Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада высокіх тэмпаў росту пры збалансаваным развіцці эканомікі
01.03.2011
—
Новости Политики
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада дасягнуць большай эфектыўнасці і якасці ў рабоце і забяспечыць высокія тэмпы росту пры збалансаваным развіцці эканомікі. Аб гэтым 25 лютага кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе з новым складам урада і нованазначанымі службовымі асобамі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў зрабіць больш жорсткімі правілы валютнага рэгулявання ў краіне. "Хачу звярнуць прынцыповую ўвагу прэм'ер-міністра і старшыні праўлення Нацыянальнага банка: мы недапушчальна расхлябана ставімся да выкарыстання валютнай выручкі. Склалася сітуацыя, што некалькі соцень ці дзясяткаў, можа, ключавых прадпрыемстваў прыносяць валюту ў краіну, а прэм'ер-міністр і старшыня праўлення Нацыянальнага банка, грунтуючыся на незразумелых тэорыях свабоднага рынку, раздаюць каму папала гэту валюту", — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што калі валюта ў краіне будзе, то яе можна будзе браць і расходаваць. "Няма валюты — прасі ў тых, у каго гэта валюта ёсць. І хопіць адбіраць валюту ў кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, якія яе зарабляюць, і раздаваць тым, хто яе ў краіну не прыносіць", — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні праўлення Нацбанка. "Гэта прынцыповае пытанне нашай эканомікі, і мы павінны падкарэкціраваць нашу палітыку, а не грунтавацца на нейкай голай рыначнай тэорыі", — сказаў ён. "Я не кажу, што ўсіх трэба заціснуць. Насельніцтва — гэта святое. І ў нас насельніцтва праблем з валютай не стварае. Насельніцтва купіла некалькі мільёнаў долараў і ўсё роўна размясціла іх у банках. А прадпрыемствы паводзяць сябе расхлябана. У тым ліку і энергетычны сектар, і іншыя. Таму тут павінен быць наведзены парадак", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Упэўнены, што гэта дасць нармальны эфект, і мы не будзем мець больш праблем з валютай, курсам і гэтак далей", — дадаў ён. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, доля замежных крыніц у інвестыцыях у асноўны капітал павінна быць не меншая за 21 працэнт ужо ў 2011 годзе. Пры гэтым над пытаннямі прыцягнення замежных інвестыцый павінны працаваць усе кіраўнікі, усе намеснікі прэм'ер-міністра і міністры. Каардынуючая роля ў гэтым працэсе павінна належаць Міністэрству эканомікі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што для паспяховай інвестыцыйнай дзейнасці ў краіне створаны ўсе заканадаўчыя ўмовы і прадастаўлены дзяржаўныя прэферэнцыі. Прыняты тры спецыяльныя дэкрэты. Створана агенцтва для работы з замежнымі інвестарамі, уведзены інстытут інвестыцыйных агентаў. "Таму з сённяшняга дня спасылкі ўрада, кіраўнікоў арганізацый на адсутнасць сродкаў для капіталаўкладанняў будуць расцэньвацца як сігнал аб прафесійнай непрыгоднасці". Пры гэтым ён перасцярог удзельнікаў нарады: "Не зацыклівайцеся на прыватызацыі і не прымайце прамыя замежныя інвестыцыі выключна як продаж дзяржаўнай уласнасці. У краіне шмат тэрыторый, якія не выкарыстоўваюцца, кваліфікаванай рабочай сілы, магчымасцяў для будаўніцтва прадпрыемстваў з чыстага ліста. Не чакайце, пакуль да вас прыйдзе інвестар, а вы, як на кірмашы, будзеце толькі выбіраць прапанаваныя імі праекты. Беларусь — індустрыяльна і аграрна развітая дзяржава. Таму асноўныя напрамкі інвесціравання мы павінны вызначаць самі". Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэтыя напрамкі ўжо вызначаны. У прыватнасці, гэта інвестыцыі ў ПЭК, дыверсіфікацыя паставак у краіну вуглевадароднай сыравіны. "Акрамя таго, лічу, што настаў час сфарміраваць у краіне моцны і эфектыўны фінансавы рынак, здольны стаць магнітам для прыцягнення міжнароднага фінансавага капіталу, прамых замежных інвестыцый". Ён таксама запатрабаваў распрацаваць канцэпцыю кіравання валавым знешнім доўгам. "І міністр фінансаў, і прэм'ер-міністр у нас галавой адказваюць за абслугоўванне знешняга доўгу. Але да гэтага часу не выканана маё даручэнне аб распрацоўцы канцэпцыі кіравання валавым знешнім доўгам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Правільнае абслугоўванне дзяржаўнага доўгу без істотных абцяжарванняў для нацыянальнай эканомікі — ваша ключавая задача. Дакладная сістэма, якая не стварае пікавых нагрузак на бюджэт, павінна быць выпрацавана ў бліжэйшы час". Звяртаючыся да міністра фінансаў, Прэзідэнт асабліва адзначыў: "Андрэю Міхайлавічу ў мяне ёсць прамое даручэнне. Вы павінны стаць для ўсіх "спадаром НЕ", калі размова ідзе аб павелічэнні бюджэтных расходаў". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бюджэт — гэта ключавая задача любога ўрада. "І тое, што дэфіцыт бюджэту ў нас склаў 2,5 працэнта, — сур'ёзны сігнал, каб вы заняліся аптымізацыяй расходнай і папаўненнем даходнай яго частак, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але папярэджваю: даходы бюджэту павінны ўзрастаць не за кошт новых падаткаў або павышэння іх ставак, а шляхам пашырэння падатковай базы, росту колькасці суб'ектаў гаспадарання, павышэння эфектыўнасці іх работы (павелічэння масы прыбытку) і росту эфектыўнасці эканомікі краіны ў цэлым". Прэзідэнт лічыць, што старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Валерый Карашкоў павінен дабіцца таго, каб у тэхнічных рэгламентах мытнага саюза не змяшчаліся патрабаванні больш нізкія, чым устаноўлены ў Беларусі, і ў той жа час каб яны былі гарманізаваны з міжнароднымі і еўрапейскімі нормамі. "Нам патрэбны аптымальныя правілы допуску прадукцыі на адзіную мытную тэрыторыю". На яго думку Анатоль Русецкі, які ўзначаліў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, — чалавек, які прайшоў добрую і навуковую, і практычную школу, ведае і пра праблемы айчыннай вытворчасці, і пра праблемы развіцця айчыннай навукі. "Для вас галоўная задача — забяспечыць маштабную інтэграцыю Нацыянальнай акадэміі навук у эканоміку краіны", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка НАН. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на практыцы да гэтага часу даводзіцца сутыкацца з нізкай інавацыйнай актыўнасцю і недастатковай успрымальнасцю эканомікі да вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак. "Для таго каб рассячы гэты вузел, лічу, настаў час падумаць і аб удасканаленні арганізацыйнай структуры Нацыянальнай акадэміі навук. Надаць ёй рысы магутнай навукова-вытворчай карпарацыі, аптымальна структураванага і самадастатковага навуковага цэнтра, які выконвае ўвесь спектр работ — ад фундаментальных і прыкладных даследаванняў да доследнай і серыйнай вытворчасці навукаёмістай прадукцыі па ўласных распрацоўках. Карпарацыі, здольнай хуткімі тэмпамі нарошчваць аб'ёмы рэалізацыі навукова-тэхнічнай прадукцыі як унутры краіны, так і на экспарт". Больш значную ролю ў сістэме дзяржаўнага кіравання павінен адыгрываць і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. "Але пакуль ДКНТ не стаў інавацыйным штабам нашай краіны. Задача камітэта — не толькі збіраць ідэі і праекты, але і вельмі строга кантраляваць іх рэалізацыю на ўсіх узроўнях, эфектыўна садзейнічаць вырашэнню канкрэтных задач інавацыйнага развіцця". Ён запатрабаваў паскорыць будаўніцтва беларускай АЭС. "Асабліва звяртаю ўвагу міністра энергетыкі і ўрада ў цэлым на тое, што ў гэтым пяцігоддзі неабходна ў поўным маштабе разгарнуць будаўніцтва беларускай АЭС. Вы зацягнулі гэты праект, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У рэшце рэшт, з кім вы будзеце будаваць — мяне ўжо сёння гэта мала цікавіць: кітайцы, карэйцы, французы, расіяне. Але работу трэба пачынаць". Трэба зменшыць узровень выкарыстання прыроднага газу, ствараючы электрастанцыі на вугалі, мясцовых відах паліва і аднаўляльных крыніцах энергіі. "У галіне энергазберажэння стратэгічная мэта — знізіць энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту на 50 працэнтаў адносна ўзроўню 2005 года і давесці долю мясцовых відаў паліва да 30 працэнтаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў Беларусі не так ужо і шмат такіх відаў паліва, напрыклад, драўніны. "Калі мы бяздумна будзем будаваць станцыі на мясцовых відах паліва, то ў нас можа не хапіць паліва. Таму трэба сур'ёзна абмеркаваць гэта пытанне. Пад кожную электрастанцыю павінна быць вызначана свая сыравінная зона". Пры гэтым ён папярэдзіў, што адсутнасць бюджэтных грошай не павінна быць падставай для зрыву рэалізуемых праграм. "Прыцягвайце замежныя інвестыцыі, аптымізуйце бягучыя расходы па ажыццяўляемых праектах", — даручыў кіраўнік дзяржавы. "Міністру энергетыкі Аляксандру Азярцу ў мяне ёсць пажаданне — не хавайцеся за спінай у начальнікаў. Едзьце ў Мінэнерга Расіі, "Газпрам" і дамаўляйцеся. На палітычным узроўні ўсе пытанні вырашаны, асноўныя пагадненні падпісаны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра. — Таму фарміраванне цэн на газ, умоў імпарту, экспарту электраэнергіі — за вамі". Паводле слоў Прэзідэнта, сёння пытанні ўстойлівага забеспячэння краіны электраэнергіяй, цяплом і прыродным газам пры скарачэнні спажывання імпартуемых паліўна-энергетычных рэсурсаў і энергазберажэнні набылі асаблівую актуальнасць. Ад МЗС Аляксандр Лукашэнка патрабуе пастаяннага пошуку "ўплывовых верхаводаў бізнэсу сусветнага ўзроўню". "Для гэтага неабходна ў найкарацейшы тэрмін правесці рэвізію ўсіх зваротаў прыватных інвестараў, стварыць базу даных і забяспечыць суправаджэнне і кансультацыі інвестараў па ўсім спектры пытанняў ад стварэння да функцыянавання вытворчасці". Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўжо ў гэтым годзе ў краіну трэба прыцягнуць больш як $6 млрд прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Звяртаючыся да кіраўніка МЗС Сяргея Мартынава, ён адзначыў: "Эфектыўная рэалізацыя прынцыпу шматвектарнасці нашай знешняй палітыкі патрабуе ад нас больш збалансаванай работы на міжнароднай арэне. Так, сёння ў нас ёсць добрыя, але, на жаль, нешматлікія прыклады асваення новых рынкаў. Па-сапраўднаму магутнае ўзаемадзеянне склалася з Венесуэлай і Кітаем. Аднак гэтага мала". Цяпер трэба замацоўвацца і ў эканамічнай сферы, знаходзіць новыя рынкі для нашай прадукцыі. Прычым гэта работа павінна праводзіцца не на шкоду правераным ужо традыцыйным гандлёва-эканамічным партнёрам. Любыя перакосы тут недапушчальныя, лічыць Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, паглыбіўшыся ў фарміраванне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, крыху выпусцілі з-пад увагі Саюзную дзяржаву. У гэтым інтэграцыйным аб'яднанні напрацаваны ўнікальны запас ідэй, вопыту, эканамічных і тэхналагічных сувязяў, карыснасць і перспектыўнасць якіх бясспрэчныя. "Эканамічны эфект ад прамога супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі лёгка заслоніць любыя гандлёвыя абароты з далёкім замежжам". Акрамя таго, Беларусь своечасова не падцягнула да сур'ёзнага ўзроўню гандлёва-эканамічныя сувязі ў Еўрасаюзе. "Таму ваша задача тут, Сяргей Мікалаевіч, — пастаянны пошук сур'ёзных уплывовых верхаводаў бізнэсу сусветнага ўзроўню з шырокімі кантактамі і вагой ва ўрадавых кругах. Вы літаральна за руку павінны весці іх сюды. Бо нам ёсць што ім прапанаваць". "Неабходна памятаць яшчэ адзін важны момант. Усе дамоўленасці, якія дасягаюцца на сустрэчах кіраўніка дзяржавы з аўтарытэтнымі прадстаўнікамі замежных дзелавых колаў, павінны няўхільна выконвацца. Бо кожная такая сустрэча не толькі мае эканамічны эфект, але і станоўча ўплывае на палітычныя адносіны з той ці іншай дзяржавай. Таму зрываў дамоўленасцяў на больш нізкім узроўні быць не павінна". Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў рэальнага спрашчэння адміністравання і зніжэння падатковай нагрузкі, адзначыўшы, што па падаткаабкладанні да гэтага часу краіна знаходзіцца на апошнім месцы ў сістэме міжнародных рэйтынгаў, хоць па пытаннях зніжэння падатковай нагрузкі і спрашчэння падатковага адміністравання прынята нямала рашэнняў. "Настойліва рэкамендую больш актыўна ўключыцца ў работу, у тым ліку і з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Спрашчэнне адміністравання і зніжэнне падатковай нагрузкі павінны быць рэальнымі!" — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра па падатках і зборах Уладзіміра Палуяна. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на наяўнасць у гэтай сістэме праблем, пачынаючы з карупцыйных праяў і заканчваючы метадалагічнымі пытаннямі. Акрамя таго, ён запатрабаваў вырашыць усе набалелыя праблемы ў будаўнічай галіне. Такую задачу ён паставіў перад міністрам архітэктуры і будаўніцтва Анатолем Нічкасавым. Сярод найбольш праблемных пытанняў у гэтай сферы Прэзідэнт назваў скарачэнне працягласці ўсіх этапаў будаўнічага цыкла, узмацненне адказнасці за выкананне дагаворных абавязацельстваў, узмацненне патрабаванняў да прыёмкі аб'ектаў і павелічэнне гарантыйных тэрмінаў іх эксплуатацыі. "Нам жыццёва неабходна забяспечыць дастойную якасць жылля і зніжэнне яго кошту". Прэзідэнт таксама паставіў задачу задзейнічаць патэнцыял будаўнічага комплексу ў нарошчванні экспарту будаўнічых матэрыялаў і паслуг. Звяртаючыся да міністра архітэктуры і будаўніцтва, Прэзідэнт нагадаў, што да канца першага паўгоддзя павінны быць вырашаны ўсе пытанні па ўстараненні недахопаў за кошт будаўнічых арганізацый у новым здадзеным жыллі. Што датычыцца жыллёва-камунальнай сістэмы, то Аляксандр Лукашэнка не гатовы перадаць яе ў веданне Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. "Я яшчэ не гатовы жыллёва-камунальную сістэму перадаць у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, — сказаў ён. — Дзе больш за ўсё скаргаў? У будаўніцтве і камунальнай гаспадарцы. Дык што мы робім?" Прэзідэнт прапанаваў яшчэ раз прынцыпова падумаць над гэтым пытаннем. Паводле яго слоў, гэта датычыцца абсалютна ўсіх галін, і, у прыватнасці, пытання аб магчымым зліцці Міністэрства па падатках і зборах і Мінфіна. "Давайце не будзем спяшацца. У нас не такія буйныя міністэрствы, не так многа там людзей, а наламаць дроў можам", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Памятайце, што ўсе размовы аб ліквідацыі міністэрстваў адбываюцца толькі з-за адсутнасці здавальняючых вынікаў іх дзейнасці". Беларускі лідар адзначыў, што "цэнтр цяжару работы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы павінен быць перанесены на губернатараў, старшынь раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў". "Іх трэба загрузіць. Уся работа павінна быць там. Міністр жа павінен быць кантралёрам ад урада ў гэтай сферы". Звяртаючыся да новага намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Калініна, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яму дастаўся адзін з самых складаных участкаў работы: курыраванне пытанняў развіцця будаўнічага комплексу, сувязі і інфарматызацыі, транспарту і камунікацый, жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў, што жыллёва-камунальная гаспадарка павінна забяспечваць камфортныя ўмовы пражывання для грамадзян. Паводле яго слоў, галоўнае тут — зніжэнне затрат, своечасовае і якаснае прадастаўленне паслуг, а таксама надзейная работа сістэм жыццезабеспячэння галіны. "Задачы відавочныя, і для іх вырашэння не патрабуецца значных намаганняў. Дастаткова навесці элементарны парадак". Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў развіваць транспартную інфраструктуру і павышаць якасць абслугоўвання пасажыраў і грузаперавозчыкаў. Такую задачу ён паставіў перад міністрам транспарту і камунікацый Іванам Шчэрбам. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь з'яўляецца транспартным калідорам паміж Еўропай і Расіяй, Украінай і краінамі Балтыі. Аднак да гэтага часу існуючы патэнцыял выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Ён звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнай работы над мадэрнізацыяй агульнаеўрапейскіх транспартных калідораў, што праходзяць праз Беларусь, павышэння тэхнічнага ўзроўню рэспубліканскіх аўтамабільных дарог. Што датычыцца чыгуначнага транспарту, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тут трэба будзе рэалізаваць вельмі сур'ёзныя праекты па развіцці гарадскіх, міжабласных і міжнародных скорасных перавозак пасажыраў транспартам агульнага карыстання. Беларускі лідар указаў на першарадную задачу на паветраным транспарце — няўхільнае забеспячэнне бяспекі палётаў. Таксама трэба больш актыўна працаваць над удасканаленнем інфраструктуры аэрапортаў і паляпшэннем іх загрузкі і прыцягненнем інвестараў. Пры гэтым ён прывёў прыклад: інвестары з Катара хочуць укладваць сродкі ў развіццё Брэсцкага аэрапорта. Звяртаючыся да міністра сувязі і інфарматызацыі Мікалая Панцялея, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што той ужо другое пяцігоддзе ўзначальвае адну з самых навукаёмістых і перспектыўных галін. "Быццам бы яна развіваецца, але не за кошт таго, што робіць міністэрства. Вы не ў авангардзе гэтага развіцця. Патэнцыял галіны поўнасцю не рэалізаваны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта датычыцца пытанняў якасці і даступнасці інтэрнэт-паслуг, прыёму лічбавага тэлебачання. У нас адны з самых высокіх на постсавецкай прасторы тарыфы на паслугі мабільнай сувязі ў роўмінгу". Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў выпрацаваць стратэгію развіцця структураўтваральных прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам". Перш за ўсё размова ідзе аб Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб'яднанні, акцыянерных таварыствах "Сукно", "Камволь", "Дываны Брэста", рэспубліканскім вытворчым унітарным прадпрыемстве "Віцебскі футравы камбінат". Звяртаючыся да першага намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашкі і старшыні канцэрна "Беллегпрам" Генадзя Вырко, Прэзідэнт сказаў: "Трэба будзе дакладна вызначыцца з далейшым развіццём гэтага вельмі праблемнага сектара эканомікі. Тут чатыры галоўныя галіны: тэкстыльная, швейная, трыкатажная і абутковая. І кожнай трэба будзе знайсці сваё месца на сусветным рынку". "Мы не можам канкурыраваць з таннымі кітайскімі і турэцкімі таварамі шырокага ўжытку. Наша ніша — добрая прадукцыя сярэдняга цэнавага сегмента", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Але відавочна, што яе немагчыма заняць без глыбокай тэхналагічнай мадэрнізацыі, укаранення сучасных тэхналогій у вытворчасць тэкстыльных і трыкатажных матэрыялаў. "Арыентуйцеся ў першую чаргу на мясцовую сыравіну: лён, скуру, валокны і ніці, што вырабляюцца ў рэспубліцы". Звяртаючыся да міністра гандлю Валянціна Чаканава, ён адзначыў, што ў цэнтры яго ўвагі таксама павінна быць дзейнасць па арганізацыі і функцыянаванні гандлёвых і аптовых лагістычных цэнтраў. "Галоўнае — не дапусціць хаосу ў іх стварэнні", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Беларускі лідар адзначыў, што ў арганізацыі ўнутранага гандлю патрэбны дакладныя і зразумелыя правілы работы. "Бо ў нас там столькі праблем, столькі правапарушэнняў, на якія мы проста закрываем вочы, у тым ліку і па цэнаўтварэнні. Бо гэту сферу нельга ўпускаць з-пад кантролю". "Сачыце за развіццём гандлёвых сетак у Беларусі. Мы не павінны дапусціць манапалізацыі на гэтым сегменце рынку". Прэзідэнт чакае таксама адчувальных вынікаў у рабоце па стварэнні беларускіх тавараправодных сетак за мяжой. Ён даручыў прэм'ер-міністру ўзяць на кантроль работу гэтага ведамства. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то яна, паводле слоў Прэзідэнта, павінна выйсці на самаакупнасць. Ён адзначыў, што за гады рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі, безумоўна, зроблена нямала, але не ўсё намечанае ўдалося выканаць. "Сельская гаспадарка яшчэ не выйшла на ўзровень самаакупнасці, тым больш на самафінансаванне", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, ёсць недапрацоўкі па асартыменце і якасці сельгаспрадукцыі, нарошчванні экспартнага патэнцыялу і асваенні новых рынкаў. Прэзідэнт лічыць, што новаму намесніку прэм'ер-міністра Валерыю Іванову і міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаілу Русаму пад сілу забяспечыць дасягненне сельскагаспадарчымі і перапрацоўчымі арганізацыямі ўстойлівага фінансавага стану за кошт нарошчвання да 2015 года выручкі больш як у 2 разы, прыбытку ад рэалізацыі — у 9 разоў і рэнтабельнасці продажаў да ўзроўню не менш як 11 працэнтаў. Таксама запланавана павелічэнне экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання да сумы больш як $7 млрд. "Прынцыпы прыватызацыі ў нас даўно вядомы. Патрабую іх няўхільнага выканання, — сказаў ён. — Але прашу не забываць, што інструмент прыватызацыі не павінен разглядацца як сродак латання дзірак. Для нас гэта перш за ўсё спосаб прыцягнення прамых інвестыцый у развіццё эканомікі". Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб неабходнасці правядзення работы па дзейсным уключэнні ў абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, а таксама эфектыўнай кропкавай прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці. "Я з вас буду патрабаваць у будучым годзе за тое, як задзейнічаны ўсе свабодныя магутнасці, вытворчыя і невытворчыя, у нашай краіне. Я гэта тры гады таму даручыў. Вось якраз паглядзім, што вы зрабілі ў гэтым напрамку. Вы павінны варушыць усіх знізу даверху, — сказаў Прэзідэнт. — Аддаць нават часам за бясцэнак. Але галоўнае, каб на кожным квадратным метры нявыкарыстаных плошчаў сёння выраблялася прадукцыя". Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на пытаннях знешняга гандлю, падкрэсліўшы, што тут па-ранейшаму важнейшай задачай з'яўляецца яго збалансаванасць. "За выкананне гэтай задачы адказныя ўсе — урад, Нацыянальны банк, вобласці, аж да кіраўніка канкрэтнага прадпрыемства", — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што па выніках 2010 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склала амаль $7,5 млрд. Толькі тавараў у краіну ўвезлі амаль на $10 млрд больш, чым вывезлі. "Задача на 2011 год — безумоўнае выкананне зацверджанага важнейшага параметра па сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Ураду неабходна забяспечыць значнае перавышэнне тэмпаў росту экспарту над імпартам". "Для зніжэння імпартаёмістасці неабходна прыняць вычарпальныя меры па павышэнні энергаэфектыўнасці і навядзенні парадку з матэрыялаёмістасцю, каб наблізіцца да ўзроўню развітых еўрапейскіх краін". У якасці яшчэ аднаго рэзерву для скарачэння адмоўнага сальда Аляксандр Лукашэнка назваў экспарт паслуг, які неабходна актыўна нарошчваць. Прэзідэнт лічыць, што наймальнікі або ўласнікі самі павінны выбіраць найбольш эфектыўную сістэму аплаты працы сваіх работнікаў. "Для недзяржаўных, прыватных прадпрыемстваў павінны быць зняты ўсе адміністрацыйныя бар'еры і абмежаванні па аплаце высокапрадукцыйнай і эфектыўнай працы. Зарабіў, разлічыўся з бюджэтам — астатняе размяркоўвай, як лічыш патрэбным. Гэты вопыт трэба пераносіць і на дзяржпрадпрыемствы, каб яны былі ў аднолькавых умовах. Вызначайце ім дадатковую нагрузку і дадатковыя правілы гульні, паколькі яны дзяржпрадпрыемствы". Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне выканалі ўзятае на трэцім Усебеларускім народным сходзе абавязацельства давесці сярэднюю заработную плату па рэспубліцы да канца 2010 года да $500. "Пры гэтым не дапушчана значная дыферэнцыяцыя даходаў грамадзян. Вы гэта павінны кантраляваць. Гэта святы паказчык". "Цяпер мы павінны адкрыта і сумленна сказаць людзям, што далейшы рост якасці іх жыцця, іх заработак будзе залежаць ад асабістай працы і прадпрымальнасці". Паводле яго слоў, задача ўрада — стварыць для ўсіх жадаючых працаваць умовы і магчымасці зарабляць сродкі для забеспячэння дастойнага ўзроўню жыцця для сябе і сваёй сям'і. Разам з пытаннямі матывацыі працы асаблівую ўвагу, на думку Прэзідэнта, варта ўдзяліць эканамічна эфектыўнай занятасці людзей. "Не сакрэт, што для некаторых нашых прадпрыемстваў, перш за ўсё прамысловых флагманаў, характэрна наяўнасць залішняй рабочай сілы. Ва ўмовах мадэрнізацыі вытворчасці гэта праблема будзе набываць асаблівую актуальнасць". Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад усіх членаў урада пры рэалізацыі планаў тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемстваў праводзіць сацыяльна адказную мадэрнізацыю вытворчасці. "У гэтай рабоце павінны ўдзельнічаць і міністр, і кіраўнік мясцовай выканаўчай улады, і кіраўнік мадэрнізуемага прадпрыемства, — сказаў ён. — Мы не павінны раскідвацца рабочымі кадрамі. Гэта адно з нашых галоўных багаццяў. Ніводны работнік у працаздольным узросце, які падлягае вызваленню, не павінен апынуцца на вуліцы". Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць больш адказнага падыходу да праблемы вытворчага траўматызму. "Час выкараніць практыку фармальных адносін да выканання сваіх службовых абавязкаў спецыялістамі па ахове працы на прадпрыемствах. Патрэбна канкрэтная работа па прадухіленні няшчасных выпадкаў на вытворчасці", — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў, што нельга дапусціць паўтарэння сітуацыі, якая мела месца ў мінулым годзе ў Пінску. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што здароўе нацыі — галоўны прыярытэт у дзяржаўнай палітыцы. Прэзідэнт лічыць неабходным павысіць адказнасць медработнікаў за якасць аказання медыцынскіх паслуг і карэнным чынам змяніць адносіны да пацыента. Ён нагадаў, што за апошнія пяць гадоў у краіне значна ўмацавана база аховы здароўя, аднак ёсць і праблемы. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта, перш за ўсё, паліклінікі і ўкамплектаванасць урачамі. "Маса скаргаў з боку грамадзян на чэргі, адносіны медперсаналу, што недапушчальна. Зразумела, перагружанасць і іншае. Але калі ўрач не лечыць словам, гэта таксама не ўрач", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу міністра аховы здароўя, што да 2015 года неабходна поўнасцю вырашыць усе праблемы забяспечанасці ўрачамі-спецыялістамі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў таксама ўвагу на развіццё сучаснай фармацыі, вытворчасці лякарстваў новых пакаленняў. "Неабходны прарыўныя напрамкі на аснове самых смелых ідэй, уласных навуковых праектаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, нагадаўшы, што ў Беларусі пастаўлена задача да 2015 года давесці долю айчынных лякарстваў у агульным аб'ёме спажывання на ўнутраным рынку да 50 працэнтаў. Што датычыцца сферы адукацыі, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тут час перманентных рэформ мінуў. "Сёння патрэбна штодзённая, карпатлівая работа па ўдасканаленні ключавых напрамкаў нацыянальнай адукацыйнай сістэмы", — сказаў ён, адзначыўшы, што менавіта гэтага чакае ад новага міністра адукацыі Сяргея Маскевіча. "Галоўнае, чаго мы не павінны ўпусціць, — гэта ўплыў на моладзь, фарміраванне ў яе канструктыўнага светапогляду. Прыярытэтам у дзейнасці ўсіх устаноў адукацыі — ад дзіцячага сада да ВНУ — павінна стаць работа па выхаванні патрыётаў, дастойных грамадзян Айчыны". Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння поўнага задавальнення патрэбнасцяў грамадства ў паслугах дашкольных устаноў. Паводле яго слоў, для гэтага трэба не толькі пабудаваць сотню дзіцячых садоў, але і стварыць у іх сучасныя, камфортныя ўмовы для дзяцей. "У новай пяцігодцы неабходна правесці ўпарадкаванне сеткі ўстаноў адукацыі, а таксама аптымізаваць структуру і аб'ёмы падрыхтоўкі кадраў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на існуючы перакос у бок вышэйшай адукацыі. Так, у мінулым годзе ў навучальныя ўстановы прафтэхадукацыі было набрана 44 тыс. чалавек, а ў ВНУ — больш за 100 тыс. На 50 спецыяльнасцях не было конкурсу, засталіся вакантнымі больш за 200 бюджэтных месцаў. Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанні сферы культуры. На яго думку, гэта галіна сёння мае патрэбу ў мадэрнізацыі, прытоку новых сіл, творчых і кіраўніцкіх ідэй. Ён нагадаў, што толькі за апошнюю пяцігодку амаль Br600 млрд было ўкладзена ў рэстаўрацыю помнікаў культуры, аднак належнай аддачы ад гэтых аб'ектаў краіна не мае. Гаворачы аб развіцці інфармацыйнай сферы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць вываду на якасна новы ўзровень газет, часопісаў, тэле- і радыёвяшчання. "Неабходна правесці аптымізацыю сістэмы дзяржаўных перыядычных выданняў, выключыць выпуск непапулярных газет і часопісаў, якія дубліруюць адзін аднаго". Паводле яго слоў, прадметам асаблівай увагі Міністэрства інфармацыі павінна стаць пашырэнне аб'ектыўнай інфармацыі аб Беларусі за мяжой з дапамогай тэлеканала "Беларусь-ТБ" і сеткі інтэрнэт. Прэзідэнт звярнуў увагу ўсіх прысутных і на пытанне дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату. "Нельга дапусціць, каб вырашэнне маштабных задач, якія стаяць перад эканомікай краіны, патанула ў кучы папер. Асобныя кіраўнікі, відаць, даўно не чыталі Дырэктыву № 2", — падкрэсліў ён. "Ва ўсіх звёнах кіравання неабходна пакінуць толькі тую службовую перапіску, без якой ніяк нельга абысціся. Астатняе выключыць. Перастаньце закідваць адзін аднаго паперамі!". На заканчэнне, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вы ведаеце, што рабіць. Пачынайце дзейнічаць. У вас "баявыя" віцэ-прэм'еры, 5 штыкоў, вы — шосты. Стаўце задачы і вырашайце іх. Трэба вам дадатковыя паўнамоцтвы — калі ласка, я гатовы на ўзровень урада перанесці шэраг паўнамоцтваў Прэзідэнта ў эканамічнай сферы або іншых, я не супраць, каб менш гэтай бюракратыі было. Ёсць Адміністрацыя Прэзідэнта, праз пэўныя структуры, памочнікаў я займуся кантролем. Прымайце рашэнні і дзейнічайце".