Беларускія ініцыятывы ў АДКБ атрымаюць практычную рэалізацыю
02.03.2011
—
Новости Политики
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які з'яўляецца ў цяперашні час Старшынёй Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, 1 сакавіка зацвердзіў План мерапрыемстваў па рэалізацыі рашэнняў снежаньскай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Падчас сустрэчы з Генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам былі абмеркаваны прыярытэтныя накірункі дзейнасці АДКБ ва ўмовах сучаснай сітуацыі ў свеце. "У нас ёсць шэраг пытанняў, якія мы павінны абмеркаваць, тым больш што, па-першае, Беларусь старшынствуе ў нашай ваенна-палітычнай арганізацыі. Па-другое, фон сённяшняй нашай размовы не вельмі прыемны, я маю на ўвазе ў свеце, ды і ў нас праблем хапае (у рэгіёне АДКБ)", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць і шэраг іншых пытанняў, у тым ліку беларуска-расійскія. "Мяне будуць цікавіць і вашы ацэнкі далейшых перспектыў, у тым ліку Саюзнай дзяржавы і яе ролі ў АДКБ", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. На снежаньскай сесіі Беларусь заявіла пра тыя прыярытэты, якія яна будзе рэалізоўваць падчас свайго старшынства. Паводле слоў Мікалая Бардзюжы, зыходзячы з вылучаных Беларуссю ініцыятыў, вялікая ўвага будзе надавацца развіццю міратворчага патэнцыялу АДКБ, дзейнасці КСАР, мерапрыемствам па баявой падрыхтоўцы і шэрагу іншых накірункаў, у тым ліку аснашчэнню сучасным узбраеннем і тэхнікай. Акрамя таго, адным з прыярытэтаў будзе з'яўляцца стварэнне інстытута партнёрства АДКБ, а таксама каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці. Такім чынам, План, зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам, складаецца з двух раздзелаў. У першы ўключаны беларускія ініцыятывы і прыярытэты ў перыяд старшынства, у другі — мерапрыемствы па рэалізацыі рашэнняў снежаньскай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. "Галоўная задача — гэта адладка арганізацыі, падрыхтоўка яе да практычнага выкарыстання ў выпадку якіх-небудзь крызісных сітуацый", — адзначыў Генеральны сакратар АДКБ. Сярод вылучаных Беларуссю ініцыятыў і прыярытэтаў — стварэнне дзейснай сістэмы рэагавання на крызісныя сітуацыі; прапрацоўка пытанняў, звязаных з перспектывамі арганізацыі міратворчай дзейнасці ў сумесным АДКБ-ААН фармаце; стварэнне інстытута партнёрства АДКБ; пераход да практычных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы Міратворчых сіл АДКБ да выкарыстання па прызначэнні; распрацоўка і зацвярджэнне мэтавай праграмы аснашчэння Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання сучаснымі ўзбраеннем, ваеннай і спецыяльнай тэхнікай, спецыяльнымі сродкамі. Сярод прыярытэтаў таксама — прыцягненне органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ для ўдзелу ў сумесных мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, якія праводзяцца ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі; адпрацоўка ў рамках рэалізацыі Плана работы дзяржаў—членаў АДКБ па фарміраванні сістэмы калектыўнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі адзінага парадку прыцягнення КСАР АДКБ для ліквідацыі НС на тэрыторыях дзяржаў—членаў арганізацыі; распрацоўка прапаноў па стварэнні прававых рамак для фарміравання спісу асоб, уезд якіх у дзяржавы—члены АДКБ забаронены або непажаданы. Мікалай Бардзюжа таксама далажыў кіраўніку беларускай дзяржавы аб паездцы ў Кыргызстан: сітуацыі, мерах, якія прымаюцца па забеспячэнні стабільнасці, недапушчэнні паўтору масавых беспарадкаў. "Акрамя таго, там ёсць дастаткова вялікія пытанні, звязаныя з актывізацыяй экстрэмісцкага падполля, экстрэмісцкай дзейнасці арганізацый, якія базіруюцца ў Афганістане. Гэтыя пытанні мы таксама абмяркоўвалі з Прэзідэнтам".