Аляксандр Лукашэнка прапануе распрацаваць сістэму аплаты працы вучонага за ўкаранёныя ў вытворчасць навуковыя распрацоўкі

Источник материала:  

Авалоданне новымі ведамі і тэхналогіямі ператвараецца ў важнейшую крыніцу сілы і незалежнасці Беларусі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня, уручаючы дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні Дня беларускай навукі ўручае дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара вучоным краіны, якія асабліва вызначыліся.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь выбрала інавацыйны шлях развіцця. "Інавацыі — гэта ідэі, памножаныя на сродкі. Але ідэя заўсёды першасная! А генератарам ідэй выступаеце менавіта вы", — сказаў ён, звяртаючыся да прысутных.

"Служэнне навуцы — гэта адно з самых узвышаных увасабленняў любві да Айчыны, бо з усіх народаў першым будзе заўсёды той, хто апярэдзіць іншыя ў галіне думкі і разумовай дзейнасці", — адзначыў Прэзідэнт.

"Перад намі стаіць задача — ад захавання перайсці да шматразовага прымнажэння набытага нацыянальнага багацця і духоўнага патэнцыялу, увайсці ў лік перадавых дзяржаў свету. Дынаміка прагрэсу ў першую чаргу будзе вызначацца навуковымі адкрыццямі, вынаходствамі і тымі перспектыўнымі распрацоўкамі, якія ствараюцца на іх аснове", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў рост прэстыжу вучонага і разам з тым яго ўсё большую адказнасць перад грамадствам. На яго думку, найбольш значныя сёння распрацоўкі ў галіне прыродазнаўчых навук, медыцыны, інфармацыйных і біятэхналогій, стварэння новых матэрыялаў. Менавіта з імі звязана будучае беларускай эканомікі. У новай пяцігодцы ў краіне плануецца ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці мець не менш як 20 працэнтаў інавацыйнай прадукцыі. "Перад вамі адкрываецца вельмі шырокае поле дзейнасці і, што яшчэ больш важна, магчымасці ўкаранення вашых адкрыццяў у практыку, вытворчасць", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў бачныя поспехі беларускай навукі і адукацыі, прыкметнае змяненне тэматыкі дысертацыйных работ у бок міждысцыплінарнасці і большай нацэленасці на практыку, але ў той жа час падкрэсліў, што дысертацыі павінны развіваць навуковыя веды і прыносіць рэальную карысць краіне, адпавядаць патрабаванням сучаснага жыцця.

"Нам неабходна рабіць усё магчымае, каб не дапусціць дэвальвацыі дыплома, выдадзенага Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Беларусі, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дзяржава робіць усё магчымае для падтрымкі вучоных. "Мы не дапускаем падзення ўзроўню нацыянальнай сістэмы адукацыі і якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Мы падтрымліваем і развіваем беларускія навуковыя школы і напрамкі. Маральна і матэрыяльна стымулюем лепшых даследчыкаў, чые распрацоўкі даюць значны эканамічны і сацыяльны эфект. Разумныя, таленавітыя людзі павінны мець магчымасць рэалізаваць сябе ў сваёй краіне!" — падкрэсліў беларускі лідар.

За мінулы год рады вядучых беларускіх вучоных і выкладчыкаў папоўнілі больш як 600 чалавек, 45 з іх сталі дактарамі. Званне прафесара або дацэнта атрымалі больш як 500 саіскальнікаў.

Аляксандр Лукашэнка выдзеліў працу доктара хімічных навук Ірыны Юрковай, вынікі даследавання якой сталі базай для прынцыпова новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння розных захворванняў, а таксама сталі асновай стварэння шэрагу новых медпрэпаратаў, якія запатэнтаваны і вырабляюцца ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама распрацоўкі доктара медыцынскіх навук Юрыя Часнова па кансервацыі біялагічных тканак для вырабу біяпратэзаў, якія выкарыстоўваюцца ў сардэчна-сасудзістай хірургіі. За два гады з дапамогай створаных біяпратэзаў выканана 650 аперацый па карэкцыі прыроджаных парокаў сэрца ў дзяцей усіх узростаў, у тым ліку нованароджаных. Гэта дало магчымасць павысіць эфектыўнасць аперацый, знізіць іх сабекошт і галоўнае — палепшыць якасць і працягласць жыцця соцень маленькіх пацыентаў.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што большай актуальнасцю і практычнай накіраванасцю сталі вызначацца дысертацыйныя работы па сацыяльных і гуманітарных навуках. У прыватнасці, ён адзначыў вынікі даследаванняў доктара эканамічных навук, прафесара Алены Давыдзенка, прысвечаныя пытанням знешнегандлёвай палітыкі, якія выкарыстоўваюцца Нацбанкам і Мінэканомікі. Прэзідэнт уручыў дыплом доктара сацыялагічных навук Алене Кучко, якая распрацавала спецыяльную сістэму менеджменту і маркетынгу інавацыйнага развіцця.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што навуковыя кадры гуманітарнага профілю ў многім фарміруюць ідэалогію дзяржавы.

Асабліва актуальнае на сучасным этапе, як перакананы Прэзідэнт, захаванне гістарычнай праўды: "Нельга дапускаць фальсіфікацыі ў гэтай сферы. Бясцэнны вопыт папярэдніх пакаленняў не можа падмяняцца пустымі выдумкамі". Рэальным павінен стаць эфектыўны ўдзел даследчыкаў у выпрацоўцы і рэалізацыі стратэгічных установак па ўмацаванні беларускай дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прысуджэнне вучоных ступеняў і званняў — гэта не толькі знак высокай ацэнкі работы вучоных, але і сур'ёзны аванс на перспектыву. "Мы ўскладаем на навуку вялікія надзеі. Верым у тое, што дзякуючы вам Беларусь зробіць магутны рывок у будучыню і выйдзе на перадавыя рубяжы прагрэсу", — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт уручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара 25 беларускім вучоным.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго прынцыповае патрабаванне заключаецца ў тым, што "дыплом доктара навук павінен выдавацца выключна таму, хто зрабіў адкрыццё". "Я доўга думаў над пярэчаннямі аб тым, што ў нас можа рэзка скараціцца колькасць вучоных. Не я сказаў вялікую думку пра тое, што лепш менш, ды лепей, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэтых людзей мы заўсёды зможам салідна падтрымаць, ведаючы аб тым, што яны прынеслі вялікую карысць грамадству і дзяржаве. Зрабіце ўсё для таго, каб з заўтрашняга дня ні адна доктарская дысертацыя не прайшла як апісанне чагосьці. Адкрыццё і яшчэ раз адкрыццё".

На думку Прэзідэнта, значныя патрабаванні павінны прад'яўляцца і да кандыдацкіх дысертацый. "Гэта падыход да таго адкрыцця, якое чалавек зробіць. Кандыдацкая дысертацыя павінна быць сур'ёзнай, саліднай, як першы крок да таго, што вы адкрыеце. У нас ёсць што адкрываць, і не толькі ў прыкладных дысцыплінах і навуках, але і ў гуманітарных, сацыялагічных і гэтак далей", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што дзяржаве патрэбны сапраўдныя вучоныя.

У будучай пяцігодцы навуцы будзе ўдзяляцца павышаная ўвага. "Трэба штосьці новае, што мы заўтра можам укараніць, прымяніць", — адзначыў Прэзідэнт, гаворачы аб патрабаваннях да навуковых работ.

У сваю чаргу, прадоўжыў беларускі лідар, вучоныя за сваю працу павінны атрымліваць адпаведнае ўзнагароджанне. "Гэтыя людзі могуць быць, калі сістэма нармальна працуе, багатымі людзьмі. Ну як так: вучоны не толькі ідэю падкінуў, але і яе развіў, мы ўкаранілі, атрымалі ў вытворчасці вялізныя дывідэнды, а вучоны ад гэтага нічога не мае?! Таму такіх вучоных трэба падтрымліваць, і не толькі — трэба стварыць сістэму такую і ў практыку ўвесці, каб ён зарабіў сваё", — сказаў Прэзідэнт.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што неабходны рух наперад: "Адстанем — нішто нам не дапаможа. Будзем на задворках, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы хочам быць дзяржавай, калі мы хочам быць народам, які жыве ў гэтай незалежнай дзяржаве, трэба дзейнічаць".

У цэлым размова Аляксандра Лукашэнкі з работнікамі навуковай сферы прадаўжалася больш як паўтары гадзіны. На заканчэнне ён яшчэ раз павіншаваў удзельнікаў урачыстага мерапрыемства з надыходзячым прафесійным святам — Днём беларускай навукі, і пажадаў атрымліваць ад адкрыццяў не толькі матэрыяльнае ўзнагароджанне, але і маральнае задавальненне.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Будем общаться как положено

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика