Адносна Беларусі выкарыстоўваецца рыторыка часоў халоднай вайны і жалезнай заслоны

Источник материала:  

Такая думка змешчана ў звароце кіраўнікоў і актывістаў непалітычных грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары суседніх з Беларуссю краін да кіраўнікоў дзяржаў Еўрапейскага саюза, членаў Савета Еўропы, дэпутатаў Еўрапарламента, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"У Еўрапейскім саюзе, ЗША і іншых краінах разгорнута кампанія націску на нашу этнічную Радзіму ў сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года. У сусветных СМІ прадаўжаецца абмеркаванне пытанняў аб увядзенні жорсткіх эканамічных санкцый супраць Беларусі, пры гэтым у заявах асобных высокапастаўленых асоб Еўрасаюза, які славіцца прыхільнасцю да ліберальных каштоўнасцяў і ідэй талерантнасці, выкарыстоўваецца рыторыка часоў халоднай вайны і жалезнай заслоны", — адзначаюць прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой.

У звароце адзначаецца, што гістарычны вопыт, напрацаваны еўрапейскай цывілізацыяй за апошнія дзве тысячы гадоў, сведчыць аб бесперспектыўнасці выкарыстання сілы ў міжнароднай палітыцы, навязвання народам незалежных дзяржаў чужой волі. Пераход з мовы дыпламатыі, добрасуседства да дыктату і дыскрымінацыі ніколі не даваў і не дасць канструктыўных вынікаў. Спробы знешняга націску і насілля традыцыйна выклікаюць у беларусаў пачуццё ўнутранага супраціўлення і пратэсту. На працягу сваёй гісторыі беларусы даказалі, што могуць супраціўляцца націску. Прыкладам таго з'яўляецца сапраўды ўсенароднае супраціўленне беларусаў нацысцкай акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны, якое дало магчымасць ганарыцца сваім імем і стала асновай самасвядомасці беларускага народа. "Заслугі беларускага народа ў процістаянні самаму страшнаму ў чалавечай гісторыі злу былі прызнаны міжнароднай супольнасцю, далі магчымасць нашай Радзіме, якая ўваходзіла тады ў склад Савецкага Саюза, у 1945 годзе стаць краінай — заснавальніцай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", — сказана ў звароце.

"Беларусы — праціўнікі празмернага прымянення сілы, дзе б гэта ні адбывалася: у Маскве або ў Парыжы, у Лос-Анджэлесе або ў Берліне, у Мінску або краінах Балтыі", — падкрэсліваюць прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой. На кожную пратэстную акцыю, як правіла, ёсць два процілеглыя погляды. Рэакцыя на гэтыя падзеі еўрапейскай палітычнай супольнасці паставіла ў беларускім грамадстве пад сумненне вынікі трохгадовай сумеснай работы Беларусі і ЕС. "У Беларусі замацавалася думка, што Еўропе верыць нельга. Ці патрэбна гэта Беларусі і Еўрапейскаму саюзу? Сuі рrоdеst? (Каму гэта выгадна?)", — гаворыцца ў звароце. "Паверце, беларусы не сталі б трываць над сабой ні дыктатара, ні іншых прыгнятальнікаў — не пакарыліся беларусы ні татарам, ні шведам, ні крыжаносцам, ні польскім нацыяналістам, ні нямецка-фашысцкім захопнікам, не трывалі б дыктату і ў наш час", — адзначылі беларусы, якія пражываюць далёка ад Радзімы.

Са шкадаваннем трэба канстатаваць: сёння ў Беларусі няма палітычнай апазіцыі, якая вядзе канстытуцыйным шляхам барацьбу за ўладу і выбаршчыкаў. Групы і часовыя аб'яднанні, якія пастаянна сварацца, хутчэй падобны да падпольных арганізацый з незразумелымі для беларусаў мэтамі і каштоўнасцямі. "Таму нас насцярожвае тая паспешлівасць, з якой структуры Еўрасаюза прымаюць рашэнні аб падтрымцы і фінансаванні гэтых структур. Фактычнае выштурхоўванне Беларусі з агульнаеўрапейскіх працэсаў нічога добрага ні Еўропе, ні Беларусі не прынясе", — упэўнены прадстаўнікі грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары. "Мы заклікаем усіх, хто хоча дабра беларусам, хто сапраўды лічыць Рэспубліку Беларусь неад'емнай часткай Еўропы, пачуць наш голас і вярнуцца да канструктыўнага дыялогу з нашай Радзімай. Толькі ў сумеснай рабоце, у доказных спрэчках, у павазе думкі бакоў і ўзаемнай адкрытасці мы прыйдзем да сапраўднага разумення адзін аднаго", — перакананы прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Подпісы пад зваротам паставілі беларусы Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, Украіны, Малдовы і іншыя.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика