Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 лютага разгледзеў кадравыя пытанні. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Кацярыніча Дзмітрыя Сцяпанавіча — міністрам прамысловасці;

Крупца Леаніда Фёдаравіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Бразілія;

Еўдачэнку Андрэя Аляксандравіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Еўрапейскім саюзе і Еўрапейскім супольніцтве па атамнай энергіі, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора па сумяшчальніцтве;

Садоху Валерыя Яўгенавіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Сацыялістычнай Рэспубліцы В'етнам;

Барсукова Аляксандра Пятровіча — начальнікам Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў;

Калечыца Сяргея Валер'евіча — членам Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

Ермаловіча Алега Вячаслававіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Іарданскім Хашыміцкім Каралеўстве і Ліванскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве;

Рыбака Віктара Васільевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Пакістан па сумяшчальніцтве;

Шастакова Яўгена Андрэевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Мальта па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Жыліна Ігара Фёдаравіча — старшынёй Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі;

Гур'янава Аляксандра Яўгенавіча — намеснікам міністра замежных спраў;

Авяр'янава Аляксандра Казіміравіча — дырэктарам Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў;

Худыка Андрэя Паўлавіча — намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама;

Астроўскага Аляксандра Мікалаевіча — старшынёй Лідскага райвыканкама;

Розума Мікалая Аркадзьевіча — старшынёй Воранаўскага райвыканкама;

Крахмальчыка Івана Іосіфавіча — старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама;

Маркевіча Анатоля Мечыслававіча — старшынёй Навагрудскага райвыканкама;

Замжыцкага Аляксандра Вячаслававіча — першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама;

Пазняка Аляксандра Рыгоравіча — старшынёй Полацкага гарвыканкама;

Казакевіча Васіля Міхайлавіча — намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання;

Кудасава Антона Эдмундавіча — намеснікам міністра эканомікі;

Сільвановіча Алега Ігаравіча — дырэктарам Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры;

Марціновіча Віктара Піліпавіча — намеснікам дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю;

Сіняка Ягора Сцяпанавіча — намеснікам дырэктара Дэпартамента — начальнікам папярэдняга расследавання Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю;

Барысёнка Сяргея Уладзіміравіча — генеральным дырэктарам дзяржаўнага знешнегандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Белспецзнештэхніка";

Саракавога Руслана Анатольевіча — генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Гомельскае ВА "Крышталь";

Шарака Аляксандра Віктаравіча — генеральным дырэктарам вытворча-гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белмедтэхніка";

Анкуду Сяргея Мікалаевіча — рэктарам установы адукацыі "Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж";

Гальпяровіча Максіма Навумавіча — галоўным рэдактарам часопіса "Беларускі гістарычны часопіс" рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Выдавецтва "Адукацыя і выхаванне";

Лузгіна Мікалая Уладзіміравіча — першым намеснікам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

Міхневіча Валянціна Уладзіміравіча — членам Гродзенскага аблвыканкама;

Зайчанку Мікалая Пятровіча — намеснікам генеральнага сакратара Еўразійскага эканамічнага супольніцтва;

Савянка Міхаіла Іванавіча — намеснікам начальніка дэпартамента фінансаў і бюджэтнай палітыкі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы;

Бамбізу Івана Міхайлавіча — намеснікам дзяржаўнага сакратара — членам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы;

Дзяйко Ганну Канстанцінаўну — намеснікам дзяржаўнага сакратара — членам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны павінны быць ініцыятыўнымі людзьмі, цвёрда адстойваць інтарэсы свайго раёна і насельніцтва.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб размове, якая адбылася напярэдадні і датычылася работы замежнага інвестара ў рэгіёнах. На думку Прэзідэнта, старшыні двух райвыканкамаў, дзе размешчаны прадпрыемствы інвестара, павінны былі больш актыўна адстойваць пазіцыю дзяржавы ў супрацоўніцтве з інвестарам і не самаўхіляцца ад гэтых пытанняў.

"Вы там, у гэтым раёне, не маўклівыя выканаўцы. Вы абавязаны абараняць свой участак работы, сваіх людзей, свой раён. Вы павінны дзейнічаць так, як гэта лепш для раёна і для краіны, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Без вас не павінна прымацца рашэнне. І калі людзі дзесьці абураныя, людзі перажываюць, скардзяцца Прэзідэнту, значыць, вы там павінны дняваць і начаваць, пакуль не вырашыцца пытанне, і ніхто не мае права памяняць ваш пункт гледжання. Так, губернатар можа аддаць вам каманду, прэм'ер-міністр — выконвайце, але давядзіце да Прэзідэнта сваю пазіцыю". Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што створаная сістэма ўлады дазваляе на працягу сутак праінфармаваць Прэзідэнта па любой праблеме.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Але вы павінны даводзіць сваю пазіцыю, абараняючы свой раён, сваіх людзей, куды вы накіраваны працаваць. Вы там — мае прадстаўнікі, вы — людзі, якія твар у твар сутыкаюцца з насельніцтвам. Не зрабілі — не гаварыце, што вы губернатару гаварылі і што вы выконвалі яго даручэнні, ацэнка будзе дадзена адпаведная".

"Вы павінны дакладна займаць сваю пазіцыю, вы на дзяржаўнай службе. Так, вы выконваеце, але павінны мець свой пункт гледжання. Вы можаце яго мяняць, калі вас пераканалі, — гэта ваша права, калі не, змагайцеся за свой пункт гледжання", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў новай пяцігодцы наперадзе напружаная работа. "Вы едзеце на перадавую. Выбары закончыліся, але гэта не значыць, што сёння можна спачываць на лаўрах. Сёння трэба працаваць яшчэ больш, чым учора", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён адзначыў, што ў гэты перыяд асаблівае значэнне набывае работа кіраўнікоў усіх рангаў. "Вы, пэўна, заўважылі, што я пастаянна ў гэтым годзе, у пачатку пяцігодкі пачынаю "падціскаць" кадры, мякка кажучы. Гэты ціск будзе працягвацца і надалей, у добрым сэнсе слова. Нам патрэбен вынік", — адзначыў Прэзідэнт.

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на сітуацыю ў сельскай гаспадарцы і падкрэсліў, што яе неабходна кардынальна палепшыць.

"Наперадзе ў нас адказны перыяд. Нам трэба ў гэтым годзе ў рэшце рэшт рэальна, бачна пераламаць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. Трэба кардынальна палепшыць сітуацыю і з зямлёй, і з калектывамі, і аб'ёмамі вытворчасці, але самае галоўнае — рэнтабельнасць. Трэба прадаваць як мага даражэй вонкі, абараняючы сваё насельніцтва, у тым ліку не дапускаючы разбою ў цэнавым фактары", — заявіў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што ў раёнах жывуць небагатыя людзі, якіх трэба ўсяляк падтрымліваць.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў старшыняў райвыканкамаў аб недапушчэнні любых праяў карупцыі.

"Зрабіце ўсё, каб людзі сказалі, што Прэзідэнт накіраваў у раён вартых. Вы — "твар" Прэзідэнта, таму я так сур'ёзна падыходжу да гэтых пасад і асабліва не дарую, і тым больш дараваць не збіраюся карупцыйных праяў, змоў, падачак, хабараў і гэтак далей. Вось гэта выключыце цалкам. Даравання не будзе!" — адзначыў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да прызначаных кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой, Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць нарошчвання экспарту беларускіх тавараў.

"Знешні гандаль слабы, практычная дзейнасць — вось што мяне вельмі насцярожвае", — сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што мае на ўвазе не ў цэлым знешнеэканамічную дзейнасць, а менавіта гандаль.

"Палітыка і дыпламатыя — усё павінна быць накіравана на забеспячэнне гэтага кірунку", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на прызначэнне Паслом Беларусі ў Бразіліі Леаніда Крупца. На думку кіраўніка дзяржавы, ён менавіта той чалавек, які зоймецца канкрэтнай работай. Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць павелічэння паставак тэхнікі на вялізны бразільскі рынак, а ў далейшым шырокага выхаду і на рынкі іншых дзяржаў рэгіёна, у прыватнасці Чылі, Аргенціны.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра іншы, ужо вядомы беларусам рынак Лацінскай Амерыкі — Венесуэлу, і парэкамендаваў Леаніду Крупцу працаваць у поўным узаемадзеянні з Паслом Беларусі ў Венесуэле. "Венесуэла — гэта наш плацдарм", — адзначыў Прэзідэнт.

"Тут павінны быць вялікія, бачныя, адчувальныя перамены. І часу няма", — падкрэсліў Прэзідэнт.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў адзначыў, што частка прызначэнняў звязана з новымі і важнымі для Беларусі рынкамі і кірункамі работы па так званай далёкай дузе — гэта перш за ўсё Бразілія з каласальным рынкам і В'етнам.

Што датычыцца новага намесніка міністра замежных спраў, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта павінен быць прадпрымальны і ініцыятыўны кіраўнік. "Намеснік — гэта чалавек, які будзе "бегчы наперадзе" міністра. Я шчыра скажу, мяне не задавальняе той стан спраў, які склаўся ў Міністэрстве замежных спраў на першай лініі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я неяк не бачу ўпартай і настойлівай работы намеснікаў міністра. Прыйшоў час даваць вынік".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Сяргея Мартынава, ці такі чалавек прызначаецца на гэтую пасаду, на што міністр пацвердзіў поўную перакананасць у правільнасці прызначэння. Паводле яго слоў, Аляксандр Гур'янаў добра праявіў сябе на папярэднім месцы працы менавіта з такой пазіцыі.

Прызначаючы новага міністра прамысловасці, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мяне падкупляе больш за ўсё тое, што вы прайшлі ўсе прыступкі працы на вытворчасці. Чалавек, які пачынаў майстрам у цэху, добра ведае, чым дыхае рабочы".

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што сёння як ніколі патрэбныя новыя людзі знізу, якія добра ведаюць вытворчасць, "тыя, хто сваімі рукамі памацаў, хто менш балбоча на рыначныя тэмы, а больш робіць".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу новага міністра на шэраг прынцыповых патрабаванняў: гатоўнасць кіраўніка ключавога міністэрства краіны аргументавана адстойваць свой пункт гледжання, жорсткая дысцыпліна на вытворчасці, высокая якасць прадукцыі беларускай прамысловасці.

Узгадняючы прызначэнне новага старшыні канцэрна "Белнафтахім", кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу Ігара Жыліна на неабходнасць рэфармавання работы гэтай найважнейшай галіны, яе "асучаснівання" з пункту гледжання метадаў і формаў кіравання.

Прэзідэнт таксама зрабіў асаблівы акцэнт на патрабаванні да новага кіраўніка прынцыпова адстойваць сваю пазіцыю па пытаннях дзейнасці канцэрна.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Открытый задачник

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика