Баранавіцкае ВБА мае патрэбу ў глыбокай мадэрнізацыі
РУП "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне" мае патрэбу ў глыбокай мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні. Аб гэтым заявіў учора прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на праведзенай на базе гэтага прадпрыемства нарадзе з кіраўнікамі арганізацый канцэрна "Беллегпрам", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне на сёння з'яўляецца праблемным прадпрыемствам. Дзяржава на працягу шэрагу гадоў аказвала яму істотную падтрымку, аднак праблемы тут застаюцца, і яны вялікія.
"Але гэта своеасаблівае брэндавае прадпрыемства рэспублікі, гэта горадаўтваральнае аб'яднанне, і трэба прыняць усе меры, каб даць калектыву магчымасць эфектыўна працаваць, а прадпрыемству — паспяхова развівацца", — падкрэсліў кіраўнік урада.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што мэта сённяшняй нарады — выпрацаваць прапановы, з якімі выходзіць да Прэзідэнта, па стабілізацыі работы прадпрыемства, прычым не на кароткі перыяд часу, а стварыць умовы для доўгатэрміновага развіцця аб'яднання. Вядома, усё гэта звязана з немалым аб'ёмам інвестыцый, якія трэба будзе ўкласці ў мадэрнізацыю і перааснашчэнне Баранавіцкага ВБА.