Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь праводзіць узважаную шматвектарную і міралюбівую палітыку"
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, вітаючы замежных дыпламатаў на беларускай зямлі, што тут верныя сябры і надзейныя партнёры, на адкрытасць, шчырасць і падтрымку якіх яны заўсёды могуць разлічваць.
Беларусь зыходзіць з таго, што вызначальнымі для міжнароднага жыцця з'яўляюцца такія паняцці, як гуманізм, цярпімасць, дружалюбнасць, узаемапавага і сумленнасць. "Асаблівую каштоўнасць гэтыя прынцыпы ўзаемаадносін набываюць на сучасным этапе, калі новыя выклікі і пагрозы дэстабілізуюць сітуацыю ў розных частках планеты і патрабуюць асаблівай увагі сусветнай супольнасці".
Прэзідэнт падкрэсліў: "Цяпер паміж дзяржавамі нарастае канкурэнцыя за доступ да рэсурсаў, перспектыўных рынкаў збыту. На жаль, гэта суперніцтва набывае часам надзвычай жорсткі характар. Аж да адраджэння дактрыны аднапалярнага свету і вяртання да права моцнага дыктаваць усім сваю волю і ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў". Для многіх дзяржаў, як і для Беларусі, гэта не пусты гук, а праяўленне санкцый, шантажу і націску з боку звышдзяржаў. "Таму Беларусь паслядоўна выступае за прынцыпы справядлівасці і раўнапраўнага ўключэння ўсіх дзяржаў, незалежна ад іх маштабаў, у прыняцце ключавых рашэнняў міжнароднага парадку дня і ўліку іх інтарэсаў".
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь "імкнецца выбудоўваць з кожнай з дзяржаў добрыя і даверныя адносіны, але не прымае дыскрымінацыі па любых матывах і палітыкі двайных стандартаў".
Адной з ключавых мэт беларускай знешняй палітыкі з'яўляецца аднаўленне парытэтнага і паважлівага ўзаемадзеяння з Рэспублікай Польшча. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі, прымаючы даверчыя граматы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешака Шарэпкі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, "супрацоўніцтва на новых рынках мы развіваем не ва ўрон сувязям з бліжэйшымі суседзямі". "Хоць павінен прызнаць, не заўсёды яны атрымліваюцца роўнымі і стабільнымі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нярэдка іх азмрочваюць негатыўныя стэрэатыпы і палітычныя інтрыгі". Аднак для нас галоўнае — добрасуседства, заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"У нас ёсць нямала палякаў. Я вельмі часта гаварыў і вашаму міністру замежных спраў, і былым вашым кіраўнікам: гэта мае палякі, гэта мае людзі, якія заўсёды падтрымлівалі мяне. Гэта грамадзяне маёй краіны. І я хацеў бы, каб у Польшчы гэта разумелі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы не супраць, калі вы будзеце падтрымліваць этнічных палякаў у Беларусі, дапамагаць ім. Мы будзем удзячны вам, калі вы будзеце падтрымліваць і дапамагаць нашым беларусам у Польшчы".
Звяртаючыся да пасла, кіраўнік беларускай дзяржавы сказаў: "Нам трэба гэту граніцу, якая паміж намі ёсць, зрабіць самай празрыстай, таму што мы практычна адзін народ — мы жылі ў адной дзяржаве, і ў нас ёсць не толькі што ўспомніць, у нас ёсць перспектыва нашых адносін". "Я хацеў бы, каб вы як аўтарытэтны чалавек сказалі сваё добрае слова і паклалі на шалі добрага супрацоўніцтва паміж намі і родным нам польскім народам. Гэта вельмі важна".
Прэзідэнт падкрэсліў, што для Беларусі яе незалежнасць і суверэнітэт з'яўляецца галоўнай каштоўнасцю. "Мы адбыліся як суверэнная незалежная дзяржава, і гэты суверэнітэт і незалежнасць мы будзем абараняць, чаго б нам гэта ні каштавала. Нават калі мы застанемся адны (але, як вы разумееце, у гэтым глабальным свеце адзін ніхто не застанецца), будзем змагацца за гэты суверэнітэт і незалежнасць, — адзначыў беларускі лідар. — І калі ў Польшчы і ў іншых краінах будуць разумець гэта галоўнае, што з'яўляецца для нас, мы заўсёды выбудуем адносіны па другарадных пытаннях. Мы заўсёды зможам адысці ад таго наноснага, што сёння існуе".
Аляксандр Лукашэнка таксама чарговы раз падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца ні з кім заігрываць, ні з Захадам супраць Расіі, ні з Расіяй супраць Захаду, ні з Кітаем супраць Амерыкі, ні з Амерыкай супраць Кітая. "У нас ёсць богам дадзеная зямля, і мы будзем жыць на гэтай зямлі".
Беларусь гатова да рэалізацыі сумесных з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай праектаў у галіне машынабудавання, сельскай гаспадаркі ў краінах рэгіёну. Беларусь гатова стаць перспектыўным плацдармам для пашырэння эканамічнай прысутнасці Рэспублікі Карэя на прасторы СНД і ў Еўрапейскім рэгіёне. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што традыцыйна дружалюбныя адносіны падтрымліваюцца паміж Беларуссю і Палесцінай. Яны характарызуюцца высокім узроўнем даверу і ўзаемаразумення, а таксама шчырай дружбай. Прэзідэнт падкрэсліў зацікаўленасць у больш інтэнсіўным узаемадзеянні з Ганай і Кеніяй. Беларускі лідар таксама заявіў, што наладжванне цеснага эканамічнага ўзаемадзеяння з Ісламскай Рэспублікай Маўрытанія — прыярытэтная задача для Беларусі на бліжэйшую перспектыву.
Беларусь нацэлена на далейшае пашырэнне шматпланавага супрацоўніцтва ў самых розных сферах з Кыргызстанам, з якім у яе здаўна склаліся партнёрскія адносіны. "Калі нехта думае, што паміж Беларуссю і Кыргызстанам могуць быць дрэнныя адносіны, той глыбока памыляецца, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы нам людзі не чужыя. Я ўпэўнены, што і для вашага народа Беларусь — блізкая краіна, і ніякія дадатковыя фактары не могуць ускладніць нашы адносіны. Калі вы гатовы да гэтага, мы значна можам прыбавіць да таго, што мы ў свой час мелі і што мы ў свой час задумалі зрабіць у адносінах з вашай рэспублікай".
Беларусь зацікаўлена ў далейшым пашырэнні кола сяброў на Паўднёваамерыканскім кантыненце і гатова значна актывізаваць усебаковыя адносіны з Нікарагуа і Парагваем. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Лацінская Амерыка, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, стала для Беларусі рэгіёнам асаблівага прыцягнення і ўвагі. "Для ўзаемнай выгады мы маем намер замацавацца там грунтоўна і надоўга", — заявіў Прэзідэнт.