«СБ» «прапісала» агента «Навушніка» па няісным адрасе
Паводле інфармацыі «Советской Белорусии», знакаміты паводле фотаздымкаў правакатар, якога ў народзе празвалі «Навушнік», просты грамадзянін, які не мае нічога супольнага са спецслужбамі. «Хамічэнка Уладзімір Мікалаевіч, 1986 г. н., зарэгістраваны па адрасе г. Слуцк, вул. Урочышча Пупорава. У стане алкагольнага ап’янення непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, адзін з асноўных „хулиганствующих“ элементаў», — адзначана ў выданні.
Насамрэч вуліцы Урочышча Пупорава ў Слуцку не існуе. Гэта пацвярджаюць працаўнікі даведкі 109 «Белтэлекаму», а таксама каталог «Алфавітны спіс вуліцаў г. Слуцку» «Белпошты».Маюцца сведчанні затрыманых 19 снежня, якія знаходзіліся ў адной камеры з Уладзімірам Хамічэнкам. Так, Сяргей Г. распавёў у інтэрв’ю «Белсату» наступнае: «Нам гэты
„Навушнік“ распавядаў, што ён ужо шмат гадоў жыве ў Смаленску.І ў Беларусь прыехаў выключна, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю супраць улады ў дзень выбараў».
У фільме БТ «Плошча. Жалезам па шкле» прагучала, што Хамічэнка прыехаў у Менск з Слуцку «на запрашэнне БХД». Намеснік старшыні партыі Віталь Рымашэўскі аспрэчвае гэтую інфармацыю. «Сябрам партыі Уладзімір Хамічэнка не з’яўляецца. Сярод сябраў БХД не было ніводнага чалавека, які біў шкло на дзвярах Дому ўраду», — адзначыў ён у інтэрв’ю «Еўрарадыё».
паводле Белсата