Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам фінальнага этапу Кубка свету па фрыстайле
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам фінальнага этапу Кубка свету па фрыстайле, які прымае Беларусь.
"Правядзенне ў рэспубліцы турніру такога ўзроўню — гэта яшчэ адно сведчанне аўтарытэту айчыннай школы фрыстайла, багатай на зорныя імёны і яркія перамогі, — гаворыцца ў прывітанні. — На зімовай Алімпіядзе ў Ванкуверы беларускі лыжны акрабат Аляксей Грышын узняўся на вышэйшую прыступку п'едэстала. Яшчэ адзін прадстаўнік нашай краіны — Антон Кушнір па выніках мінулага сезона заваяваў не толькі Малы Хрустальны глобус за перамогу ў розыгрышы Кубка свету, але і Вялікі трафей, стаўшы пераможцам агульнага заліку сярод фрыстайлістаў".
"У апошнія гады Беларусь як спартыўная дзяржава ўсё часцей прымае самыя прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы па многіх відах спорту. Пры гэтым удзельнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з нашай краінай, набыць новых сяброў у асобе беларускіх прыхільнікаў спорту", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў упэўненасць, што фінальны этап Кубка свету падорыць шмат незабыўных момантаў філіграннага майстэрства і натхніць моладзь на пакарэнне спартыўных вяршынь.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.