтэрнатах ваеннаслужачых знайшліся і патроны, і ўзрыўчатка. "Як мне дакладваюць, пацікавіліся некаторымі інтэрнатамі ваеннаслужачых — чаго там толькі няма: і патроны, і боепрыпасы, і ўзрыўчатка", — сказаў Прэзідэнт. Ён запатрабаваў навесці належны парадак.
Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў работу беларускіх медыкаў у экстрэмальнай сітуацыі. Звяртаючыся да міністра аховы здароўя, ён сказаў: "Самае галоўнае пытанне сёння — вы спрацавалі прафесійна, аператыўна, вы многіх паставілі на ногі. Вы павінны выратаваць параненых. Для вас гэта справа гонару, кіньце на гэта лепшыя сілы. І ваенныя, і цывільныя ўрачы ж не адмаўляюць у тым, каб дзень і ноч аперыраваць. Трэба ўсіх выратаваць".
Звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама, Прэзідэнт адзначыў: "Сёння — жалоба, сёння будзем хаваць загінулых. Я ведаю, што вы робіце нямала, трэба зрабіць усё дастойна, трэба аказаць неабходную дапамогу ўсім сем'ям загінулых, сем'ям, якія ў гэтым маюць патрэбу. Завяршыце гэту работу дастойна, акружыце людзей цяплом і клопатам".
Аляксандр Лукашэнка даручыў гарадскім уладам у сціслыя тэрміны аднавіць работу гарадскога транспарту, перш за ўсё метро. "Трэба, каб сёння да вечара або да ночы метро пачало работу", — запатрабаваў Прэзідэнт.
Дзяржсакратарыяту Савета Бяспекі, сілавым структурам, ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта даручана на працягу месяца выпрацаваць сістэму мер бяспекі па ўсёй краіне па недапушчэнні ў далейшым сітуацыі, падобнай на тую, што здарылася ў мінскім метро. "Мы няшмат зрабілі, але штосьці зрабілі, і гэта нас уратавала ў раскрыцці злачынства. Калі б мы не паварушыліся паўгода таму, нам гэта злачынства было б вельмі цяжка раскрыць. Але дзякуючы тэхніцы, мазгам, розуму праваахоўных органаў нам удалося раскрыць гэта злачынства. Таму ў гэтым напрамку трэба весці работу", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Жахліва, але факт — усе гэтыя нягоднікі, якія ўчынілі злачынства, працавалі ў звычайных працоўных калектывах, хто токарам, хто электрыкам. Мелі стасункі са шматлікімі калегамі, сябрамі ў цесным асяроддзі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Няўжо ў тых, хто знаходзіўся побач, у кіраўнікоў прадпрыемстваў не магло ўзнікнуць ні кропелькі падазрэння адносна такіх людзей? Не магу ў гэта паверыць. У такіх людзей заўсёды ёсць анамальныя адхіленні, і іх трэба было бачыць", — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў сілавым праваахоўным структурам прадаўжаць нясенне службы ва ўзмоцненым рэжыме.
"Міністэрству ўнутраных спраў, усім іншым праваахоўным сілавым структурам трэба прадоўжыць узмоцнены рэжым нясення службы. Мы ні ў якім выпадку не павінны расслабляцца. Зачыстка павінна быць праведзена па ўсіх напрамках. Вы разумееце, аб чым размова", — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.
"Вы бачыце, якім бязлітасным і крывавым становіцца свет вакол нас, і мы не павінны дапусціць, каб у нас сітуацыя развівалася ў такім напрамку. Самае галоўнае для ўсіх нас — атрымаць урокі з гэтай трагедыі. Але ўрокі павінны атрымліваць не толькі сілавыя і праваахоўныя органы, але і выканаўчая вертыкаль улады, суб'екты гаспадарання, ды і ўсе мы — простыя людзі", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўзмоцнены рэжым захаваецца не таму, што чакаюцца нейкія страшныя падзеі, "а таму, што махавік раскручаны, адказныя людзі ўніклі ў сітуацыю, КДБ, пракуроры, ідзе вельмі актыўная работа па ўсіх напрамках па спыненні злачынстваў". "Гэту работу трэба завяршыць, яе нельга цяпер спыняць", — падкрэсліў беларускі лідар.
"Саўдзельнікі і, магчыма, заказчыкі. Хто яны? Для нас гэта таксама важна", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыняць любыя панічныя настроі ў грамадстве.
"Не магу не звярнуць увагу яшчэ на адзін важны момант гэтых дзён. Ён звязаны са спробай стварэння ў грамадстве панікі праз распаўсюджванне чутак аб шматлікіх выбухах у краіне, аб тым, што за гэтым стаіць улада і гэтак далей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ужо дагаварыліся да таго, што не толькі ўлады ўчыняюць гэтыя жудасныя злачынствы, але і ваенныя, міліцыя, праваахоўныя органы і нават царква".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што распарадзіўся знайсці тых, хто стварае паніку, затрымаць і дапытваць, як злачынцаў. "Мне далажылі, што такія людзі затрыманы. Ніякага ім даравання. Гэта яны ствараюць гэта асяроддзе і пачынаюць бударажыць сумленных і прыстойных людзей", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.
"Любая паніка наконт прадуктаў харчавання, валюты і іншага павінна спыняцца", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Катэгарычна хачу ўсіх папярэдзіць, гэта датычыцца і сродкаў масавай інфармацыі: за распаўсюджванне такіх паклёпніцкіх паведамленняў вінаватыя панясуць крымінальную адказнасць. Як паказаў учарашні дзень, вылічыць іх не цяжка. Спецыялістаў у нас на гэта хапае", — заявіў Прэзідэнт.
Абмеркаванне ў Еўропе пытанняў увядзення супраць Беларусі эканамічных санкцый на фоне тэракта — гэта скокі на касцях, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Дайшло да адкрытага кашчунства: увесь народ перажывае трагедыю, смуткуе аб загінулых, а нашы еўрапейскія, так званыя, партнёры ў Страсбургу разважаюць аб нейкіх правах чалавека. Больш таго, нашы дамарослыя з пятай калоны, якія прыехалі туды, заклікаюць увесці санкцыі супраць народа", — выказаў абурэнне Аляксандр Лукашэнка. "Хаця б пачакалі, пакуль жалоба скончыцца, пакуль пахаваем загінулых", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
12 красавіка ў Страсбургу прайшло чарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза. У парадак дня пасяджэння Савета міністраў замежных спраў для абмеркавання былі ўключаны пытанні аб развіцці сітуацыі ў Лівіі, на Блізкім Усходзе, Паўднёвым Каўказе і ў Беларусі, а таксама пытанні выканання правоў чалавека.
Парадак і арганізаванасць у грамадстве з'яўляюцца асновай выжывання, заявіў Прэзідэнт Беларусі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, найважнейшы ўрок — гэта фарміраванне таго асяроддзя, у якім жывуць грамадзяне Беларусі. "Бязладнасць, разгільдзяйства, адсутнасць жорсткай дысцыпліны, арганізаванасці сёння недапушчальныя, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Уся гэта балбатня аб дэмакратыі, дэмакратызацыі, якая нам навязваецца звонку, нічога агульнага не мае з той сапраўднай дэмакратыяй і ўладай народа, якая павінна быць і ёсць у нашай краіне".
Прэзідэнт лічыць, што спакойная і стабільная абстаноўка ў Беларусі на працягу доўгага часу занадта ўсіх заспакойвала. "З сённяшняга дня кожны з нас, беларусаў, павінен зразумець, што без кардынальнага змянення адносін да сябе, свайго жыцця, работы, сям'і, да сваіх дзяцей, асяроддзя мы не дасягнём тых высокіх мэт развіцця краіны, якія перад сабой паставілі. Вельмі строгі парадак, арганізаванасць, дакладнасць, зладжанасць — гэта аснова нашага далейшага выжывання. І наш народ да гэтага гатовы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў паводзіны людзей у першыя мінуты пасля тэракта ў метро: "Ніякай панікі, адзін за аднаго, паранены сам — выносіць, як з поля бою свайго таварыша, які проста апынуўся побач. У дыме і пыле, не бачачы ні твару, нічога, яны выносілі і ратавалі людзей, самі знаходзячыся ў вельмі цяжкім стане". "Гэта яшчэ адзін штрых да твару нашай нацыі", — адзначыў Прэзідэнт.