Санкцыі супраць Беларусі звычайна маюць зваротны эфект для іх ініцыятараў
Санкцыі, якія асобныя дзяржавы або група дзяржаў уводзяць у адносінах да Беларусі, звычайна маюць зваротны эфект для тых, хто ініцыіраваў іх увядзенне. Такую думку карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Мікалай Самасейка.
Каментуючы ўвядзенне санкцый з боку Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі, дэпутат падкрэсліў, што з такімі рашэннямі рэспубліцы даводзіцца сутыкацца ўжо не першы раз. Еўрапейскія структуры і раней выкарыстоўвалі метады санкцый і абмежаванняў у адносінах да Беларусі. "Верагодна, яны да гэтага часу да канца не ўсвядомілі бесперспектыўнасць і неэфектыўнасць такой палітыкі, бо практыка ўжо даказала, што звычайна санкцыі маюць зваротны эфект", — адзначыў Мікалай Самасейка.
Парламентарый лічыць, што прадстаўнікі Еўрасаюза выкарысталі падзеі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня "як прычыну для абвінавачання Беларусі ў недэмакратычнасці і для замоўчвання саміх вынікаў выбараў".