Аляксандр Лукашэнка: "Дапамажыце кожнаму, нікога не забудзьце..."

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў аказаць усю неабходную дапамогу пацярпелым і сем'ям загінулых пры выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінску. Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў на экстраннай нарадзе 11 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Адразу ж пасля выбуху сітуацыя была даложана Прэзідэнту. Кіраўнік дзяржавы неадкладна прыбыў на станцыю метро "Кастрычніцкая", спусціўся на платформу і разам з сынам усклаў кветкі да месца выбуху. Гэта былі першыя кветкі ў памяць аб ахвярах тэракта.

Затым кіраўнік дзяржавы агледзеў варонку, разбураныя канструкцыі станцыі, пашкоджаны састаў, праверыў, як ідзе работа па ліквідацыі наступстваў выбуху.

Вярнуўшыся з месца здарэння, Прэзідэнт правёў экстранную нараду. Сілавікам, ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта, Мінгарвыканкаму дадзены канкрэтныя даручэнні па дапамозе пацярпелым, узмацненні мер бяспекі на транспарце, у месцах масавага скопішча людзей і расследаванні злачынства.

Прэзідэнт Расіі пазваніў кіраўніку беларускай дзяржавы і выказаў самыя глыбокія спачуванні. Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў аказаць Беларусі любую неабходную дапамогу (як у частцы вядзення следства, так і аказання медыцынскай дапамогі пацярпелым).

Ужо 12 красавіка ў Беларусь прыбыла група супрацоўнікаў Федэральнай службы бяспекі, якія спецыялізуюцца на раскрыцці такіх злачынстваў. Адначасова Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў накіраваць у Мінск брыгаду ўрачоў, якія маюць вопыт лячэння падобных траўм.

У пачатку нарады ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінулых мінутай маўчання.

Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў ад сілавога блока штодзённых вынікаў у расследаванні выбуху. "Вынікі павінны быць кожны дзень. Працуйце дзень і ноч", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў генеральнаму пракурору неадкладна стварыць следчую групу, узмацніць яе супрацоўнікамі пракуратуры, МУС, КДБ. Кіраўніком групы назначаны намеснік генпракурора Андрэй Швед.

Аляксандр Лукашэнка: "Дапамажыце кожнаму, нікога не забудзьце..."

  "У самыя кароткія тэрміны ўсё да самых дробных падрабязнасцяў і дэталяў улічыць, расследаваць, усё высветліць. Вінаватыя павінны быць знойдзены", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Вынікі павінны быць кожны дзень з нарастаючым падрахункам", — запатрабаваў ён.

Прэзідэнт не выключыў сувязі цяперашняга выбуху ў метро з падзеямі 3 ліпеня 2008, даручыўшы старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву прааналізаваць факты і паглядзець на магчымасць наяўнасці сувязі. "Можа, гэта звёны аднаго ланцужка. Устанавіце, каму выгадна ўзарваць спакой і стабільнасць у краіне, хто за гэтым стаіць", — сказаў Прэзідэнт.

"Я хачу, каб вы запомнілі — вы несяце асабістую адказнасць за расследаванне гэтай крымінальнай справы", — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні КДБ.

Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржсакратару Савета Бяспекі і кіраўніку МУС максімальна ўзмацніць меры бяспекі. "Дзейнічайце рашуча. Думаю, людзі нас зразумеюць. Усе падраздзяленні ў МУС павінны быць пастаўлены пад ружжо. Вывернуць усё навыварат! Асабліва на наяўнасць незарэгістраванай зброі, узрыўчаткі, боепрыпасаў", — запатрабаваў Прэзідэнт.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу перад міністрам абароны неадкладна правесці праверку ўсіх складоў на наяўнасць боепрыпасаў, узрыўчаткі, ці ўсё знаходзіцца на месцы і ці ўсюды належным чынам забяспечваецца ахова.

"Не выключаю, што нам могуць гэты "падарунак" завезці з-за мяжы, але нам трэба паглядзець у сябе. Гэта важна", — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што чакае аб гэтым даклада асабіста міністра абароны.

"Звяжыцеся са сваімі расійскімі калегамі па лініі ФСБ, КДБ і пракуратуры, скажыце, якая вам патрэбна дапамога", — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.

Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, "спецыялістаў з Расіі неабходна прыцягнуць хоць бы для ацэнкі сітуацыі". Паводле яго слоў, яны ўжо гатовы выехаць.

Як было даложана на нарадзе, сваю дапамогу Беларусі ў расследаванні тэракта прапанавалі таксама Вялікабрытанія і Ізраіль.

Акрамя таго, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён дамовіўся са сваім расійскім калегам, што неадкладна будуць накіраваны спецыялісты з Расіі, якія пракансультуюць беларускіх урачоў, падкажуць, як лячыць пацярпелых у выніку выбуху, якія акрамя фізічных траўмаў атрымалі моцны псіхалагічны зрыў. "Таму не адмаўляйцеся ад дапамогі. Звяжыцеся цяпер жа з міністрам аховы здароўя Расіі, яна чакае вашага званка, і дамоўцеся", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Жарко. "Яшчэ раз падкрэсліваю: у выніку выбуху загінулі людзі", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў аказаць усю неабходную дапамогу пацярпелым, у тым ліку матэрыяльную. "Вылечыць, паставіць раненых на ногі! Не шкадуйце нічога, тым больш у нас для гэтага ўсё ёсць", — падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да ўрада, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Дапамажыце кожнаму, нікога не забудзьце. Усіх без усялякіх затрымак падтрымайце — каму трэба аказаць фінансавую дапамогу, пацярпелым, сем'ям загінулых, пахаваць людзей. Разам з кіраўніком спраў Прэзідэнта неадкладна падключыцеся да гэтай работы, калі трэба, сустрэньцеся з сем'ямі".

Прэзідэнт таксама даручыў старшыні Мінскага гарвыканкама Мікалаю Ладуцьку прафінансаваць усе расходы, якія неабходна правесці тэрмінова, з бюджэту горада.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на такі немалаважны факт, як аператыўнае інфармаванне насельніцтва аб ходзе расследавання. "Усе спісы пацярпелых, хто, дзе знаходзіцца на лячэнні, неадкладна апублікуйце і адразу паведамляйце людзям усё, што толькі магчыма", — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Даручэнне інфармаваць аб усім насельніцтва Аляксандр Лукашэнка даў і кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміру Макею. "Людзям трэба даць поўную інфармацыю. Усё, што журналісты будуць пытаць, арганізуйце адказы на ўсе пытанні. Не трэба нічога ўтойваць, людзі павінны ўсё ведаць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў у самы кароткі тэрмін аднавіць рух у метро.

Звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што жыццё горада не павінна быць паралізавана. "Тое, што вы хутка разабраліся на зямлі, за гэта дзякуй. Але і заўтра, і паслязаўтра ніякай затрымкі з дастаўкай людзей па лініі метро быць не павінна", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даручыў выдзеліць неабходную колькасць аўтобусаў для перавозкі людзей па маршруце першай лініі метро.

"За самы кароткі тэрмін рух у метро трэба аднавіць", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Я разумею, што гэта перш за ўсё звязана з работай следчай групы. Але ёсць і іншыя пытанні. Таму трэба, каб ужо сёння стаялі напагатове брыгады рамонтнікаў, якія ачысцяць станцыю. Як толькі будзе магчыма, пракурор дасць адпаведную адмашку — аднавіце рух", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, людзі атрымалі траўмы і ад падвясных столевых элементаў станцыі, якія пасыпаліся зверху. "Тое, што там хлам цяпер пасля выбуху, гэта вам навука. Метро трэба аздабляць так, каб на галаву нічога не падала. Не толькі ад выбуху, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Добра, гэта да нас было, але мы таксама ўжо працуем нямала, даўно на гэта трэба было звярнуць увагу. Там траўмы людзі атрымалі яшчэ і ад таго, што пасыпалася на галаву са столі".

"Наогул, звярніце сур'ёзную ўвагу на работу метрапалітэна. Гэта ў любой дзяржаве слабае месца", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў аб'явіць у Мінску дзень жалобы і вызначыць канкрэтную дату. "У знак павагі да людзей гэта трэба зрабіць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт лічыць, што выбухам у сталічным метро кінуты сур'ёзны выклік, які патрабуе адэкватнага адказу. "Нам кінуты сур'ёзны выклік, і, трэба прызнаць, вельмі сур'ёзны. І патрэбны адэкватны адказ, ён павінен быць знойдзены", — сказаў Прэзідэнт.

"Спакойнага жыцця нам не дадуць. Я вас аб гэтым папярэджваў. Хто яны? І з адказам на гэта пытанне прашу паспяшацца", — сказаў кіраўнік дзяржавы прысутным.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся таксама да насельніцтва з просьбай дапамагчы ў расследаванні выбуху ў Мінскім метрапалітэне. "Хацеў бы звярнуцца да людзей сумленна і адкрыта: без вас нам цяжка будзе знайсці гэтых нелюдзяў. Вы павінны нам дапамагчы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Крыць няма чым. У гэтым здарэнні вінаваты толькі мы. Мы не забяспечылі, як гэта было заўсёды, спакой, няхай нават у канкрэтным месцы нашай сталіцы. Віна ляжыць на нас. І мы павінны зрабіць усё, каб людзі не падумалі, што мы дарма ядзім дзяржаўны хлеб", — адзначыў Прэзідэнт.   Паводле слоў Анатоля Куляшова, поезд рухаўся з боку плошчы Перамогі ў бок плошчы Незалежнасці. Як мяркуецца, выбуховае прыстасаванне знаходзілася пад лаўкай на платформе насупраць другога вагона. У выніку выбуху ўтварылася варонка дыяметрам амаль 80 см. Магутнасць выбуху ў тратылавым эквіваленце склала ад 5 да 7 кг. Выбуховае прыстасаванне было начынена металічнымі шарыкамі. На момант выбуху ў гэтым месцы знаходзіліся прыкладна 300 чалавек. У гэты ж час у процілеглым напрамку рухаўся другі састаў, які вымушаны быў праехаць без прыпынку.

Цяпер арганізавана праверка ўсяго транспарту, які выязджае і прыязджае ў рэспубліку. Пад асаблівай увагай — перыметры граніцы ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. На ўзмоцнены варыянт нясення службы пераведзены праваахоўныя органы ў месцах масавага знаходжання людзей, на чыгуначных вакзалах, у аэрапортах.

Таксама праводзіцца дэталёвае вывучэнне ўсіх запісаў з сістэм відэаназірання. Створана следча-аператыўная група на чале з намеснікам генеральнага пракурора Андрэем Шведам. Па факце выбуху ўзбуджана крымінальная справа. Следства будзе адпрацоўваць усе існуючыя версіі да поўнага ўстанаўлення карціны здарэння.

"Я ведаю, што гэта будзе складаная крымінальная справа, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але я вас папярэджваў заўсёды і асабліва пасля 3 ліпеня 2008 года. Я вас прасіў і сёння адкрыта скажу, як была пастаўлена вам задача — правесці зачыстку ў краіне і "паадсякаць" рукі ўсім, у каго вы знойдзеце ўзрыўчатку. Калі, пачуўшы мяне сёння, усе капальнікі — "чорныя" і "белыя" — не прынясуць незарэгістраваную зброю і ўзрыўчатку і яны будуць знойдзены ў яго, у канкрэтнага чалавека, — неадкладна пад суд. Толькі так мы можам навесці парадак".

"Зачыстка павінна прайсці па ўсіх правілах. Жыццё даражэй. Гэтыя людзі, якія пацярпелі, іх сем'і ні ў чым не вінаватыя. Таму зрабіце гэта", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў міністра аховы здароўя Васіля Жарко, пасля атрымання сігналу аб ЧП да месца здарэння было накіравана 98 карэт хуткай медыцынскай дапамогі. У лячэбныя ўстановы, дзе ёсць хірургічныя аддзяленні, шпіталізавана 126 чалавек. З іх 22 знаходзяцца ў цяжкім стане, 30 — у сярэднім, астатнія — у лёгкай ступені цяжкасці. У асноўным у пацярпелых асколачныя раненні розных частак цела, траўмы ад выбуховай хвалі, ёсць выпадкі адрыву канечнасцяў. Пры гэтым грамадзянам, якія самастойна пакінулі месца здарэння, знаходзячыся ў шокавым стане, у выпадку пагаршэння самаадчування неабходна неадкладна звярнуцца ў медустановы.

Увесь медыцынскі персанал, кіраўніцтва бальніц знаходзяцца на рабочых месцах. У неабходнай колькасці ёсць перавязачны матэрыял, лекавыя сродкі, запасы крыві. "Галоўнае — выратаваць людзей, якія ў цяжкім стане", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу гарадскія ўлады, аб чым далажыў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, арганізавалі работу па збору інфармацыі і апавяшчэнні сем'яў загінулых і пацярпелых. Пахаванне ахвяр выбуху ў метро плануецца правесці 13-15 красавіка.

У бліжэйшыя некалькі дзён вырашана абмежаваць у рэспубліцы правядзенне забаўляльных мерапрыемстваў. Прэзідэнт узяў расследаванне тэракта ў мінскім метро пад асабісты кантроль.

←Совет ЕС не принял никаких формальных решений по Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика