Аляксандр Лукашэнка патрабуе жорсткага кантролю за якасцю будаўніцтва жылля
Гэта тэма стала адной з цэнтральных падчас даклада 9 сакавіка кіраўніку дзяржавы старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона.
Прэзідэнту было даложана аб выніках работы КДК у 2010 годзе і задачах на 2011 год.
У цэнтры ўвагі сустрэчы знаходзілася ўзмацненне кантролю за будаўніцтвам жылля і яго якасцю. Як паказалі вынікі работы за 2010 год, у гэтай сферы застаецца яшчэ шмат нявырашаных праблем. Так, у мінулым годзе каля 180 тыс.кв.м жылля было знята з уводу ў эксплуатацыю. Прэзідэнт запатрабаваў жорсткага кантролю за якасцю будаўніцтва жылля, каб такія факты ў будучыні не паўтараліся. Аляксандр Якабсон запэўніў, што пытанні будаўніцтва жылля, яго аб'ёмаў і якасці будуць заставацца пад строгім кантролем камітэта і ў гэтым годзе.
Акрамя таго, на сустрэчы падрабязна была разгледжана тэма аказання дзяржпадтрымкі і эфектыўнасці яе выкарыстання. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, па выніках 2010 года колькасць неэфектыўных праектаў, якія выкарыстоўвалі дзяржпадтрымку, склала каля адной трэці ад колькасці суб'ектаў гаспадарання, правераных камітэтам. Разам з тым варта мець на ўвазе, што шэраг суб'ектаў гаспадарання з-за аб'ектыўных абставін не можа працаваць эфектыўна, у прыватнасці гэта датычыцца некаторых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. Прэзідэнт даручыў правесці сур'ёзны аналіз сітуацыі і далажыць яму аб выніках.
Штогод дзяржпадтрымку атрымліваюць больш за 3 тыс. суб'ектаў гаспадарання. Пры гэтым на працягу апошніх гадоў выразна прасочваецца негатыўная тэндэнцыя недасягнення атрымальнікамі падтрымкі даведзеных мэтавых паказчыкаў. Пэўная частка сродкаў дзяржпадтрымкі траціцца неэфектыўна, пры гэтым асноўная сума неэфектыўна выкарыстаных сродкаў прыпадае на рэалізацыю асобных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, што сведчыць аб недастатковай прапрацоўцы прымаемых рашэнняў аб неабходнасці іх рэалізацыі. Камітэт дзяржкантролю прапануе накіроўваць дзяржпадтрымку выключна на акупныя праекты.
Аляксандр Лукашэнка, гаворачы ў цэлым аб рабоце Камітэта дзяржаўнага кантролю, запатрабаваў глыбокай аналітычнай работы пры ажыццяўленні кантрольных функцый. Старшыня КДК у сваю чаргу падкрэсліў, што ў 2011 годзе кантрольна-аналітычная работа прыме больш маштабныя формы.