Аляксандр Лукашэнка патрабуе максімальнай мінімізацыі затрат пры будаўніцтве жывёлагадоўчых збудаванняў
Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў, наведваючы ААТ "Белавежскі" Камянецкага раёна, перадае БЕЛТА.
"Галоўнае — цана ўсіх работ і максімальная мінімізацыя затрат на будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што пры будаўніцтве новых жывёлагадоўчых комплексаў неабходна рабіць таннейшымі праекты. "За цану будаўніцтва кожнага кароўніка, свінагадоўчага комплексу, птушкафабрыкі, фермы адкажаце галавой. Усё павінна быць самым танным. Нельга траціць грошы там, дзе можна абысціся танна", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных чыноўнікаў.У той жа час Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прывесці ў парадак ужо існуючыя малочнатаварныя фермы, аддаючы гэтаму напрамку прыярытэт. "Рэканструкцыя, прывядзенне ў парадак існуючых дрэнных ферм, даўкамплектацыя — гэта другі важнейшы напрамак".
Як далажыў кіраўніку дзяржавы старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, у яго рэгіёне выкарыстоўваюцца самыя танныя і аптымальныя варыянты малочнатаварных ферм. Паводле яго слоў, адно жывёламесца на ферме 1100 галоў абыходзіцца ў Br14 млн.
ААТ "Белавежскі", якое наведаў учора Прэзідэнт, з'яўляецца адным з буйнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці, спецыялізуецца на вытворчасці мяса, малака і збожжа. Жывёлагадоўчая прадукцыя ў агульнай структуры займае 97 працэнтаў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы на пачатак 2011 года налічвала 6,7 тыс., свіней — 90,1 тыс. У гаспадарцы адзначаюцца высокія паказчыкі прадукцыйнасці жывёл. Так, за 2010 год у сярэднім надой на адну карову складаў 7207 кг малака, рэалізавана 87 працэнтаў малака вышэйшага гатунку і гатунку "экстра". Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе БРЖ на вырошчванні і адкорме склалі 726 г, свіней — 569 г.
Аляксандр Лукашэнка, азнаёміўшыся з паказчыкамі работы сельгаспрадпрыемства, падкрэсліў, што яно можа з'яўляцца прыкладам для іншых гаспадарак краіны. "Тут прадстаўлены ўсе галіны. Гэта тыповая гаспадарка для краіны, на якой трэба ўсіх вучыць і патрабаваць паўтарэння вопыту "Белавежскага". Выдайце такія вынікі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што справа тут нават не ў той дзяржаўнай дапамозе, якая ў свой час была аказана гаспадарцы, а ў разумным і адказным падыходзе да работы кіраўніка.
Кіраўнік дзяржавы пабываў на адной з малочнатаварных ферм гаспадаркі — "Мінкавічы". Паводле слоў яе кіраўніка Юрыя Мароза, у сярэднім на фермах утрымліваецца 200-300 кароў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў свеце арыентуюцца на ўзбуйненне ферм да 900-1100 галоў. І калі гэта паўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і рэнтабельнасці, то ёсць сэнс ісці на ўзбуйненне ферм.
Аляксандр Лукашэнка, адышоўшы ад запланаванай праграмы, папрасіў паказаць яму адну з самых праблемных сфер гаспадаркі. Прэзідэнту было прапанавана наведаць МТФ "Расна". У лютым 2011 года да ААТ "Белавежскі" быў далучаны СВК "Савецкая Беларусь" — у савецкія часы гэта была адна з лепшых гаспадарак рэгіёна, а апошнія гады дэманструе нізкія паказчыкі. Як расказаў Юрый Мароз, у далучанай гаспадарцы ёсць тры малочнатаварныя фермы, якія патрабуюць аднаўлення. Кіраўнік гаспадаркі разлічвае за два гады прывесці іх у поўны парадак. Прэзідэнт, паглядзеўшы, у якіх умовах утрымліваецца жывёла на гэтай ферме, падкрэсліў, што такіх ферм у краіне не павінна быць наогул. "Гэта ўзор таго, як не павінна быць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.